Ці пойдзе Сямён Шапіра ў прэзідэнты?

Увечары 24 мая прэс-служба кіраўніка Беларусі здзівіла паведамленнем: Сямён Шапіра вызвалены з пасады старшыні Мінаблвыканкама. Мы паспрабавалі разабрацца: што азначае яго адстаўка — закат кар'еры, або, наадварот, яе скоры ўзлёт?

Кадр з фільма "Рабінзоны Манцінсаары"

Кадр з фільма "Рабінзоны Манцінсаары"

Першы важны момант — звольнілі Шапіру "у сувязі з пераходам на іншую працу", але вось саму гэтую працу не назвалі. Аднак зусім нядаўна, 20 мая, Сямён Барысавіч быў абраны старшынёй Федэрацыі хакея. Адбылося гэта падчас пазачарговай справаздачна-выбарнай канферэнцыі ФХБ, калі Ігар Рачкоўскі абвясціў аб сваёй адстаўцы.

Уступіўшы ў пасаду, Шапіра адразу заявіў, што рэзкіх кадравых рашэнняў ад яго чакаць не варта, але паабяцаў, што прыкладзе "усе свае веды і намаганні, каб падняць беларускі хакей на больш высокі ўзровень".

Зразумела, што без указання галоўнага хакеіста Беларусі такое прызначэнне адбыцца не магло. Гэта значыць версія "трапіў у няласку" наўрад ці падыходзіць як прычына звальнення. Можна ўспомніць і тое, што нядаўна казала пра Сямёна Шапіру кіраўніца адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанова: "Такіх кіраўнікоў у краіне мала".

Цяпер пяройдзем да практычнай канспіралогіі. Прыкладна паўгода таму адзін з беларускіх палітыкаў, з якім я перыядычна маю зносіны, нечакана напісаў мне: "А ты ведаеш, што Сямён Шапіра будзе наступным прэм'ерам?" Гэта жа, у розных варыянтах, ён паведамляў мне яшчэ некалькі разоў. Тады я вырашыў, што гэта больш падобна на спробу "зліва" у прэсу ў рамках нейкі інтрыгі, — і не стаў развіваць тэму. Але ў галаве адклалася…

Цяпер становіцца зразумелым: узрост (55 гадоў, няшмат для службоўца такога ўзроўню), кар'ерныя ўздымы (міністр сельскай гаспадаркі, потым кіраўнік па чарзе двух абласцей) – усё паказвае на тое, што наступнымі этапамі ў кар'еры могуць стаць пасады прэм'ер-міністра і, нават, прэзідэнта. Балазе, у Шапіры хапае для гэтага і амбіцый, і досведу, і ўмення быць публічнай (медыйнай) асобай у краіне, дзе публічнасць службоўцаў зусім не вітаецца.

Датычна прэм'ерства – тут усё лагічна. Як "моцны гаспадарнік" Сямён Шапіра сябе ўжо цалкам зарэкамендаваў. Нарэшце, кіраваць Мінскай вобласцю (найбагацейшай у Беларусі) — нават больш складана, чым працаваць віцэ-прэм'ерам. А аб'ёмы кантралюемых грашовых струменяў, эканамічная значнасць — цалкам супастаўныя.

З прэзідэнцтвам усё складаней. Але давайце паспрабуем зразумець – ці можа Шапіра стаць "тым самым пераемнікам", пра якога палітолагі і журналісты разважаюць ужо гадоў дзесяць? Падаецца, што Сямён Шапіра — персанаж, які ў ролі другога прэзідэнта Беларусі мог бы задаволіць самыя розныя групы ўплыву. І трох братоў Лукашэнкаў, і паўміфічны "гарадзенскі клан", і арыентаваных на Маскву "моцных гаспадарнікаў" у буйной прамысловасці, і аграрнае лобі. Атрымліваецца цалкам кампрамісная постаць, якая дазволіць пазбегнуць "наменклатурных войн", практычна непазбежных, калі змяняецца азадак у галоўным крэсле краіны.

Вось толькі з дэмакратычным абраннем Сямёна Шапіры могуць паўстаць праблемы. Ён габрэй, і беларусы – пры ўсёй сваёй хвалёнай талерантнасці – могуць за яго не прагаласаваць. Талерантнасць талерантнасцю, а побытавы антысемітызм ніхто яшчэ не адмяняў.

Дарэчы, і Лукашэнка не аднойчы публічна паказваў Шапіры на яго нацыянальнасць, часам у жартаўлівай форме, часам — не вельмі. Але тут як раз і ўсплываюць змены ў канстытуцыі, якія Аляксандр Лукашэнка цьмяна анансаваў 7 кастрычніка мінулага года. Калі ў Асноўны закон унясуць змены, па якіх прэзідэнта будзе абіраць парламент, то зрабіць прэзідэнтам Сямёна Шапіру — будзе вельмі простай справай.

Сямён Шапіра біяграфія:

Нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Рэчань на Любаншчыне ў сям’і навукоўца-аграрніка. Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў у калгасах Дзяржынскага раёна, пасля ў структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі (1999-2004). Генеральны дырэктар агракамбіната «Дзяржынскі» (2004-2008), міністр сельскай гаспадаркі (2008-2010), старшыня Гродзенскага аблвыканкама (2010-2013), старшыня Мінскага аблвыканкама (2013-2017).

Доктар эканамічных навук. Дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу 5-га склікання, уваходзіць у Пастаянную камісію па эканоміцы, бюдэце ды фінансах. Жанаты, мае дачку і сына.