Вялікабрытанія заклікала Беларусь вырашыць праблемы ў сферы дэмакратычных правоў
Вялікабрытанія расчараваная тым, што прайшоўшыя 17 лістапада парламенцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным дэмакратычным стандартам, паведамляецца ў заяве на сайце брытанскага МЗС.
Заява зроблена пасля азнаямлення з папярэдняй справаздачай назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, паведамляе БелаПАН.
«Мы таксама занепакоеныя вынікамі АБСЕ пра тое, што выбарчае асяроддзе было празмерна абмежавальным, ня прадугледжвала якой-небудзь значнай канкурэнцыі, асноўныя дэмакратычныя правы таксама былі абмежаваныя, — гаворыцца ў заяве. — Мы заклікаем урад Беларусі працаваць над вырашэннем гэтых праблем, каб умацаваць беларускую дэмакратыю і падаць выбаршчыкам і кандыдатам магчымасць паўнавартаснага ўдзелу ў дэмакратычным працэсе».
Нагадаем, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберт Бедронь таксама заявіў сёння, што мінулыя парламенцкія выбары ў Беларусі «зноў былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў».
Раней выбары ў беларускі парламент не прызнала дэмакратычнымі АБСЕ.
Паводле naviny.by