Чаму дзяржава для народа супрацьстаіць народу
Для беларускай улады нават адзін чалавек, які ўсведамляе свае правы і гатовы іх абараняць, уяўляе сур’ёзную пагрозу. Што тады казаць пра аб’яднанні грамадзян!
Вялікае бачыцца на адлегласці. Простым смяротным не дадзена адэкватна ацаніць тое, што адбываецца, калі яны знаходзяцца ўнутры падзеяў. Беларускае грамадства з палітычнай спячкі, у якой яно знаходзілася з канца 1990-х гадоў, перайшло ва ўзбуджаны стан. Неразуменне прыроды гэтага пераходу, яго абмежаванасці ў часе спрыяе нараджэнню чарговых міфаў. Мабыць, самым яркім у іх шэрагу варта прызнаць міф пра нараджэнне беларускай нацыі.
Але нацыі не нараджаюцца нібы Афрадыта з пены або Афіна з галавы Зеўса. Нацыі фарміруюцца. Аднаразовыя падзеі не варта блытаць з гістарычнымі працэсамі, і не варта спрабаваць тлумачыць падзеі, якія адбываюцца на макраўзроўні, з дапамогай асабістага вопыту, атрыманага «ад жыцця».
Для разумення макрапрацэсаў патрэбныя веды. Але дзе іх узяць, калі акадэмічныя інстытуты ў Беларусі занятыя не пошукам ісціны, а пацвярджэннем правільнасці аднойчы абранага адзіным палітыкам (АП) курсу?!
Каб не быць галаслоўным, працытую цяпер ужо былога дырэктара Інстытута сацыялогіі Ігара Катлярова: «Варта асабліва падкрэсліць, што мадэль “грамадзянская супольнасць супраць дзяржавы” была пакладзена ў аснову тэхналогій так званых “каляровых рэвалюцый”. Прыгадаем Варшаву, Прагу, Кіеў, Тбілісі, Бялград, Бішкек, Кішынёў». Катляроў сцвярджае, што ў грузінскай рэвалюцыі ружаў, рэвалюцыі цюльпанаў у Кыргызстане, ва ўкраінскіх рэвалюцыях — аранжавай і годнасці, у чарадзе арабскіх рэвалюцый «адчувалася дасведчаная і моцная рука лялькавода, праглядаўся адзіны сцэнар, выкарыстоўваліся адны і тыя ж добра адпрацаваныя тэхналогіі. Усё было зроблена па адных і тых жа лякалах».
Вось такое адкрыццё доктара сацыялагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі было апублікавана ў артыкуле «Дзяржава vs грамадзянская супольнасць: традыцыя ці рэальнасць (сацыялагічны дыскурс)» у часопісе «Сацыялагічны альманах» (№7, 2016).
Я лічыў, што такое актыўнае выкарыстанне дзяржаўнымі прапагандыстамі слова «лялькаводы» для апісання бягучых падзей, — гэта асабістае вынаходніцтва АП. Недаацаніў я патэнцыял беларускай навукі і яе ўнёсак у фарміраванне карціны свету палітычнай эліты краіны. У сувязі са зробленым ніжэй адкрыццём прапаную перайменаваць Інстытут сацыялогіі ў Інстытут канспіралогіі.
Бяльмо на воку
Ад перамены складнікаў месцамі агульная сума не мяняецца. Але ад перастаноўкі словаў у сказе змяніцца можа многае. Звярніце ўвагу, у цытаце Катлярова гаворка ідзе пра мадэль «грамадзянская супольнасць супраць дзяржавы», але ў загалоўку артыкула «грамадзянская супольнасць» і «дзяржава» памяняліся месцамі. Дык хто супраць каго ў Беларусі?
Калі на Акрэсціна катуюць пратэстоўцаў, што выказаліся супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, — гэта дзяржава выступае супраць (vs) грамадзянскай супольнасці або грамадзянская супольнасць імкнецца задушыць дзяржаву? Цікава, што з гэтай нагоды думаюць статусныя спецыялісты?
Канструяванне вобразаў знешніх ворагаў ажыццяўлялася ў Беларусі на працягу апошніх 26 гадоў. Мэтай гэтай карпатлівай працы з’яўляецца запаўненне ідэалагічнага вакууму, які ўзнік пасля краху камуністычнага праекта.
Прапанаваць іншую альтэрнатыву, акрамя ліберальна-дэмакратычнай, ні мысляры мясцовага разліву, ні сацыяльна блізкія ім ідэолагі з краін трэцяга свету аказаліся не ў стане. І справа тут не ў адсутнасці фантазіі яйкагаловых. Усё адначасова і складаней, і прасцей, бо іншага апраўдання аўтарытарнай уладзе на чале з моцным лідарам у нашы дні не існуе.
