Чаму Лябедзьку адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп

Вертыкаль Цэнтральнага раёга сталіцы адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Мінсканга гарадскога Савета старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Прычыны адмовы прадстаўнікі раённай адміністрацыі не паведамілі.



snimi_kandidaturu.jpg

Па словах лідара АГП, ён планаваў зарэгістраваць ініцыятыўныя групы ў чатырох акругах Цэнтральнага раёна Мінска. Але ў пятніцу яму патэлефанавалі з паведамленнем, што ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп адмоўлена, а таксама параілі прыехаць і забраць вынесенае рашэнне.
Як распавёў Анатоль Лябедзька НЧ, ён наогул не збіраўся вылучацца кандыдатам у сталічны гарсавет, і яшчэ ў мінулую нядзелю ў яго не было планаў рэгістраваць ініцыятыўныя групы. “Але пасля таго, як адбылася спецаперацыя з захопам і, фактычна, незаконная забарона мне збіраць подпісы, я быў вымушаны шукаць нейкія іншыя магчымасці”, - паведаміў палітык.
Адной з такіх магчымасцяў была рэгістрацыя ініцыятыўнай групы. “І гэта давала магчымасць зноў збіраць подпісы за адмену аўтапошліны і за адстаўку ўрада. Вось гэта была мая галоўная задача. Я думаю, што адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп была рэфлексіяй на такую пастаноўку задачы”, - мяркуе суразмоўца.
На думку Анатоля Лябедзькі, улада зараз імкнецца стварыць максімальныя праблемы і не даць магчымасці асабістых камунікацыяў асабіста яму і структурам АГП з людзьмі. “Магчымасць партыйнага вылучэння яшчэ застаецца, аднак вельмі важна было зараз выйсці да той жа самай Камароўкі і збіраць подпісы. Таму што пасля таго штрафу ў 600 долараў мне адкрыта сказалі, што мы цябе будзем, няхай і незаконнымі рашэннямі, але прэсінгаваць і не даваць магчымасці камунікаваць з людзьмі і збіраць подпісы”, - сказаў старшыня АГП.
Нагадаем, што выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў прызначаныя на 23 сакавіка бягучага году.