Паўднёвая Афрыка абагнала Беларусь у рэйтынгу якасці грамадзянства

У рэйтынгу грамадзянстваў, што складаюць эксперты міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Henley & Partners і Гронінгенскага ўніверсітэту, Беларусь аказалася на 86-м месцы са 160, паведамляе Радыё Свабода.

busel_2.jpg

Праўда, з улікам таго, што ў рэйтынгу адно месца могуць займаць адразу некалькі краінаў, Беларусь аказваецца толькі 109-й у свеце.​ На такой жа пазіцыі краіна была і ў папярэднім рэйтынгу. ​
Паводле звестак за 2018 год, грамадзянства Беларусі было па якасці між Балівіяй, Казахстанам і Паўднёвай Афрыкай (83–85 месцы), Кабу-Вэрдэ, Бэлізам і Ганай (87–89 месцы). У рэйтынгу за 2017 год Паўднёвая Афрыка яшчэ адставала ад Беларусі.
У першую дзясятку ў рэйтынгу ўваходзяць (ад 1 да 8 месца) Францыя, Нямеччына і Нідэрланды (дзеляць 2 месца), Данія, Нарвегія і Швецыя (дзеляць 4-е), Ісландыя, Фінляндыя, Італія, Вялікая Брытанія.
Эстонія ў рэйтынгу займае 19-е месца, следам за ёй, усе на 20-м, Латвія, Літва і Польшча. Расея займае 62-е месца, Украіна — 75-е. У Еўропе толькі Беларусь і Косава (128 месца) адносяцца да «нізкаякасных», у астатніх пазіцыі вышэйшыя.
Пры разліку якасці грамадзянства аўтары рэйтынгу ўлічваюць дзясяткі фактараў, сярод якіх маштаб эканомікі, узровень адукацыі і дабрабыту насельніцтва, працягласць жыцця, развіццё чалавечага патэнцыялу, грамадскі парадак і стабільнасць у дзяржаве, колькасць краінаў для бязвізавых паездак, а таксама колькасьць краінаў, у якіх чалавек мае права свабодна жыць і працаваць.