Беларусь на апошнім месцы ў Індэксе свабоды медыя ва Усходнім партнёрстве

Напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасці журналістаў, які ў свеце адзначаецца 8 верасня, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) прэзентавала першы Індэкс свабоды медыя ў шасці краінах Усходняга партнёрства (УП). Як не сумна адзначаць, Беларусь у гэтым Індэксе сярод шасці краінаў-удзельніц УП заняла далёка не ганаровае апошняе месца. 



rejtynh_logo.jpg

Індэкс вызначае ступень захавання асноўных правоў і свабодаў журналістаў у азначаным рэгіёне. Ён падрыхтаваны міжнароднай праваабарончай арганізацыяй «Internews-Україна» пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. У кожнай з шасці краінаў УП – Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы ды Украіны былі апытаныя па дзесяць экспертаў, кожны з якіх адказаў на 55 пытанняў. 

Віншаванні рэпрэсаваным калегам


На пачатку прэс-канферэнцыі, якая адбылася 6 верасня, старшыня БАЖ Жанна Літвіна павіншавала прысутных, а таксама ўсе журналісцкія калектывы, усю журналісцкую супольнасць з надыходзячым Міжнародным днём салідарнасці журналістаў. 
«І сення, напярэдадні гэтага дня, мы свае словы салідарнасці, у першую чаргу, адрасуем сябрам БАЖ Паўлу Севярынцу, Алесю Бяляцкаму, а таксама Анджэю Пачобуту. Я хачу нагадаць, што два гады таму быў вынесены прысуд Анджэю Пачобуту, які быў абвінавачаны ў парушэнні артыкула 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп на прэзідэнта - заўв. Г. К.), было рашэнне суда, які прыгаварыў журналіста да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю на два гады. Бліжэйшым часам будзе перагляд гэтага прысуду, і проста карыстаючыся гэтай магчымасцю, я хачу заклікаць вас выказаць салідарнасць нашаму калегу Анджэю Пачобуту», — сказала кіраўніца БАЖ. 

На дне


Пасля гэтага Жанна Літвіна звярнулася непасрэдна на Індэкса. Паводле яе словаў, Індэкс ёсць асноваю для выпрацоўкі агульнай для краінаў Усходняга партнёрства палітыкі рэфармавання інфармацыйнай сферы. 
Індэкс фармаваўся па чатырох накірунках: палітыка, правапрымяняльная практыка, тэле- і радыёвяшчанне, інітэрнэт.  Паводле вынікаў Індэкса, краіны – удзельніцы УП размясціліся ў наступным парадку (чым вышэйшае месца, тым лепшае становішча з мас-медыя): Грузія – 194 балы (індэкс 6 з 7 магчымых), Малдова – 179 (6), Арменія – 177 (6), Украіна – 144 (5), Азербайджан – 43 (2) і Беларусь – 31 (2). 
Безумоўна, адзначыла старшыня БАЖ, «кожны няшчасны па-свойму, і нават у лідараў гэтага Індэксу – Грузіі і Малдовы – ёсць свае праблемы. Яны балючыя, але ўсё ж лягчэйшыя за нашы», – падкрэсліла выступоўца. 

Разнастайнасць індэксаў 


Па словах намесніка старшыні БАЖ, юрыста Андрэя Бастунца, ёсць шмат розных індэксаў, рэйтынгаў, якія складаюцца міжнароднымі структурамі, і ва ўсіх іх Беларусь апынаецца на апошніх месцах, прычым паміж Эрытрэяй і Паўночнай Карэяй. Але гэты рэйтынг адрозніваецца ад іншых тым, што яго складаюць эксперты з кожнай краіны.
«Гэта ўжо не вонкавы рэйтынг, але той, які складаўся ўнутры медыяэкспертамі з кожнай краіны, –  звярнуў увагу Бастунец. – Умовы ў розных краінах свету моцна адрозніваюцца, і чым большы індэкс, тым ён больш суб’ектыўны. А тут мы параўноўваем сітуацыю ў краінах, дзе адносна нядаўна існавала аднолькавая заканадаўчая база, і таму параўноўваць можна даволі адэкватна». 

