Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Лагвінца. Янукевіча «распалавінілі»
Лідэру Партыі БНФ Аляксею Янукевічу адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавету па месцы жыхарства ў Заводзкім раёне сталіцы.

Ва Убарэвіцкай выбарчай акрузе палітыку патлумачылі, што яго забракавалі на той падставе, што аналагічную заяву ён падаў у Першамайскім раёне, дзе знаходзіцца штаб-кватэра партыі. Гэта, маўляў,
супярэчыць новым нормам выбарчага заканадаўства. Спадар Янукевіч кажа, што і не збіраўся вылучацца кандыдатам у дэпутаты па двух акругах, проста меўся зарэгістраваць дзве ініцыятыўныя групы па зборы
подпісаў. Аднак аргумент пачуты не быў.
Паказальна, што, калі ўвечары Аляксей Янукевіч датэлефанаваўся ў Акадэмічную выбарчую акругу № 48 Першамайскага раёну, яму сказалі, што ініцыятыўная група зарэгістраваная і ўжо 18 студзеня ён можа
прыйсці па пасведчанне.
Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы намесніку старшыні руху «За Свабоду» Алесю Лагвінцу. Прычына аналагічная — заява на рэгістрацыю групаў у двух акругах —
Ясенінскай № 24 і Сухараўскай № 34.
Паводле спадара Лагвінца, калі раней можна было вылучацца па некалькіх акругах, то цяпер нават подпісы дазволена збіраць толькі па адной. На яго думку, змены ў Выбарчы кодэкс былі ініцыяваныя ўладамі пераважна дзеля таго, каб яшчэ больш звузіць магчымасці прэтэндэнтаў на працу з выбарцамі — збор подпісаў лічыцца самай ліберальнай часткай кампаніі, якую цяпер сур’ёзна фільтруюць.
Раней па такой жа прычыне ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў было адмоўлена старшыні Аб’яднанай грамадзянскай
партыі Анатолю Лябедзьку, які падаваў заявы для збору подпісаў адразу па чатырох акругах.
Мясцовыя выбары ў Беларусі запланаваныя на 23 сакавіка.