Ханс-Герд Пётэрынг: Беларусь вернецца на шлях дэмакратыі

У Вільнюсе, дзе адзначаецца 20-годдзе дзейнасці ў Літве Фонда імя Конрада Адэнаўэра, прайшла сустрэча з журналістамі кіраўніка фонда, нядаўняга прэзідэнта Еўрапарламента прафесара Ханса-Герда Пётэрынга.



20131029_193004_logo.jpg

— Набліжаецца лістападаўскі саміт Усходняга партнёрства. Хто, на вашу думку, будзе прадстаўляць на ім Беларусь? Ці з’яўляецца ўвогуле Беларусь паўнавартасным удзельнікам Усходняга партнёрства?

— Вельмі важна, каб Еўрасаюз размаўляў яснаю і зразумелаю моваю, калі гаворка вядзецца пра дэмакратыю, свабоду і правы. І наша мова ў дачыненні да Беларусі, якая з’яўляецца дыктатураю, мусіць быць тым больш дакладнай. Наша мэта — каб Беларусь, спадзяюся, не ў вельмі аддаленай перспектыве стала дэмакратычнай краінай, дзе б панавала права.

Мы яшчэ некалькі гадоў таму вельмі спадзяваліся, што беларускае кіраўніцтва павернецца тварам да Еўрасаюза, стане на шлях дэмакратыі, але гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся. Тым не менш, у дачыненні да аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў варта выкарыстоўваць магчымасці двайной стратэгіі. Гэта азначае, што мусіць быць гатоўнасць да дыялога, але пры гэтым павінна быць ярка выражаная гатоўнасць адстойваць нашы каштоўнасці.

Калі на лістападаўскім саміце Усходняга партнёрства Беларусь будзе прадстаўлена афіцыйна, то я чакаю, што ўсе ўдзельнікі форума з боку Еўрасаюза зразумелаю моваю давядуць, што найперш павінны быць вызвалены ўсе палітычныя зняволеныя. А таксама тое, што пасля вызвалення ўсім палітзняволеным павінна быць прадстаўленая магчымасць для паўнавартаснага заняцця палітычнай дзейнасцю. Іншымі словамі, усе яны мусяць быць рэабілітаваныя.

Што тычыцца прадстаўніцтва Беларусі на саміце ў Вільнюсе, то я лічу проста неверагодным, каб туды прыехаў так званы прэзідэнт Беларусі. Я лічу, што была б дарэчная прысутнасць кагосьці з прадстаўнікоў урада.

— У беларускай апазіцыі існуюць супрацьлеглыя меркаванні наконт санкцыяў у дачыненні да высокапастаўленых чыноўнікаў ды бізнесоўцаў. Наколькі сёння санкцыі з’яўляюцца эфектыўнымі?

— Калі ўводзяцца санкцыі, яны ніякім чынам не мусяць негатыўна адбіцца на простых людзях. Але кіраўнікі рэжыму ні ў якім разе не павінны мець перавагаў у сваіх стасунках з Еўрасаюзам перад звычайнымі грамадзянамі, таму я выступаю за санкцыі ў дачыненні да лідараў рэжыму. Пакуль беларускі народ не жыве ў свабодзе, у дэмакратыі, у прававой дзяржаве, я лічу, што для вышэйшага кіраўніцтва не павінна існаваць свабоды ўезда на тэрыторыю Еўрасаюза.

— Некаторыя краіны, напрыклад, Славенія, час ад часу Латвія і Літва пад уціскам бізнэсструктураў, якія зацікаўленыя ў сумесных праектах з Беларуссю, выступаюць супраць унясення ў ''чорны спіс'' бізнэсменаў, блізкіх да рэжыма. Як вы ставіцеся да гэтага?

— Трэба разглядаць кожны канкрэтны выпадак. Для мяне асабіста дэмакратычныя каштоўнасці заўжды маюць пераважнае значэнне перад іншымі інтарэсамі. Калі нейкі прадпрымальнік у Беларусі шчыра падтрымлівае рэжым і дапамагае яму, то я б выступаў за санкцыі ў дачыненні да такога бізнесмена. Калі ж прадпрымальнік імкнецца вырвацца з абдымкаў Лукашэнкі, адысці ад палітыкі, то я б разглядаў такі выпадак зусім інакш.

— Існуе меркаванне, што санкцыі штурхаюць Беларусь у абдымкі Расіі. Вы з гэтым згодны?

— Беларусь сама павінна прымаць рашэнне, збліжацца з Еўрасаюзам ці з Масквой. Прынамсі яшчэ некалькі гадоў таму ў нас было спадзяванне, што рэжым адкрыецца ў бок ЕС, але гэтага не адбылося. Лукашэнка прыняў рашэнне далучыць краіну да пуцінскага праекта Еўразійскага эканамічнага саюза.

Але я спадзяюся, што прыйдзе час, калі дыктатара ўжо не будзе, і новы ўрад зразумее, што ў нас агульныя каштоўнасці — дэмакратыя, правы чалавека, прававая дзяржава, свабода. І тады Беларусь зможа па-новаму зарыентавацца. Я спадзяюся, што цяперашняе рашэнне дыктатара-гэта не навечна, і змены надыйдуць са знікненнем рэжыма.