Больш за 800 беларускіх навукоўцаў падпісалі ліст у падтрымку звольненых з Акадэміі навук калег

Прадстаўнікі беларускай акадэмічнай навукі выказалі занепакоенасць шэрагам звальненняў з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук супрацоўнікаў, якія бяруць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны.

e1dcf5c7_14e5_4c91_843d_61da5a817cbf_w1023_r1_s.jpg


«Стала вядома аб непрацягненні кантрактаў цэлай групе высокакваліфікаваных навукоўцаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, якія найбольш актыўныя ў дзейнасці прафсаюзу, рэальна абараняючы правы супрацоўнікаў. Цяпер, калі дзейнасць прафсаюзаў прызнана дзяржавай як надзвычай важная, такі падыход выглядае дзіўным», — гаворыцца ў звароце, пад якім падпісаліся больш за 800 чалавек.

Падставай звароту стаў пераслед за грамадзянскую пазіцыю супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі і Інстытуту агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук, перадае Радыё Свабода.

Гэта кандыдаты гістарычных навук Мікалай Волкаў, Аляксей Шаланда, Кацярына Крывічаніна, кандыдат філалагічных навук Аляксандар Жлутка, навуковыя супрацоўнікі Андрэй Радаман, Тацяна Папоўская, Уладзімер Шыпіла, а таксама Сяргей Бесараб.

Асаблівую трывогу навукоўцаў выклікае тое, што некаторыя калегі атрымалі паведамленні аб непрацягненні кантрактаў неўзабаве пасля таго, як падрыхтавалі незалежныя экспертныя заключэнні ў пытаннях, што найбольш востра хвалююць беларускае грамадства.

Рэпрэсіі ў адносінах да прафесіяналаў, якія выконваюць свае непасрэдныя абавязкі, недапушчальныя, адзначаюць падпісанты. Тым больш, што ўсе пацярпелыя маюць высокую кваліфікацыю, мноства публікацый, патэнтаў, салідную рэпутацыю ў міжнароднай навуковай сферы.

Паводле навукоўцаў, фармальныя падставы звальнення супрацоўнікаў выклікаюць абгрунтаваныя сумненні, страта навуковых кадраў выкліча зніжэнне якасці даследаванняў у напрамках, якія развівалі гэтыя эксперты.

Апрача таго, абставіны падобных звальненняў кідаюць цень на рэпутацыю Акадэміі навук і яе інстытутаў, падрываюць давер да кіраўніцтва і ствараюць негатыўную працоўную атмасферу, пішуць аўтары звароту.

Навукоўцы заклікалі кіраўніцтва НАН і яе інстытутаў адмовіцца ад практыкі палітычна матываваных скарачэнняў і ціску і працягнуць кантракты беспадстаўна звольненым супрацоўнікам.