Беларусь — гэта Еўропа ці частка Расіі?

«Беларусы свой выбар зрабілі ў 2020 годзе. Слова за еўрапейскімі палітыкамі». Антон Матолька ў фэйсбуку разважае, чаму візавы бан і абмежаванні для беларусаў — гэта вельмі простая, але правальная для ўсяго рэгіёна тэндэнцыя.

fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__3__1_logo.jpg


Перадгісторыя

Яшчэ ў 2019 годзе, калі мы з iSANS ездзілі ў Вашынгтон і Брусэль і папярэджвалі аб небяспецы хацелак Пуціна аб «аднаўленні імперыі», адзін з пунктаў быў пад дзіўнай назвай — «каштоўнасць беларускага пашпарта».
Што ўкладвалася ў гэтыя словы? Калі вельмі коратка: беларусы павінны былі разумець, што мець беларускі пашпарт нашмат лепш, чым расійскі (а тым больш ДНР/ЛНР). Што да ўладальнікаў беларускіх пашпартоў добрае і адэкватнае стаўленне ў большасці краін свету, няма дадатковых абмежаванняў на вядзенне бізнесу, атрымання адукацыі або перасоўванняў. Апошняе — самае простае. Гэта значыць максімальныя візавыя паслабленні, а яшчэ лепш — бязвіз з ключавымі краінамі. У прыватнасці, ЗША, Канада, Вялікабрытанія і Еўрапейскі саюз.
Зразумела, што бязвіз — гэта складаная працэдура, якая патрабуе ўзаемнасці ў дыпламатыі (пры гэтым у нас, у Беларусі, ужо дэ-факта быў бязвіз для тых, хто прылятаў самалётам у Мінск).
Калі мы ездзілі c iSANS у Вашынгтон у сакавіку і траўні, а таксама ў Брусэль у чэрвені 2022 года, кантэкст быў зусім іншы. Мы не казалі фразу «Мы ж гаварылі», але ва ўсе нашы рэкамендацыі быў уключаны «анты-дыскрымінацыйны» блок. Ён уключаў ключавы пасыл:
«Беларусы не роўна расейцы, беларусы — гэта еўрапейская нацыя, якая не падтрымлівае вайну і жыве другі год ва "ўнутранай акупацыі". Беларусы ў 2020 годзе абралі новага прэзідэнта, якая асудзіла агрэсію Расіі і падтрымлівае Украіну і ўкраінцаў у іх барацьбе супраць захопнікаў».
І было тры ключавых рэкамендацыі ад нашай каманды:
1. Палёгку атрымання звычайных віз для захавання сувязі тых, хто ў Беларусі, з тымі, хто выехаў з 2020 года.2. Атрыманне адукацыі ў еўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтах, працяг навуковай дзейнасці для навукоўцаў і даследчыкаў.3. Не дыскрымінаваць бізнес, дзе ўладальнікі/уласнікі — людзі з беларускім грамадзянствам. Садзейнічаць вядзенню бізнесу тым, хто яго рэлакаваў з Беларусі пасля 2020 года, не блакаваць рахункі і т. п.
Калі падсумаваць — выводзіць беларускі пашпарт з чорнай і шэрай зоны і працаваць з ім, як са звычайным еўрапейскім.

