Чаго хацеў контрвыведнік з «Белорусии»?
«Бывае ідзеш юрыдычныя пытанні «Талакі»
высветліць, а трапляеш на сустрэчу з гэбнёй. Вось так было сёння», — напісаў
на сваёй старонцы ў фэйсбуку грамадскі актывіст і старшыня ГМКГА «Талака» Яўген
Меркіс. Пра
тое, што спатрэбілася КДБ, "Новаму Часу" распавёў сам
Яўген.
— Сёння мне трэба было ў аддзеле
дзяржрэгістрацыі юрыдычных асобаў высветліць шэраг пытанняў, звязаных са
справамі гомельскай «Талакі» і яе трыццатай гадавінай, што будзе ў гэтым годзе.
Але напрыканцы мне раптоўна сказалі, што са мной хоча паразмаўляць яшчэ адзін
чалавек у суседнім кабінеце.
Мужчына прадставіўся Аляксандрам і сказаў, яго цікавяць мэты дзейнасці «Талакі». На маё пытанне, ці ён з «гэбэ», ён прама адказаў “так”. Пры гэтым у яго перад носам ляжала тэчка з нашымі архіўнымі дакументамі аб дзейнасці арганізацыі, дзе нашы мэты прапісаныя вельмі дэталёва.
Я папрасіў выклікаць мяне афіцыйна па павестцы, на што ён сказаў, што наўрад ці зробіць гэта, і лепш удакладніць пару пытанняў адразу. Сваё пасведчанне пры гэтым ён паказваць адмовіўся, а нашу краіну ўвесь час называў «Белорусія».
Далей была няўцямная
балбатня пра «Абама развязвае войны і пад яго кіраўніцтвам гінуць людзі, тое ж
і з Феліксам Дзяржынскім, таму не трэба тут на нас гнаць». Альбо «людзям, якія
верна служаць дзяржаве, паставяць файныя надмагіллі і помнікі». Не ведаю, можа ў
яго мара і мэта ў дзейнасці такая — хутчэй уласнае надмагілле мець. Гэткая
пазнака прафесійнага гонару.
З кабінета ён мяне не выпускаў, а зрабіць з ім хаця б сэлфі не даваўся, толькі круціўся ўвесь час на зэдліку як чорт на патэльні.
Пасля розных беспаспяховых
спробаў дазнацца болей пра банальныя рэчы («а колькі год вы ў «Талацэ» і колькі
чалавек у арганізацыі? — У вас дакументы перад носам, вось і паглядзіце, там усё
афіцыйна ёсць») ён паведаміў, што наогул ён па лініі контрвыведкі, і яго
канкрэтна цікавяць два сябры нашай арганізацыі — вядомыя журналісты Ларыса
Шчыракова і Кастусь Жукоўскі. Я на ўсе пытанні, звязаныя з імі і іх дзейнасцю
адказаў, што калі іх цікаўлю не я і не «Талака», то сэнсу працягваць размову
няма.
— Ці працуюць Шчыракова і Жукоўскі на Белсат? — запытаўся контрвыведнік.
— Не ведаю, але можаце даслаць афіцыйны запыт у Варшаву, калі вас гэта цікавіць. Гэта
будзе хіт, а не ліст!
Па інтэрнэце скрын разыдзецца, думаю, нават чакаць адказу не давядзецца.
Закрануў ён і пытанне стасункаў з Расіяй. Маўляў, можа ж быць вайна якая, так мы ж будзем ваяваць з Расіяй… Я падкрэсліў толькі, што пад «мы будзем ваяваць з Расіяй» у нас розныя ўяўленні пра Радзіму — хтосьці будзе ваяваць З, а хтосьці ж — супраць, бо наша краіна ў маім уяўленні відавочна мае быць незалежнай.
Напрыканцы ён заўважыў, што хацеў бы, каб я правёў яму неяк экскурсію па Гомелі і наогул распавёў неяк пра гісторыю родных мясцін і не толькі, у адказ на што пачуў адмову.
Наогул мяркую, што цікаўнасць КДБ была выклікана жаданнем як мага болей дазнацца пра дзейнасць незалежных журналістаў у Гомелі. Апошнім часам Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі здолелі ўзняць шэраг сур’ёзных сацыяльных і крымінальных праблем, асабліва ў рэгіёне. Магчыма, спрабуюць на іх нешта адшукаць, тым больш, выбары прайшлі, і ім ужо не трэба сядзець і рабіць твар лібералаў.