Беларусы прынялі ўдзел у цырымоніі гадавіны вызвалення канцлагера «Маўтхаўзен»

Дыпламатаў ад Мінска на яе не запрасілі.

belorusy_mauthausen.jpg

У Аўстрыі прайшла памятная цырымонія 77-й гадавіны вызвалення канцлагера «Маўтхаўзен». Прадстаўнікоў пасольства Беларусі ў Аўстрыі на мерапрыемства не запрасілі. Але яны ўсклалі вянок да пачатку цырымоніі. У самім мерапрыемстве ад Беларусі ўдзельнічалі кіраўнік НАК Павел Латушка і прадстаўнікі Народных пасольстваў краіны ў Аўстрыі і Славеніі, а таксама беларускай дыяспары. Аб гэтым паведамілі прадстаўнікі Народнага пасольства Беларусі ў Аўстрыі і НАК.
Беларусы з бел-чырвона-белымі сцягамі ўсклалі вянок помніку ахвярам канцлагера. З 1939 года ў Маўтхаўзене ўтрымліваліся «асабліва небяспечныя для рэжыму» Германіі палітвязні.
Старшыня аўстрыйскага камітэта Маўтхаўзена Вілі Мерны ў размове з Паўлам Латушкам у сувязі з гэтым узгадаў пра палітвязняў у Беларусі. Ён адзначыў, што падтрымлівае беларусаў у барацьбе за свабоду, выказаў абурэнне арыштам сябраў незалежных прафсаюзаў і выказаўся за неадкладнае вызваленне палітвязняў у Беларусі. Пра гэта нам расказаў кіраўнік НАК.
Прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска і Масквы раней прасілі не прыязджаць на цырымонію. «Удзел абедзвюх краін быў бы несумяшчальны з клятвай вязняў Маўтхаўзена і іх імкненнем да міру і свабоды», — тлумачыў Вілі Мерні.
На што прадстаўнік беларускага МЗС Анатоль Глаз адказаў, што беларуская дэлегацыя ўсё роўна мае намер прысутнічаць на мерапрыемстве.
Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска сапраўды прыехалі ўшанаваць памяць ахвяр. Але мяркуючы па часе размяшчэння прэс-службай МЗС, зрабілі гэта да пачатку цырымоніі.
«Вянкі і кветкі ўскладзены да мемарыяльных дошак вязням-ураджэнцам Беларусі і шэрагу іншых краін, да помнікаў савецкім вязням канцлагера і Герою Савецкага Саюза, генерал-лейтэнанту інжынерных войскаў Карбышаву», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Нагадаем, з-за вайны ва Украіне фонд «Мемарыялы Бухенвальда і Мітэльбау-Дора» таксама папрасіў у гэтым годзе не прыязджаць афіцыйныя дэлегацыі Расіі і Беларусі на гадавіну вызвалення лагераў 10 красавіка. Рашэнне было прынята пасля таго, як у Харкаве загінуў ад расійскага снарада вязень Бухенвальда 96-гадовы Барыс Раманчанка.