Ці будзе Наталля Качанава пераемніцай Лукашэнкі?

У інтэрнэце з’явілася версія, што кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка вызначыўся з магчымым пераемнікам. Ім апынулася спікер верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава.

kachanava.jpg

Палітолаг, эксперт па расійска-беларускіх адносінах Дзмітрый Балкунец распавёў, што за дама можа пайсці ў Мінску поперад бацькі.
— Наколькі рэалістычная такая версія?
— Гэта версія разглядаецца ўжо некаторы час. Для Лукашэнкі галоўнае — атрымаць гарантыі для сябе і сваёй сям’і ў выпадку сыходу, а Наталля Качанава, як жанчына, мабыць, выклікае ў яго больш даверу. Ёсць асаблівасць у аўтарытарных рэжымаў: пры змене ўлады пераемнікі імкнуцца расправіцца са сваімі былымі начальнікамі. Так было ва Ўкраіне, у Грузіі, ва Ўзбекістане, Кыргізстане. Таму праблема мірнага сыходу для іх актуальная як ні для каго.
Наколькі рэалістычна тое, што Лукашэнка вырашыць аддаць свае паўнамоцтвы Наталлі Качанавай, сказаць цяжка. Хутчэй не, чым так. Гэтая інтрыга будзе трымацца да апошняга моманту, ніхто гэта анансаваць не будзе. Але чуткі, што ён можа ўжо ў бліжэйшы час аб’явіць прэзідэнцкія выбары, існуюць.
— Што вядома аб меркаванай пераемніцы?
У яе вельмі станоўчая біяграфія, ніякіх скандалаў за ёй няма. 59 гадоў. Качанава — чалавек вельмі выканаўчы, мае вялікі досвед працы з «нафцянкай», бо працавала ва ўладзе ў горадзе, дзе развітая нафтавая прамысловасць, затым яна працавала віцэ-прэм’ерам, потым кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі. У апошні час працуе спікерам верхняй палаты парламента.
— Яна ўваходзіць у блізкае кола Лукашэнкі?
Менавіта ў апошнія месяцы яна ўвесь час ходзіць побач з Лукашэнкам, ездзіць з ім на сустрэчы, нарады, хоць гэта не прэрагатыва кіраўніка верхняй палаты парламента. Па выхадных яна ездзіць на нарады да Лукашэнкі наўпрост на хакейную пляцоўку, дзе ён трэніруецца: ён у хакейнай форме, а яна побач сядзіць, слухае яго даручэнні і навучанні. Гэта цікавы момант, таму што так блізка ён наогул рэдка каго падпускаў.
Нядаўна ў яго нават праскочыла фраза, што Качанава можа быць яго пераемніцай — ці то выпадкова, ці то свядома ён на гэта намякнуў...
Паведамлялася, што Качанава ўжо сустракалася з Валянцінай Мацвіенка.
Так, у пачатку сакавіка ў Мінску пабывала Мацвіенка. Яе сустракала Качанава, вадзіла на ўсякія мерапрыемствы, потым у іх была асабістая сустрэча. А затым у іх яшчэ прайшла сустрэча на траіх — Лукашэнка, Мацвіенка і Качанава. І былі такія ўкіды, што гэта, магчыма, прайшлі такія агледзіны.
Наталля Качанава папулярная ў рэспубліцы?
Не, яна малавядомая ў краіне. Але ў Беларусі кандыдата пры падтрымцы ўлады можна раскруціць за 2 месяцы.
Яна руская, можна адзначыць. Гэта з аднаго боку плюс, з другога — мінус.
Дарэчы, Качанава — той чалавек, якому Лукашэнка даручаў правесці канстытуцыйную рэформу, але пакуль праца не завершана. Па адным з праектаў, там з’яўляецца пост віцэ-прэзідэнта, на які Лукашэнка марыць паставіць свайго сына, каб у далейшым перадаць яму ўладу.
Што можна будзе чакаць ад Качанавай ў выпадку яе абрання?
Яна будзе, хутчэй за ўсё, такім ручным прэзідэнтам. Таму што ўвесь сілавы блок у Беларусі кантралюе сын Лукашэнкі. І ніхто ёй вялікага манеўру проста не дасць.
А для Расіі яна як?
Думаю, будзе цалкам камфортнай. Яна з рускай сям’і. З Мацвіенка яны, быццам бы, знайшлі агульную мову.
А акрамя яе яшчэ нейкія варыянты разглядаюцца?
— Так, ёсць яшчэ два варыянты.
Гэта Ўладзімір Макей, міністр замежных спраў, які, як лічыцца, падабаецца захаду. Але ў апошні час яго неяк адсунулі ад спраў, ён прысутнічае нават не на ўсіх нарадах.
І яшчэ адзін чалавек, які выклікае павагу і давер у Маскве — гэта прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Але яго лёс, мяркуючы па ўсім, прадвызначаны — Лукашэнка ўжо некалькі разоў заікаўся, што Румас можа адправіцца ў адстаўку. Магчыма, у Бацькі проста з’явілася нейкая рэўнасць, асцярогі, што Румас можа пайсці на прэзідэнцкія выбары як самастойная фігура. Але гэта наўрад ці, мала хто адважыцца ісці супраць Бацькі — былі выпадкі, калі такія рэчы заканчваліся турмой ці знікненнем. Таму Румас наўрад ці вырашыцца згуляць сваю гульню.
Паводле udf.by