Зяленскі адказаў на прапанову Лукашэнкі ўзяць пад кантроль украінска-расійскую мяжу

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна не мае патрэбы ў дапамозе іншых краінаў для аднаўлення кантролю над мяжой з РФ на Данбасе.

zialensk.jpeg

«Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, наколькі я ведаю, ён мне гэта казаў, што не першы раз агучваў, што калі вам (Украіне – заўв. belsat.eu) потым будзе патрэбная дапамога з нагоды колькасці памежнікаў на мяжы Украіны з Расіяй, калі вам трэба будзе браць пад кантроль мяжу, то звяртайцеся, мы (Беларусь – заўв. belsat.eu) абавязкова дапаможам. я яму падзякаваў, але я думаю, што мы ж незалежная краіна і ў нас хопіць сваіх памежнікаў», – сказаў ён на брыфінгу ў Ачакава, адказваючы на ​​пытанне, ці не паступала адпаведная прапанова ад Лукашэнкі.
Украінска-расійская мяжа на Данбасе кантралюецца не афіцыйным Кіевам, а баевікам «ЛДНР». Менавіта гэта з’яўляецца адной з галоўных перашкодаў мірнаму ўрэгуляванню канфлікту, бо праз адкрытую мяжу да груповак «ЛДНР» трапляе расійская вайсковая дапамога.
Аляксандр Лукашэнка цягам 2018-2019 гадоў неаднаразова публічна выступаў з прапановаю накіраваць на Данбас беларускіх міратворцаў і ўзяць пад кантроль украінска-расійскую мяжу.
«Калі вы хочаце, каб мы зачынілі мяжу на працягу 400 кіламетраў паміж Украінай і Расіяй, якая цяпер не кантралюецца ўладамі Украіны, мы закрыем гэтую мяжу. Хоць для мяне гэта вялікая праблема ўвязвацца ў гэты канфлікт, але мы гатовыя ўвесці туды міратворцаў, памежнікаў, войскі, як хочаце, але мы гатовыя закрыць гэты ўчастак мяжы», – казаў ён 26 верасня 2019 года на сустрэчы з украінскімі журналістамі.