Чаму Лукашэнка больш не пускае апазіцыю ў Палату

Настрой у ЕС і ЗША ад новага, пагалоўна лаяльнага складу беларускай палаты прадстаўнікоў, вядома, не палепшыцца. Магчыма, энтузіязму нешта рабіць на беларускім напрамку будзе яшчэ менш, чым цяпер. Але рэзкай рэакцыі ні ЕС, ні ЗША таксама не будзе. Стратэгічны інтарэс — не перашкаджаць Беларусі балансаваць паміж Захадам і Масквой — пераважвае клопат пра дэмакратычныя ідэалы ў краіне.

lukel_605.jpg

Выбары ў беларускую Палату прадстаўнікоў прайшлі па традыцыйным, цалкам кантраляванаму сцэнары. Пусціўшы двух апазіцыянераў у мінулы склад, улада вырашыла згарнуць эксперымент у гэты раз. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года душэўны камфорт кіраўніцтва апынуўся важнейшым за саступкі Захаду са смутнай аддачай ад іх.

Падрыхтоўка да рэформы Канстытуцыі

Нават такі адміністрацыйны рытуал, як беларускія выбары, здольны прыадчыніць некалькі новых трэндаў у беларускай палітыцы. Сярод унутрысістэмных тэндэнцый — рост долі партыйных дэпутатаў і адпраўка ў Палату некалькіх высокапастаўленых і прыкметных чыноўнікаў.
Беларускі парламент традыцыйна быў месцам камфортнай пенсіі для наменклатуры, але цяпер у яго спрабуюць ўдыхнуць наменклатурнае жыццё. У дэпутаты перавялі намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Валерыя Міцкевіча, былога прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных, экс-кіраўніка беларускага тэлебачання, а цяпер кіраўніка прапрэзідэнцкай арганізацыі «Белая Русь» Генадзя Давыдзьку і начальніка Генштаба арміі Алега Белаконева.
Мяркуючы па ўсім, за кошт прыкметных, але яшчэ нестарых чыноўнікаў Лукашэнка і яго адміністрацыя хочуць надаць Палаце хоць нейкую ўнутрысістэмную палітычную вагу. Гэта ўкладаецца ў логіку анансаванай Лукашэнкам канстытуцыйнай рэформы — пераразмеркавання ў бліжэйшыя 4-5 гадоў паўнамоцтваў ад кіраўўніка дзяржавы да Палаты і ўраду.
Акрамя таго, вырасла колькасць дэпутатаў ад праўладных партый. У 2012 годзе іх было пяць, у 2016-м — 16 (адзін дэпутат ад апазіцыйнай партыі), цяпер — 21. Усяго дэпутатаў у ніжняй палаце — 110. Беларускі парламент фарміруецца па мажарытарнай сістэме, але ўжо некалькі гадоў абмяркоўваецца пераход на змешаную, калі частка дэпутатаў будзе ісці па партыйных спісах.
Нават Лукашэнка, якому камфортней працаваць па звыклай і зразумелай сістэме аднамандатных акругаў, у апошні час прызнаваў, што краіне трэба не спяшаючыся пераходзіць да развіцця партыйнай сістэмы. Хутчэй за ўсё, і гэтую рэформу ўпішуць у абнаўленне Канстытуцыі. Калі ў будучыні давядзецца кіраваць краінай яшчэ і праз Палату прадстаўнікоў, то там спатрэбіцца свая партыя ўлады, а разам з ёй — партыі-спойлеры і сістэмная апазіцыя.

