Ці будзе новая Плошча?
Напярэдадні меркаванага падпісання дарожных картаў паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі Мінск ахапілі вулічныя пратэсты, кропка ў якіх яшчэ не пастаўленая.
У «жывы ланцуг» ад Белдзяржцырка да Галоўпаштамта, анансаваны 7 снежня грамадзянскай кампаніяй «Свежы вецер», злучыліся некалькі соцень беларусаў. На заклік сустаршыні аргкамітэту незарэгістраванай партыі БХД Паўла Севярынца выйсці ў гэты ж дзень на плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую) адгукнуліся не менш як 750, а то і 1000 чалавек. Як пазней прызнаўся сам палітык, ён думаў, што людзей збярэцца менш. Больш за тое: сам Севярынец меркаваў, што ён не трапіць на акцыю, паколькі напярэдадні яго судзілі за ўдзел у лістападаўскіх вулічных маршах, і палітык чакаў адпраўкі на суткі ў ізалятар на Акрэсціна.
Як ні дзіўна, і Севярынец застаўся на волі, і стыхійныя акцыі ў сталіцы ніхто не разганяў, хаця міліцыянты папярэджвалі пра тое, што яны не дазволеныя Мінгарвыканкамам. Але, відаць, беларускім уладам трэба было падчас перамоваў паказаць расійскаму кіраўніцтву карцінку: маўляў, глядзіце, беларускі народ супраць інтэграцыі, таму на прапанаваных умовах злучацца з Расіяй у саюзную дзяржаву не ўяўляецца магчымым. Хаця што гэта за ўмовы, беларускае грамадства не ведае, паколькі змест перамоваў і дарожных картаў трымаюцца ў сакрэце.
Пасля пяцігадзінных перамоваў 7 снежня, ні Лукашэнка, ні Пуцін не зрабілі заяваў для прэсы, а 8 снежня ніякіх пагадненняў так і не падпісалі. Больш за тое, як сцвярджаюць некаторыя крыніцы, кіраўнікі дзвюх краін сур’ёзна паспрачаліся.
Таму, хаця пратэстныя акцыі ў Мінску не дужа ўразілі маштабам, але звыклага расчаравання ва ўдзельнікаў не пакінулі. Бо, прынамсі, дэманстратыўную задачу яны дакладна выканалі, — а заадно паспрыялі адтэрміноўцы аншлюсу.
Шчыра здзівіла тое, што ў другі дзень народных хваляванняў, 8 снежня, на спантанна анансаваную тым жа Севярынцам акцыю выйшла амаль столькі ж людзей, колькі і ў папярэдні. І гэта стала яшчэ адным сігналам: беларускі народ гатовы бараніць сваю незалежнасць. Бо яна, як бы ні сцвярджаў адваротнае адзін вядомы палітык, проста так на галаву не звальваецца. І калі цяпер не прыкладаць высілкаў дзеля яе захавання, вярнуць яе назад пасля страты будзе амаль немагчыма. Асабліва яскрава мы гэта бачым па тым, як паводзіць сябе наш усходні сусед ва Украіне. Ён пляваць хацеў на міжнародныя пагадненні. І пакуль на Данбасе працягваюць гінуць украінскія вайскоўцы, абараняючы сваю зямлю, прадстаўнікі еўрапейскіх структур могуць толькі выказваць занепакоенасць.
Ёсць адчуванне, што, зважаючы на гэты досвед, беларуская дэмакратычная грамадскасць, якая ў мінулыя выходныя заявіла рашучы пратэст супраць інтэграцыі, яшчэ не да канца паказала свой патэнцыял. І гэта цалкам зразумела, бо, якія б чуткі ні хадзілі вакол саюзных дакументаў, рэальнай пагрозы ад іх пакуль ніхто ацаніць не можа. Цяпер адбываецца гэткае прамацванне глебы: нам укідваюць порцыі «зліваў» зместу дарожных карт — і глядзяць, як мы на іх адрэагуем. Але і беларус не такі просты, каб адразу раскрываць усе свае карты. Каб грамадскі супраціў паказаў сябе напоўніцу, павінна паўстаць сітуацыя, з якой не будзе іншага выйсця, акрамя змагання.
Ці складзецца такая сітуацыя падчас наступнай спробы перамоваў паміж Лукашэнкам і Пуціным, якая павінна адбыцца 20 снежня? Тут шмат залежыць ад таго, пад якім соусам пра вынікі гэтай сустрэчы паведамяць грамадству, а таксама ад дзеянняў беларускіх уладаў. Бо варта ўзгадаць, што, хоць дэманстрантаў 7 і 8 снежня не затрымлівалі, але да будынку расійскай амбасады сагналі кардоны амапаўцаў ды аўтобусаў з «касманаўтамі». Маўляў, вы сабе пратэстуйце, але ў любы момант спартовыя хлопцы гатовыя выканаць каманду па зачыстцы.
І яшчэ немалаважна, які сцэнар прапануе беларусам апазіцыя. Але тут прагнозы досыць аптымістычныя, бо той жа Павел Севярынец у сваім фэйсбуку паведаміў, што да планаванай акцыі 20 снежня прыкладуць руку не толькі палітыкі, але таксама творчыя людзі і блогеры. Таксама, каб захаваць і ўзмацніць энергію і натхненне ад апошніх пратэстаў, палітык прапанаваў усім ахвотным выказваць свае крэатыўныя ідэі правядзення маючага адбыцца мітынгу. Калі спантанны супраціў без уяўнага сцэнару здолеў сабраць тысячу чалавек, то ёсць верагоднасць, што на падрыхтаваную, хоць і ў сціслыя тэрміны, акцыю, збярэцца яшчэ больш беларусаў.
Увогуле, гэта стала ўжо традыцыяй беларуска-расійскіх адносін: напярэдадні кожнага Новага года праводзіць перамовы, якія трымаюць у напружанні ангажаванае ў палітычныя працэсы грамадства. І яшчэ адна традыцыя гістарычна склалася: усе самыя гарачыя грамадскія пратэсты ў Беларусі чамусьці прыпадаюць на самую халодную пару года. Узгадайма сакавіцкую Плошчу–2006 ці Плошчу–2010, якая разгарнулася ў снежаньскія маразы. Так што ні да пераднавагодніх «сюрпрызаў» ад кіраўніцтва «братняга народа» нам не прывыкаць, ні да неспрыяльных умоваў надвор’я падчас народнага супраціву. Дасць Бог, адновім яшчэ адзін добры беларускі звычай: адстойванне сваіх гонару і годнасці.