БРСМ выставіў беларускамоўнага кандыдата, які хадзіў на курсы Севярынца і раўняецца на Лукашэнку

У Дзяржынскай акрузе №71 пакуль што ў дэпутаты збіраюцца некалькі чалавек. Сярод іх лідар «Гавары праўду» Андрэй Дзітрыеў і старшыня Дзяржынскага раённага савета дэпутатаў Аляксандр Саракач.

yrnl.jpg

Але адметны і кандыдат ад БРСМ, 32-гадовы Кірыл Шык — ён першы сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ. Адметны тым, што размаўляе па-беларуску і прэтэндуе на тое, каб узбагаціць сабой наш бедны на нацыянальную мову парламент. «Наша Ніва» задала Кірылу некалькі пытанняў.
— Для чаго вылучаецеся?
— Для чаго? Вельмі правакатыўнае пытанне. Мне не ўсё роўна, што адбываецца. Мы павінны спрабаваць па-максімуму зрабіць добрых спраў.
— А што вам цяпер не падабаецца?
— Мы разважаем з пазіцый «падабаецца — не падабаецца». А я разважаю так: «Што асабіста я магу зрабіць добрага?». Як дэпутат у перспектыве, калі атрымаецца. Я разумею, што дэпутат мае заканадаўчую ўладу, закон — гэта аснова ўзяго. Дэпутат парламента можа ўплываць на многія працэсы. А дэталі праграмы сваёй я пакуль не хачу раскрываць, бо не пачалася агітацыя.
— А хто вы па палітычных поглядах?
— Я патрыёт Беларусі! Я не дзялю ні на левых, ні на правых. Мы ўвесь час перабольшваем значэнне поглядаў, погляд толькі адзін — гэта Беларусь. Купала гэта даўно сфармуляваў. У нас усе змяшаныя мадэлі, нідзе няма чыстай дэмакратыі, нават у Амерыцы!
— А ці праўду пра вас кажуць, што вы завітвалі на курсы «Дыджэяў адраджэння», якія вёў Павел Севярынец?
— Так, у студэнцкія гады я завітваў на такія курсы. Я шукаў беларушчыны, апазіцыянерам не быў. Для мяне палітычны аўтарытэт — Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт. Гэта калі гаварыць пра топавых палітыкаў. Канечне, ёсць іншыя, нават сярод дэпутатаў, але я не буду пералічваць, бо кагосьці забуду — пакрыўдзяцца. А так — Лукашэнка. Я раўняюся на лідараў.
— Вашая беларуская мова — будзеце, як што, у парламенце выступаць за пашырэнне ўжытку?
— Я супраць нейкіх радыкальных зрухаў, але калі чалавек ужо неяк падышоў да такіх поглядаў, то яго трэба падштурнуць. Зрэшты, сам я размаўляю даўно, я са школы думаю па-беларуску. Я беларус, мне так камфортна. І ніколі, нават у стасунках з высокімі чыноўнікамі, не адчуваў я да сябе негатыву. Часта пераходзяць на беларускую мову, кажуць, што разумеюць. Усе разумеюць, а я вось — і размаўляю. Мы ж прасоўваем мову і сваёй прысутнасцю.