Чалавек-эпоха, які ўсё ніяк не сыйдзе

Хаця прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі даводзіць, што паліттэхналогіі ды піяр Аляксандру Лукашэнку не патрэбныя, ягоная прэзідэнцкая выбарчая кампанія, па ўсім, будзе вельмі інтэнсіўнай. Дакладней, перавыбарчая кампанія. Пры гэтым культ асобы можа перайсці ў новую іміджавасць. А публічных падзеяў дзеля стварэння адпаведнага прапагандысцкага фону наперадзе ў 2019 годзе хапае.

eismont.jpg

Стартам перавыбарчай кампаніі можна лічыць нядаўнюю «Вялікую размову» Аляксандра Лукашэнкі са СМІ, чыноўнікамі і эксператмі. Прынамсі, ён канкрэтна абвясціў, што будзе балатавацца на чарговы тэрмін. А можа, і на другую 25-годку, цьху-цьху. Хаця Лукашэнка і кажа, што наеўся ўладай, але ж мала якая асоба з залежнасцю прызнае гэтую самую залежнасць.

Наўздагон 7,5-гадзіннаму ток-шоў кіраўніка краіны АНТ паказала інтэрв«ю з ягонай прэс-сакратаркай Наталляй Эйсмант. У праграме Марата Маркава «Нічога асабістага» нібыта ў фармаце «палітычнай кухні» яна выдала цэлую нізку дыфірамбаў на адрас шэфа. Прычым гэта выглядала дастаткова шчыра — такі хіба эфект непасрэднага ўздзеяння харызмы Лукашэнкі.

Так, шчымліва Наталля Эйсмант паспрабавала апісаць неабыякавасць Лукашэнкі, якая ідзе з дзяцінства: «Калі чалавек шмат перажыў, не можа быць абыякавага стаўлення ні да чаго. Можа быць толькі бясконцае імкненне зрабіць лепш». Прэс-сакратарка ўражаная ўспамінамі Лукашэнкі: «У іх вельмі многае чапляе — дом, мама, якая вельмі цяжка працавала. І вось такія ўмовы, якіх, на шчасце, нам сённяшнім ўжо зусім не зразумець — земляная падлога, абсалютна простая абстаноўка. А калі чалавек перажыў рознае, прапусціўшы гэта праз сябе , то гэта накладае вельмі глыбокі адбітак. І ёсць адказнасць, боль».

Наталля Эйсмант захоплена распавяла пра маштаб асобы і маштаб думкі Лукашэнкі. Што праўда, у якасці прыкладаў яна прывяла дзве забаўляльна-відовішчныя ініцыятывы.

«Кожны дзень паступаюць такія задачы, такія пытанні, якіх ты учора яшчэ не мог нават уявіць», — падзялілася Эйсмант. І прыгадала ідэю арганізаваць навагодні баль у Палацы незалежнасці і правесці нядаўнюю серыю хакейных матчаў паміж зборнай Экстралігі і мінскім «Дынама». Па словах Эйсмант, ад Лукашэнкі сыходзіць процьма ідэяў: «Наблізіцца да гэтага ўзроўню генеравання ідэй вельмі складана і нават, напэўна, немагчыма. Нам бы якасна іх рэалізоўваць!».

Зусім нечакана яна паразважала пра перавагі дыктатуры і спрагназавала запыт на яе ў свеце. «Дыктатура — вельмі цікавае слова на сёння. Яно так па-рознаму ўспрымаецца. Гэта нейкая незвычайная тэндэнцыя, пра якую я досыць часта думаю. Бо мы гэта слова сапраўды ўжываем у цалкам розных сэнсах. Часам з такім сатырычным адценнем. А іншы раз мне здаецца, што сёння, у 2019 годзе, слова дыктатура ўжо часам набывае нейкае пазітыўнае адценне», — лічыць Эйсмант. «Мы бачым, што адбываецца вакол: хаос, часам беспарадак. Часам мне здаецца, што не сёння дык заўтра, але паслязаўтра дакладна ў свеце можа ўзнікнуць запыт на дыктатуру. Таму што за дыктатурай у нашым сённяшнім разуменні ў першую чаргу мы бачым, на мой погляд, парадак, дысцыпліну і абсалютна нармальнае і спакойнае жыццё», — заявіла прэс-сакратарка Лукашэнкі.

Унікальнасць свайго шэфа яна бачыць і ў тым, што яму нібыта непатрэбны піяр: «Няўжо хоць адзін чалавек у свеце можа наогул сказаць, што нашаму Прэзідэнту патрэбен паліттэхнолаг або паліттэхналогіі?». «Сыны, касьба, секчы дровы — гэта ўсё прэзідэнцкае жыццё. Прэзідэнт наогул вельмі негатыўна ставіцца да піяру як да з’явы. Ён да яго ставіцца як да чагосьці цалкам штучнага. І ў мяне ў гэтым сэнсе як у прэс-сакратара няма ніякай неабходнасці прыдумляць нешта дадаткова толькі таму, што ў прэзідэнта жыццё пабудавана так, што ніякага піяру не трэба».

Між тым, усё інтэрв«ю Наталлі Эйсмант — суцэльны піяр і ілюстрацыя культу асобы Лукашэнкі, якая з Адміністрацыі прэзідэнта распаўсюджваецца на ўсю Беларусь. Некаторыя аналітыкі нават падазраюць, што меркаваныя змены ў Канстытуцыю могуць нават замацаваць у ёй нейкі выключны, асаблівы, сакральны статус для Аляксандра Лукашэнкі на ўзор азіяцкіх дыктатараў. Сэнс будзе такі, што краінай кіруе наканавана-пакліканы заступнік.

Што да піяру, то, паводле вызначэнняў Эйсмант, у Лукашэнкі бліжэйшы год будзе звывшнасычанае жыццё — і ў медыяпрасторы яго адпаведна стане нашмат болей.

Самае галоўнае. Не забывайма, што сёлета спаўняецца 25 гадоў ягонага кіравання і інстытуту прэзідэнцтва наагул. Газета Адміністрацыі прэзідэнта «Беларусь сёння» ужо анансавала да гэтай круглай даты адмысловы праект. Не адстануць хіба ў дыфірамбных падвынікаваннях і дзяржаўныя тэлеканалы.

«Рэтраспектыўны аналіз існавання аднаго з інстытутаў дзяржавы, хай найважнейшага, будзе няпоўным без разумення галоўнага. Разумення таго, што, па сутнасці, гаворка вядзецца пра чвэрць стагоддзя незалежнай беларускай дзяржаўнасці», — напісала прэзідэнцкая газета. Незалежнасць з 1991 па 1994 гады яна называе «умоўнай».

Дзяржава — гэта ён!? Ні больш ні менш! Ну, чалавекам-эпохай Лукашэнку назваць можна. Чалавекам-эпохай, які ўсё ніяк не сыйдзе...

Сярод іншых падзеяў з ідэалагічна-піяраўскім і перадвыбарчым ухілам, апрача 25-годдзя Лукашэнкі пры ўладзе, сёлета нас, напрыклад, чакаюць: штогадовае пасланне народу і парламенту ў красавіку, спартовыя Еўрапейскія гульні ў чэрвені, адзначэнне з размахам 75-годдзя вызвалення Беларусі ў ліпені, урачыстасці да 1000-годдзя Брэста ў верасні, магчыма, што ў Мінску ў траўні пройдзе форум з нагоды 10-годдзя ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Можна не сумнявацца, што нейкім чынам будзе выкарыстаны перапіс насельніцтва і ў рэжыме нон-стоп будуць працягвацца антыкарупцыйныя арышты.