Праблема з візамі

У Беларусі з 2020 года ёсць 2 асноўныя тыпы віз, якія атрымліваюць людзі:
1. Віза тыпу «С», якая лічыцца «турыстычнай». Не прадугледжвае працу ў іншых краінах або пастаяннае пражыванне. Можа выдавацца як на аднаразовы ўезд на тэрмін 5-15 дзён, так і на 5 гадоў, з максімальным тэрмінам знаходжання не больш за 90 дзён на працягу паўгода. Гэты тып віз ідэальна падыходзіць для кароткатэрміновых паездак, сустрэчы з сябрамі/сваякамі/калегамі і турызму.
2. Віза тыпу «D». Яны могуць быць навучальнымі, рабочымі (самыя частыя), але з 2020 года з'явілася новая фармулёўка: «гуманітарная віза». Іх сталі выдаваць тым беларусам, якім пагражаў арышт альбо нейкія рэпрэсіі ў Беларусі. І меркавалася, што людзі, якія падаюцца на гуманітарныя візы, пасля выезду з Беларусі не могуць туды вярнуцца (з-за рызыкі рэпрэсій) і далей легалізоўваюцца на тэрыторыі Еўрасаюза (атрымліваюць ВНЖ).
На жаль, з'явілася шмат нядобрасумленных людзей, якія падаваліся на гуманітарныя візы проста для таго, каб была магчымасць падарожжаў (памятаем пра ковід і што турыстычныя візы практычна не выдаваліся ў 2020-2021 гадах).
Чаму так адбывалася? Немагчымасць атрымаць звычайную турыстычную візу.
Добра, што так рабілі? Маё меркаванне — не, гэта парушала канцэпцыю гуманітарных віз, і тым, каму яны сапраўды былі патрэбныя (а часцей за ўсё яны патрэбныя былі на працягу сутак-трох максімум, каб паспець выехаць да арышту), трэба было чакаць даўжэй і падвяргаць сябе большай небяспецы.
Плюс нельга забываць аб дыпламатычных войнах і пра тое, што МЗС Макея скарачаў колькасць супрацоўнікаў у еўрапейскіх пасольствах і консульствах суседніх краін. Для разумення, у адной літоўскай амбасадзе цяпер працуе толькі адзін консул, а было больш за 15.

Што можна было зрабіць, каб выправіць сітуацыю?

Зрабіць бязвіз для тых, у каго беларускі пашпарт і хто не пад санкцыямі ЕС, ЗША і UK.
Зразумела — утопія ў існуючых рэаліях. Таму пяройдзем да другога пункта: палегчыць атрыманне віз і выдачу шэнгенскіх віз на 3-5 гадоў за правілам, а не выключэннем. Аналагічна пра візы ў ЗША (цяпер максімум на 1 год, расейцам пры гэтым — на 3 гады).
Што гэта дасць? Праз паўгода-год знізіцца нагрузка на консулаў і візавыя цэнтры, бо не трэба будзе зноў адкрываць візы тым, каму адкрывалі паўгода-год таму. За гуманітарнымі візамі будуць звяртацца тыя, каму пагражае небяспека ў Беларусі і якія будуць легалізоўвацца ў краінах ЕС пазней. Беларусы, якія хочуць заставацца ў Беларусі і працягваць нешта рабіць для змены сітуацыі, будуць ведаць, што яны заўсёды могуць сустрэцца з тымі, хто быў вымушаны выехаць і не можа вярнуцца. І не будзе такога разрыву паміж тымі, хто застаўся, і тымі, хто з'ехаў, пра які марыць рэжым Лукашэнкі, пастаянна нацкоўваючы людзей адно на аднаго (прывітанне «Радыё тысячы пагоркаў»).
І адно з самых ключавых — людзі ўнутры Беларусі не будуць бачыць у Еўропе «праціўнікаў еўрапейскага вектара развіцця», і Расія не будзе адзінай перспектывай для сотняў тысяч чалавек, якія будуць адрэзаныя ад магчымасці перамяшчэння па Еўропе/краінах Захаду.
Што абярэ Еўропа, і якая публічная пазіцыя будзе ў палітыкаў і міністраў бліжэйшых да Беларусі краін — паглядзім. Хацелася б пачуць: «Мы падтрымліваем спрашчэнне выдачы шматгадовых шэнгенскіх віз для беларусаў, беларусы — гэта не расейцы, і мы вас не пакінем сам-насам з Крамлём».
Зараз як ніколі патрэбна дапамога дыяспары для беларусаў у Беларусі. Нам усім нявыгадная будзе новая жалезная заслона на многія гады наперад.