
Як адзначыў вядомы беларускі праваабаронца, былы суддзя Канстытуцыйнага суду, доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў, цяперашні парламент краіны не можа лічыцца самастойным, легітымным і дэмакратычным.
Спадар Пастухоў звязвае адраджэнне незалежнага аднапалатнага парламенту праз аднаўленне дзейнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году і Вярхоўнага Савету XIV склікання, які з’яўляецца правапераемнікам апошняга легітымнага парламенту. На меркаванне юрыста, першым крокам на шляху стварэння новага парламенту можа стаць абнаўленне складу Цэнтарвыбаркаму і мясцовых выбарчых камісій. Адказы на ўзнятыя вышэй пытанні можа даць шырокі прадстаўнічы орган беларускага народу — усебеларускі сход, з’езд ці кангрэс, сказаў Міхаіл Пастухоў. На думку ўдзельнікаў сесіі, права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты павінны мець толькі палітычныя партыі і ініцыятыўныя групы грамадзянаў.
Міхаіл Пастухоў звярнуў увагу на тое, што новы парламент павінен быць прабеларускім па складу, мове і культуры, у ім маюць быць прадстаўленыя вядучыя палітычныя партыі і аўтарытэтныя асобы Беларусі, вышэйшы заканадаўчы і прадстаўнічы орган краіны павінен адрадзіць старажытныя нацыянальныя сімвалы беларускага народу, яго традыцыі і менталітэт. Удзельнікі сесіі мяркуюць, што дэпутаты парламенту могуць працаваць выключна на прафесійнай аснове, прычым іх заробак і пенсіі не павінны перавышаць сярэднія памеры заробкаў і пенсій па краіне.
Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1994-1996 гадах, заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб прапанаваў паступова перайсці ад мажарытарнай да прапарцыйнай выбарчай сістэмы, а таксама падтрымаў прапанову аб наданні права ўдзелу ў парламенцкіх выбарах выключна палітычным партыям і асобным грамадзянам шляхам збору подпісаў.
На думку вядомага беларускага гісторыка. палітыка і грамадскага дзеяча, старшыні ТБМ Алега Трусава, трэба зыходзіць з неабходнасці эвалюцыйнага шляху развіцця беларускага грамадства, бо крывавая рэвалюцыя прывядзе да вялікіх людскіх і эканамічных стратаў, іншаземнага ўмяшальніцтва краінаў-суседзяў, тэрытарыяльных стратаў і нават страты незалежнасці. А пачынаць эвалюцыю краіны шляхам структурных рэформаў неабходна з змены мадэлі беларускага парламенту, падкрэсліў спадар Трусаў.
На ягоную думку, на грунце рэзалюцыі сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць «За легітымны, дэмакратычны парламент» пасля яе дапрацоўкі і зацвярджэння можа адбыцца кансалідацыя дэмакратычных сілаў краіны.
Старшыня ТБМ прапанаваў накіраваць рэзалюцыю сесіі ўсім дэмакратычным структурам Беларусі — удзельнікам чарговых парламенцкіх выбараў. І калі ўсе дэмакратычныя прадстаўнікі гэтага выбарчага працэсу падпішуцца пад рэзалюцыяй сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць – гэта і будзе аб’яднанне апазіцыі, падкрэсліў Алег Трусаў.