Еўрасаюз прафінансаваў вывучэнне і захаванне традыцыйнай культуры ў Лідскім раёне

  Лідчына ўдзельнічае ў транспамежным праекце па адраджэнні народнай культуры. Праект “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах” рэалізуюць Беларусь, Літва, Латвія. Лідскі райвыканкам і Цэнтр культуры Тракайскага раёна Літвы сумесна працуюць у кірунках развіцця транспамежнага турызму, прэзентацыі культурнай спадчыны рэгіёнаў ЕС і ўмацавання культурных сувязей.



get_img_10_.jpg

Агульны бюджэт праекта — 165,8 тысяч еўра. Ад ЕС Лідскі раён атрымаў амаль 56 тысяч еўра, яшчэ 8,2 тысячы дадаў райвыканкам.  

У межах праекта ў Лідзе і Троках пройдзе 5 сумесных фальклорных фэстаў з кірмашамі традыцыйных рамёстваў і ўдзелам народных калектываў абодвух рэгіёнаў. Лідскія рамеснікі навучаць вучняў пяці літоўскіх школ майстэрству керамікі і выцінанцы. Літоўскія майстры правядуць з беларускімі дзецьмі заняткі па пляценні з лазы і фелтынгу (валянні). Дзеля збору гістарычнага матэрыялу і інфармацыі пра традыцыйныя рамёствы, святы, стравы рэгіянальнай кухні, вуснай народнай творчасці запланаваныя экспедыцыі ў аддаленыя раёны вёскі Лідчыны.

Па выніках двух экспедыцый ужо сабраныя матэрыялы пра беларускае традыцыйнае вяселле, ткацтва, вышыўку, традыцыі апрацоўкі льна і цацкі свісцёлкі.  

Праца ў межах праекта працягнецца да жніўня 2014 года. Тады ж у Літве пройдзе транспамежны фэст народнай творчасці і рамёстваў пад назвай “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах”. Вынікам праекта стане выданне буклетаў і DVD-дыскаў на беларускай, літоўскай і ангельскай мовах.  
 

www.t-styl.info