bazh_logo.jpg


Жанна Літвіна і Андрэй Бастунец
Паводле прамоўцы, для яго было трохі дзіўна, што нават у блоку «Інтэрнэт і новыя медыя» Беларусь апынулася ў самым хвасце Індэкса. «Мы ўвесь час кажам, што ў нас інтэрнэт-сфера найбольш вольная, але, калі паглядзець, на якія пытанні адказвалі эксперты, усё стане на свае месцы: у іх пыталіся пра заканадаўства ў сферы інтэрнэта, пра выпадкі прыцягнення інтэрнэт-актывістаў да адказнасці, пра дзяржаўную манаполію ў сферы аказання інтэрнэт-паслугаў, пра блакаванне анлайнавых СМІ і гэтак далей»,  – адзначыў Андрэй Бастунец.  
Жанна Літвіна, адказваючы на пытанне пра сэнс гэтага Індэксу, звярнула ўвагу, што гэта не проста канстатаванне становішча краіны ў галіне свабоды мас-медыя, але і выпрацоўка экспертамі рэкамендацыяў да ўладаў дзеля паляпшэння сітуацыі.   

Прапановы экспертаў


— Унесці змены ў законы Рэспублікі Беларусь «Аб СМІ» (у прыватнасці , удакладніўшы і пашырыўшы паняцце «журналіст» і скараціўшы колькасць нагодаў, з якіх можа дапускацца ліквідацыя СМІ), «Аб дзяржаўных сакрэтах» (скараціць пералік падстаў для «засакрэчвання» інфармацыі, а таксама суб'ектаў, якія валодаюць паўнамоцтвамі па «засакрэчванні» інфармацыі). Прыняць закон аб доступе да інфармацыі. Адмяніць крымінальную адказнасць за паклёп.
— Зняць існуючую забарону на акрэдытацыю пры МЗС Беларусі ў якасці карэспандэнтаў замежных СМІ супрацоўнікаў беларускіх СМІ, якія маглі б працаваць па сумяшчальніцтве.
— У прынцыпе адмяніць існуючую забарону на супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі пры МЗС Беларусі.
— Прызнаць правы журналістаў-фрылансераў на прызнанне за імі статусу журналіста, іх права на збор і распаўсюд інфармацыі.
— Спыніць практыку затрыманняў і арыштаў журналістаў, спыніць пераслед журналістаў у судзе. Наглядным і кантрольным органам, што назіраюць за дзейнасцю сілавых ведамстваў, праводзіць дбайнае расследаванне абгрунтаванасці затрымання журналістаў.
Пры гэтым эксперты адзначаюць, што сёння сіл грамадзянскай супольнасці, у тым ліку незалежнай журналісцкай супольнасці, недастаткова, каб дамагацца ад уладаў саступак у галіне свабоды СМІ. Аднак некаторыя саступкі магчымыя, калі пачнецца пацяпленне стасункаў паміж Мінскам і Захадам. Тым не менш, патрабаванні павінныя гучаць ўжо цяпер.
— Перагледзець прэзідэнцкі ўказ № 60 аб рэгуляванні інтэрнэту. У прыватнасці , адмяніць непразрысты механізм складання чорных спісаў сайтаў, доступ да якіх блакуецца ў дзяржаўных арганізацыях, установах адукацыі і культуры.
— Распрацаваць нарматыўны прававы акт аб добраахвотнай дзяржаўнай рэгістрацыі інтэрнэт-сайтаў у якасці СМІ. Эксперты адзначаюць, што карэспандэнты інтэрнэт-СМІ не маюць па заканадаўстве статусу журналіста і знаходзяцца фактычна ў падполлі. 
Доступ да інфармацыі моцна абмежаваны ў параўнанні нават з недзяржаўнымі журналістамі, якія працуюць у зарэгістраваных СМІ. Па сутнасці інтэрнэт-журналісты падвяргаюцца прафесійнай дыскрымінацыі з боку дзяржаўных органаў улады. Прызнанне за інтэрнэт-рэсурсамі (па іх добраахвотных зваротах) статусу СМІ дасць інтэрнэт-журналістам права на прафесію.
— Ліквідаваць фактычную дзяржаўную манаполію на асноўныя СМІ, правесці раздзяржаўленне медыясферы, стварыць канкурэнтны медыярынак.
— Ураўняць расцэнкі на друк і распаўсюд для ўсіх СМІ незалежна ад іх формы ўласнасці.
Жанна Літвіна дадала, што падобны Індэкс свабоды медыя ў шасці краінах Усходняга партнёрства будзе публікавацца кожныя тры месяцы.