Берагуць ці сцерагуць?
Здаецца, мінская міліцыя падчас саміта СНД і пасяджэння Еўразійскага эканамічнага савета недавыканала план. Інакш ніяк не патлумачыш тую істэрыю, якая прысутнічала ў «супрацоўнікаў у форме» 29 кастрычніка, падчас традыцыйнага памінання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Беларусі.
Тым больш, што 29 кастрычніка розныя грамадскія ініцыятывы і арганізацыі ўжо не першы год ладзяць своеасаблівы марафон па месцах расстрэлаў бязвінна асуджаных людзей у сталінскі час. Але, падаецца, такога супрацьстаяння не было ніколі.
Напачатку марафона, пасля таго як былі ўскладзеныя кветкі на магілы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Кальварыйскіх могілках, міліцыя затрымала 23 удзельнікаў акцыі, у тым ліку журналістаў і васьмігадовага хлопчыка. Усіх затрыманых даставілі ў актавую залу Фрунзенскага РУУС. Там удзельнікі акцыі ўчынілі сапраўдны дэбош: стоячы памаліліся за палітвязняў, затым выканалі «Магутны Божа» і сталі скандаваць: «Жыве Беларусь!».
Праз нейкі час усіх адпусцілі. Але на гэтым захопы не скончыліся. У сярэдзіне дня ізноў затрымалі журналістаў Аляксандра Баразенку і Марыю Арцыбашаву. Супрацоўнікі прэсы не спадабаліся тым, што рабілі на вуліцы відэапытанне. Іх таксама вызвалілі праз тры гадзіны.
Узнікае пытанне: што гэта было? Каму перашкаджалі людзі, якія ўскладаюць на могілках кветкі і там жа моляцца? Здаецца, гэта натуральны працэс, які можна пабачыць на любых могілках час ад часу. Навошта міліцыя так неадэкватна зрэагавала на такую звыклую ўжо падзею?
Ніякім чынам, акрамя як невыкананнем плана па затрыманых падчас саміта СНД, гэта патлумачыць немагчыма. Канешне, нашы апазіцыянеры не радыкальныя «зялёныя», але ж і саміт СНД — не «вялікая васьмёрка», каб ладзіць падчас яго радыкальныя акцыі супраціву. У выніку «недабор» па затрыманых «там» ператварыўся ў дзіўны перабор па затрыманых «тут». Нейкі закон захавання працы міліцыянтаў у дзеянні.
Дарэчы, міліцыя на гэтым тыдні нас не перастае радаваць. У Першамайскім і Фрунзенскім раёнах Мінска пачалі праводзіць цікавы эксперымент: нарады міліцыі нясуць службу ў грамадзянскай вопратцы.
Як расказаў першы намеснік камандзіра палка ППСМ ГУУС Мінгарвыканкама Віталь Нілаў, перавагі такога прыёму відавочныя. «Грамадзянскія» патрулі перарываюць куды больш правапарушэнняў, чым іх калегі ў форме. Увогуле, у людскім патоку яны не вылучаюцца, могуць наблізіцца да зламыснікаў ўшчыльную, прасачыць за імі, своечасова затрымаць.
Эксперымент распачаты па ініцыятыве Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС. Паводле Нілава, пакуль што не ўзнікла ніякіх канфліктных сітуацый. Калі такія супрацоўнікі падыходзілі да правапарушальнікаў, прад’яўляючы службовыя пасведчанні, тыя не пярэчылі і выконвалі ўсе патрабаванні праваахоўнікаў.
Што ж, калі эксперымент працягваецца паспяхова, трэба яго пашыраць. А давайце дазволім супрацоўнікам міліцыі патруляваць нейкія асаблівыя кропкі п’янымі! Напрыклад, у традыцыйных «распівачных» месцах каля аўтазавода альбо трактарнага. Яны нічым не будуць вылучацца сярод «адпачываючых» рабацяг, і таксама шмат правапарушэнняў здольныя выявіць! Можна надаць такім міліцыянтам права пагандляваць якім-небудзь «спайсам» ці іншымі наркотыкамі — выключна ў мэтах прафілактыкі правапарушэнняў. А тое бедны наркакантроль бегае за наркаманамі па ўсялякіх «хазах» — лепш хай наркошы самі прыходзяць да міліцыянтаў.
Шмат яшчэ чаго можна прыдумаць карыснага. Але варта адзначыць, што форму міліцыі і паліцыі прыдумалі не з бухты-барахты. Галоўная мэта формы — прадухіленне правапарушэнняў. А галоўная мэта «безформенасці», падаецца, — менавіта ў «выкананні плана» па затрыманнях правапарушальнікаў, што не адно і тое ж.
Між тым, менавіта за парушэнні правоў чалавека нас крытыкуюць у ЕС. На тыдні Еўрасаюз удакладніў спіс асобаў, якім забаронены ўезд у межы Еўрасаюза, і спіс прадпрыемстваў, да якіх дзейнічаюць санкцыі. Са спісу выпалі былыя суддзі, былыя старшыні выбарчых камісій абласнога ўзроўню, былыя пракуроры, былы міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч — усяго 13 асобаў. З санкцый выдалілі пяць кампаній Уладзіміра Пефціева: ААТ «Дзелавая сетка», ЗАТ «Сістэмы інвестыцый і інавацый», ПУП «Сен-Ко», ПУП «БТ Інвест», «Тэхнасаюзпрыбор». Сам Пефціеў, тым не менш, застаецца ў спісе невыязных пад нумарам 147. А застаюцца ў спісе кампаніі Юрыя Чыжа і 232 асобы. Дадалі ў спіс начальніка Бабруйскай папраўчай калоніі №2 Аляксандра Какуніна і яго намесніка Юрый Трутко, — у гэтай калоніі адбывае пакаранне праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Гэтая навіна засмучае перш за ўсё на фоне іншай, бо паралельна Генеральная асамблея ААН прагаласавала за рэзалюцыю аб адмене санкцый ЗША супраць Кубы. Канешне, Генасамблея прымае такія рэзалюцыі ўжо 22 гады, і ўсё беспаспяхова, але сам факт… Беларусь апынулася ў вачах сусветнай супольнасці горшая за Кубу. А нашы міліцыянты, у форме і без, яшчэ і пагаршаюць гэты імідж адвольнымі затрыманнямі.
А між тым, кантроль за грамадзянамі яшчэ і ўзмоцніцца! Беларускія ўлады дазволілі ахоўнікам метрапалітэна ў Мінску праводзіць асабісты дагляд пасажыраў, іх рэчаў і дакументаў. Адпаведная норма закладзеная ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі, які ўжо ўступіў у дзеянне.
Акрамя таго, гэты ж дакумент афіцыйна дазволіў ахоўнікам ваенізаванай аховы насіць спецыфічную асабістую зброю — электрашокер і балончык са слёзацёчным газам.
Застаецца толькі здагадвацца, каму наступнаму нададуць права сачыць за грамадзянамі і затрымліваць іх? Можа быць, прадавачкам крамаў? Альбо цырульнікам і веласіпедыстам? Чаму не? Чым яны адрозніваюцца ад аховы метрапалітэна альбо «міліцыі ў цывільным»?