Новыя фарматы і ўдзельнікі

З-за таго што беларускі выбарчы працэс даўно не мае дачынення да барацьбы за мандаты, парламенцкую кампанію сталі актыўна выкарыстоўваць розныя групы незадаволеных проста для распаўсюджвання сваіх ідэй.
Так, на выбары пайшлі лідары вядомага экалагічнага пратэсту супраць акумулятарнага завода ў Брэсце і ініцыятывы «Маці-328», чые дзеці атрымалі вялікія турэмныя тэрміны за невялікія аб'ёмы наркотыкаў. Амаль усіх іх улады б не зарэгістравалі кандыдатамі, альбо хутка пазбавілі рэгістрацыі, каб не дазваляць сацыяльнага пратэсту палітызавацца.
У кампанію прыйшло новае пакаленне — маладыя людзі, якія выраслі, а часам і якія нарадзіліся пры Лукашэнку. З праўладнага боку гэта актывісты афіцыйнага саюза моладзі БРСМ. Яны ўступілі ў кампанію пасля таго, як Лукашэнка асабіста папрасіў забяспечыць прадстаўніцтва моладзі ў Палаце.
Ад праціўнікаў улады ішоў Моладзевы блок, альянс актывістаў розных ініцыятыў, у тым ліку супраць жорсткай антынаркатычнай палітыкі і нядаўна нашумелага закона, які скараціў лік адтэрміновак ад войска. Гэтыя кандыдаты адзначыліся даволі яркай кампаніяй, з акцыяй-дыскатэкай на галоўнай тусовачнай вуліцы Мінска і шэсцем памяці «ахвяр» ужывання марыхуаны, дзе актывісты замест партрэтаў неслі пустыя аркушы паперы.
Паралельна ўладальнік самага папулярнага ў краіне телеграм-канала NEXTA, 21-гадовы Сцяпан Пуціла паэксперыментаваў з вывадам сваёй маладой аўдыторыі ў афлайн. З Польшчы, дзе блогер жыве, ён арганізаваў сустрэчу гледачоў свайго антылукашэнкаўскага фільма ў цэнтры Мінска, якая перарасла ў мітынг на 500 чалавек.
Гэта няшмат, але і неправальна па мерках сённяшняй палітычнай апатыі ў беларускім грамадстве. Апазіцыйныя лідары да і пасля яго з цяжкасцю збіралі па 100-150 чалавек на свае акцыі ў гэтай кампаніі.
Традыцыйна ў апытаннях беларуская моладзь плялася ў хвасце па гатоўнасці пратэставаць і наогул па цікавасці да палітыкі. Мяркуючы па ўсім, сітуацыя мяняецца таму, што ў спелы ўзрост уступае непужанае пакаленне, якое яшчэ хадзіла ў школу, калі па краіне пракацілася апошняя хваля жорсткіх рэпрэсій у 2010-2011 гадах.
Нарэшце, апошні і, мабыць, самы цікавы феномен гэтых выбараў — выступ пары кандыдатаў з прарасейскай, але крытычнай у адносінах да ўлады рыторыкай. Іх пасыл просты: у рэгіёнах стагнацыя і заняпад, улада не выконвае сацыяльны кантракт, чыноўнікам на нас пляваць, трэба сябраваць з Расеяй, толькі яна нам дапаможа.
Цікава, што вылучыла гэтых кандыдатаў дэкаратыўная і лаяльная Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Да гэтага часу яна не дазваляла сабе крытыкаваць уладу і адхіляцца ад яе курсу, акрамя дробязяў накшталт прызнання Крыма расійскім — як даніна іх партнёрству са «Справядлівай Расеяй».
Прарасійская крытыка ўлады ў Беларусі заўсёды лічылася вельмі небяспечнай зонай. Лукашэнка стараўся трымаць манаполію на гэтым напрамку, яго дазвалялася крытыкаваць толькі з пранацыянальных або праеўрапейскіх пазіцый. Не так даўно тэксты з рэзкасцямі ў адрас беларускай улады і яе палітыкі ідэнтычнасці давялі трох русафілаў, публіцыстаў агенцтва «Рэгнум», да крымінальнай справы і года ў СІЗА.
Аднак па меры таго, як паміж Мінскам і Масквой назапашваюцца рознагалоссі, на беларускім палітычным полі з'яўляецца зазор для прарасейскай апазыцыі. У апошнія гады ўжо паўстала некалькі падобных рэгіянальных сайтаў і адносна папулярных телеграм-каналаў.
Гэты працэс пакуль у зародку. Аформленага прарасейскага антылукашэнкаўскай руху няма, і спецслужбы наўрад ці дазволяць яму паўстаць. Але правал намаганняў Мінска і Масквы па інтэграцыі, асабліва калі ён прывядзе да крызісу ў беларускай эканоміцы, толькі пашырыць поле магчымасцяў для такіх актывістаў і груп. Чым больш іх будзе, тым мацней будзе спакуса ў Масквы падтрымліваць іх у моманты абвастрэння стасункаў з Лукашэнкам.