Што разумець пад паняццем «грамадзянская супольнасць» (ГС) — справа густу. Тым не менш па-за межамі дзяржавы для народа існуе кансенсус наконт яе базавых прыкмет. Для іх пералічэння звярнуся па дапамогу да англа-нямецкага сацыёлага Ральфа Дарэндорфа:
• разнастайнасць складнікаў;
• аўтаномія арганізацый, пад якой перш за ўсё разумеецца незалежнасць ад уладнага цэнтра;
• грамадзянская свядомасць (грамадзянін не пытаецца, што дзяржава здольная зрабіць для яго, а сам робіць нешта для іншых і дзяржавы).
І ў завяршэнне — цытата з класіка: «Цалкам відавочна, што для ўсіх дыктатарскіх намаганняў ГС — як бяльмо ў воку. Аўтарытарныя кіраўнікі дазваляюць ёй існаваць хіба што ў выглядзе прыватных нішаў унутранай эміграцыі. Гэта, аднак, супярэчыць публічнаму па сваёй сутнасці характару ГС. У таталітарных рэжымаў нішто не выклікае такой нянавісці, як ГС, якая супрацьстаіць іх волі».
Універсальная праблема
Грамадзянская супольнасць — не праціўнік сучаснай дзяржавы, а процівага ёй. Што тычыцца дзяржавы несучаснай (беларускі выпадак), то для яе грамадзянін, г. зн. чалавек, які ўсведамляе свае правы і гатовы іх абараняць, уяўляе сур’ёзную пагрозу. Што тады казаць пра аб’яднанні грамадзян!
І ў гэтым сэнсе Катляроў мае рацыю: у аўтарытарна-таталітарных дзяржавах ГС заўсёды будзе супраць дзяржавы, а дзяржава — супраць ГС.
Іншая справа — арганізацыі, створаныя па ініцыятыве зверху, якія шчодра фінансуюцца з бюджэту. Пералічу іх з дапамогай АП: «У Беларусі асновай ГС з’яўляюцца Саветы дэпутатаў, прафсаюзы, грамадскія ветэранская, жаночая і моладзевая арганізацыі, а таксама “Белая Русь”. Вось яна, аснова, і там прадстаўленыя ўсе».
Яны, канешне, там прадстаўленыя-прэзентаваныя, вось толькі акрамя жадання атрымліваць разнастайныя льготы, ніякіх іншых жаданняў чальцы падобных структур не дэманструюць. Каб гэта не выглядала толькі словамі, зноў звярнуся да цытавання: «Чаму ў вырашэнні такой складанай задачы (гаворка пра дыялог паміж мінчанамі і Мінскім гарадскім актывам. — Рэд.) не праяўляюць актыўнасць грамадскія арганізацыі? Іх наогул нідзе не відаць» (з выступу АП на нарадзе з актывам сталіцы 20 снежня 2018 года).
Пытанне наконт асабістай актыўнасці — ключавое, калі гаворка ідзе пра развіццё. Традыцыйны свет з яго дамінаваннем дзяржавы над асобай не ведаў развіцця. Таму да пачатку прамысловай рэвалюцыі (1800 г.) ВУП на душу насельніцтва ў Еўропе быў прыкладна такім жа, як і ў Рымскай імперыі.
«Кожны аднаасобны кіраўнік, — тлумачыць палітолаг Ігар Якавенка, — нават надзелены чароўным статусам, мог паспяхова кіраваць толькі пры наяўнасці кампетэнтнай кіруючай эліты. Яму патрэбныя былі не проста ваеначальнікі, а такія, якія былі б лепшымі ці ва ўсякім разе не горшымі, чым у іншых краінах. Тое ж самае тычыцца цывільных чыноўнікаў — унутраная і знешняя жыццяздольнасць дзяржавы заўсёды і ўсюды залежыць ад іх здольнасцяў, кваліфікацыі, умення кіраваць. Але такая мабілізацыя асобасных рэсурсаў немагчымая без моцнадзейных стымулаў у выглядзе статусных прывілеяў, г. зн. без апеляцыі да прыватных інтарэсаў».
Але эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне — толькі адна з умоваў развіцця. Праблема спалучэння агульнай (дзяржаўнай) цікавасці з інтарэсамі прыватнымі і групавымі з’яўляецца ўніверсальнай.
Не толькі распрацоўваць кампутарныя праграмы, але і аператыўна дастаўляць піцу без уліку розных інтарэсаў немагчыма.