Міліцыя просіць суд арыштаваць за «схільнасць да здзяйснення правапарушэнняў»

Начальнік АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Ігар Цімашэнка напярэдадні суда над экс-кандыдатам у дэпутаты Уладзімірам Няпомняшчых хадайнічае перад старшынёй раённага суда Таццянай Адрыбец аб арышце апазіцыйнага палітыка.

Фота з сайта gomelspring.org

Фота з сайта gomelspring.org


У лісце раённага міліцыянта змяшчаецца інфармацыя, што "дадзены грамадзянін схільны да здзяйснення правапарушэнняў і маецца магчымасць меркаваць злачынстваў", паведамляе Гомельская Вясна
Нагадаем, палітыка абвінавачваюць у парушэнні артыкула 23.4 “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы”, а таксама артыкула 17.1 “Дробнае хуліганства”. У сукупнасці Уладзіміру Няпомняшчых пагражае штраф да 22-х базавых велічыняў ці адміністарцыйны арышт да 25 сутак. Палітыка затрымалі 12 верасня на прыпынку грамадскага транспарту, калі той збіраўся ехаць на мірную акцыю пратэсту ў Мінск.
Уладзімір Няпомняшчых, вядомы сваёй майкай з надпісам “За Беларусь без Лукашэнкі”, лічыць, што такім чынам яго спрабуюць ізаляваць напярэдадні прыезду Лукашэнкі ў Гомель.
 "У мінулы прыезд Лукашэнкі ў Гомель мяне затрымалі ў майцы “За Беларусь без Лукашэнкі” і трымалі ў пастарунку, пакуль той не з'ехаў з горада", — адзначыў  Уладзімір Няпомняшчых.
На гэтым тыдні Лукашэнка зноў будзе ў Гомель, таму апазіцыйны актывіст лічыць, што яго абавязкова ізалююць. “Я сабраў заплечнік, склаў цёплыя рэчы, рашэнне аб маім арышце ўжо прынята. Прыходзьце ў суд, каб паглядзець, як улада распраўляецца з сваімі апанентамі”, — заявіў апазіцыйны палітык.
Суд над Уладзімірам Няпомняшчых адбудзецца 27 верасня (аўторак) у 15.30 у судзе Чыгуначнага раёна (каб. №47).