Без гульняў у дэмакратыю

Адсутнасць апазіцыі ў новым складзе парламента — не адкат адлігі, таму што беларуская адліга ніколі не тычылася выбараў. У 2016 годзе набіраў абароты дыялог з Захадам, і яму вырашылі даць дадатковы імпульс, правёўшы ў дэпутаты двух апазіцыянераў, але не змяняючы пры гэтым нічога ў выбарчым працэсе.
У гэты раз нават сам ход выбараў быў крыху больш жорсткі, чым звычайна, — з больш актыўнай накруткай яўкі на датэрміновым галасаванні, большым фільтраваннем апазіцыянераў, якія хацелі трапіць у выбаркамы або стаць кандыдатамі. Аргументаў прапускаць апазіцыю яшчэ раз не знайшлося.
Гэта значыць, што, па-першае, беларускі МЗС, які прынята лічыць праеўрапейскім лабістам унутры сістэмы, не мае сур'ёзнага ўплыву на Лукашэнку і яго адміністрацыю, калі гаворка ідзе пра выбары. Як толькі з'яўляюцца іншыя меркаванні — напрыклад, забяспечыць кіраўніку дзяржавы камфортнае перавыбранне ў 2020 годзе без нейкіх намёкаў апазіцыі, што ёй далі паслабленні, гэтыя інтарэсы становяцца важней флірту з ЕС і ЗША.
Максімум, што можа беларускае МЗС сёння, — гэта на нейкі час пераканаць астатнія дзяржорганы ўстрымлівацца ад самых жорсткіх рэпрэсій тыпу набору новых палітзняволеных або брутальных разгонаў вулічных пратэстаў.
Па-другое, Лукашэнка і сам не бачыць тых задач у адносінах з Захадам, якія дапамаглі б вырашыць захаванне апазіцыйнай квоты. Як ён заўважыў нядаўна ў Вене, заходняму бізнесу ўсё роўна, ці прызнаецца беларускі парламент легітымным. Галоўнае — гарантыі інвестыцый ад вярхоўнай улады і стабільнасць у краіне.
Палітычна ЕС не прапаноўваў Беларусі нейкіх канкрэтных новых саступак за наяўнасць апазіцыі ў парламенце. Адносіны з Бруселем апошнім часам наогул выйшлі на плато са смутным намёкам на будучыню. ЗША намякалі, што могуць яшчэ аслабіць санкцыі ў такім выпадку, але, мабыць, Мінск гэта не пераканала.
Настрой у Брусэлі і Вашынгтоне ад пагалоўна лаяльнай Палаты, вядома, не палепшыцца. Магчыма, энтузіязму нешта рабіць на беларускім напрамку будзе яшчэ менш, чым цяпер. Але рэзкай рэакцыі ні ЕС, ні ЗША таксама не будзе. Санкцыі супраць Беларусі Захад уводзіў не за дрэнныя выбары, а за прыкметныя рэпрэсіі падчас і пасля іх. Зараз гэтых рэпрэсій няма.
Затое ізаляцыя Мінска ўжо некалькі гадоў на Захадзе асацыюецца з выштурхоўваннем яго ў зону ўплыву Масквы. Стратэгічны інтарэс — не зашкодзіць Беларусі балансаваць паміж цэнтрамі сілы — як мінімум з 2015 года пераважвае для Захаду клопат пра дэмакратычныя ідэалы ў краіне.
Паводле carnegie.ru