АБСЕ: Выбары ў Беларусі не адпавядалі важным міжнародным стандартам
Міжнародныя назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ лічаць, што парламенцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі важным міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў.
Пра гэта 18 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла Спецыяльны каардынатар АБСЕ Маргарэт Седэрфельт.
— Асноўныя свабоды не выконваліся, а аб'ектыўнасць выбарчага працэсу не была належным чынам гарантаваная на датэрміновых парламенцкіх выбарах у Беларусі, нягледзячы на павелічэнне колькасці зарэгістраваных кандыдатаў, — да такой высновы прыйшлі міжнародныя назіральнікі ў сваёй папярэдняй заяве.
Па словах спадарыні Седэрфельт, «учорашнія парламэенцкія выбары прайшлі ў спакойнай абстаноўцы, аднак не адпавядалі стандартам правядзення выбараў. У дзень выбараў мы адзначылі сур’ёзныя працэдурныя праблемы пры падліку галасоў, што выклікае пэўныя асцярогі адносна таго, наколькі справядліва падлічваліся галасы».
— Мы адзначылі агульнае грэбаванне асноватворнымі свабодамі самавыяўлення, сходаў і асацыяцый. Акрамя таго, мы адзначылі, што вялікая колькасць кандыдатаў падалі заяўкі на ўдзел у выбарах, але іх удзел абмежавалі. Гэтыя выбары прадэманстравалі поўную адсутнасць выканання дэмакратычных абавязацельстваў. У дзяржаве, дзе паўнамоцтвы і незалежнасць парламента абмежаваныя, а асноўныя свабоды як выбаршчыкаў, так і кандыдатаў ушчамляюць, існуе небяспека ператварэння парламенцкіх выбараў у фармальнасць, — заявіла Седэрфельт.
Прадстаўнікі АБСЕ ў чарговы раз прыйшлі да высновы, што прававая база Беларусі не гарантуе дэмакратычныя выбары. Пасля мінулых выбараў былі прынятыя пэўныя намаганні па змене выбарчага заканадаўства, але ніякіх канкрэтных крокаў беларуская ўлада не зрабіла.
— Нашы папярэднія рэкамендацыі па змене выбарчага заканадаўства застаюцца ў сіле. Яны звязаны з абмежаванымі складамі камісій, правамі кандыдатаў і празрыстасцю пры працэдуры падліку галасоў. Учора мы сталі сведкамі сумнага выніку, — дадала спецкаардынатар.
Паводле news.tut.by