Чароўны выспятак «спецыяльнай ваеннай аперацыі»

Варта пагадзіцца з меркаваннем галоўнага публічнага чалавека рэспублікі-партызанкі наконт таго, што «з пачаткам расійскай аперацыі ва Украіне завяршылася цэлая гістарычная эпоха».
Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў


Своечасовы «чароўны выспятак» здольны калі не змяніць ход гісторыі, то хаця б паскорыць працэсы, якія ўжо сфарміраваліся. Прыкладаў — незлічонае мноства. Аднак згадаю толькі самыя маштабныя ў XX стагоддзі: Першая сусветная вайна паставіла крыж на імперыі Раманавых; шасціразовае падзенне коштаў на нафту ў 1985 годзе стымулявала перабудову ў СССР.

Знешнія выспяткі (яны ж выклікі) варта адрозніваць ад унутраных, у якасці сцэнарыстаў і рэжысёраў-пастаноўшчыкаў якіх, як правіла, выступаюць дамарослыя палітычныя эліты.

Не сакрэт, што аўтарытарна-таталітарныя сістэмы аддаюць перавагу статыцы, а не дынаміцы, таму ў якасці варожага акту яны ўспрымаюць любыя рухі цела, нават незалежна ад кірунку. Адсюль — светапогляд, які выказваецца і адлюстроўваецца ў зразумелых кожнаму абывацелю слоганах: «трымаць і не пушчаць», «лепшае — вораг добрага», «не чапай, бо смярдзець будзе» і да таго падобных.

Зрэшты, нацыянальныя лідары аўтарытарна-таталітарных сістэм нешта сабе думаюць-мяркуюць, але Бог вырашае на свой лад. Ні адной унутранай статыцы доўгі час не выстаяць супраць знешняй дынамікі. Так было заўсёды. А ва ўмовах паскарэння гісторыі тое, што ў мінулым стагоддзі патрабавала дзесяцігоддзяў, сёння здольнае ўкласціся ў некалькі кварталаў.

24 лютага расійская цывілізацыя дала сама сабе магутны выспятак. Не прайшло і двух месяцаў — як яе эканамічныя, навуковыя і культурныя сувязі з заходнім светам аказаліся амаль цалкам заблакаваныя. На фоне новай рэальнасці «жалезная заслона» часоў СССР нервова паліць убаку.

Абмяжуюся двума прыкладамі. 4 красавіка найбуйнейшы ў свеце Брытанскі страхоўшчык London Marine Insurance Market абвясціў усе марскія воды Расіі — ад Чорнага мора да Балтыкі і Далёкага Усходу — «ваеннай зонай». Для суднаўладальнікаў, якія адважыліся накіраваць свае караблі ў парты краіны-агрэсара, гэта будзе азначаць неабходнасць уносіць дадатковую плату за рызыку ў памеры 5% ад кошту судна разам з грузам. Нескладана здагадацца, што ахвочых працаваць сабе ў страту давядзецца шукаць днём з агнём.

Не прарвуць блакаду і расійскія караблі. Згодна з пятым пакетам санкцый Еўрасаюза, расійскім караблям і «караблям, што кіруюцца расійскімі аператарамі», забараняюць заходзіць у парты дзяржаў-чальцоў Еўрасаюза. Будуць накладзеныя абмежаванні і на «расійскіх і беларускіх аператараў аўтамабільнага транспарту».

«Гэта праца будзе працягнутая»

«Мы дзейнічаем згодна з планам, а план у нас па сітуацыі», — растлумачыў Уладзімір Пуцін перспектывы «спецаперацыі» на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з германскім канцлерам Олафам Шольцам.
Гэтым жа прынцыпам, мяркуючы па шматлікіх паведамленнях у дзяржаўных СМІ, кіруюцца сцэнарысты і рэжысёры-пастаноўшчыкі шоу-балета «беларуская мадэль развіцця».

Прыгажосць выратуе свет. Яна вакол — толькі расплюшчыце вочы: прыгажосць развароту на ўсход, прыгажосць імпартазамяшчэння і іншыя прыгажосці эканамічных і сацыяльна-палітычных інавацый зачароўваюць сёння многіх на бязмежных прасторах Саюзнай дзяржавы.

Не даводзіцца сумнявацца, што за «залатымі пёрамі» беларускай прапаганды не заржавее. Звернемся да «самай саліднай газеты» краіны. На яе сайце ў 2021 годзе было апублікавана 248 артыкулаў, якія змяшчаюць слова «імпартазамяшчэнне», што адпавядае 21 артыкулу на месяц. У 2022 годзе папулярнасць разваг на тэму прыгажосці імпартазамяшчэння рэзка пайшла ўгару: студзень — 26, люты — 37, сакавік — 117 і за восем дзён красавіка — 33 артыкулы!

Не за гарамі вяртанне ў паўсядзённае жыццё папулярнага ў гады майго юнацтва слогана: «У кого кроссовки “Лида”, тот похож на инвалида». У тым, што мілае аўтару мінулае можа стаць недалёкай будучыняй мільёнаў, пацвярджае наступнае выказванне міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава: «Імпартазамяшчэнне сёння — галоўная тэма для нашых вытворцаў. Заўсёды эканоміка краіны была арыентаваная на імпартазамяшчэнне і забеспячэнне паліц уласнай прадукцыяй у максімальным аб’ёме. Гэтая праца будзе працягнутая. Але на фоне санкцыйнага ціску відавочна, што групаў тавараў, прапанаваных да засваення ў Беларусі, будзе больш. МАРГ таксама адпрацоўвае з улікам павеваў новыя таварныя групы, якія ўводзяцца ў праграмы па імпартазамяшчэнні».

Па кветках яблыкаў не лічы

На шчасце, правам запаўняць інфармацыйную прастору надзеленыя не толькі ўладальнікі міністэрскіх кабінетаў. Дам слова расійскаму прадпрымальніку Іллю Піскуліну: «Заўсёды ёсць і куды расці, і куды падаць. Калі нас там яшчэ не было, то гэта не значыць, што ніхто і ніколі не можа там аказацца».

Праблема гэтага моманту для «Беларускай мадэлі развіцця» заключаецца ў нявызначанасці напрамку яе руху. За студзень-люты ВУП падрос на 1,2% адносна аналагічнага перыяду мінулага года. Калі ўспомніць, што годам раней рост за студзень-люты склаў 0,9%, то ў наяўнасці паскарэнне. І гэта ва ўмовах вельмі жорсткіх санкцый!
Не выключана, што мае рацыю аптыміст, які заявіў днямі наступнае: «Для нашых краін сапраўды адкрываюцца новыя вокны магчымасцяў. З сыходам заходніх кампаній з рынку Саюзнай дзяржавы вызваліліся найвелізарныя нішы, якія нам трэба будзе асвоіць».

Аднак, як кажа народная мудрасць, па кветках яблыкаў не лічы. Бо не той хлеб, што на полі, а той, што ў гумне. Згодна з прагнозам цэнтральнага банка Расіі, у першым квартале варта было чакаць паскарэння расійскай эканомікі да 5,5%. Шчаслівы, хто верыць. Прагноз быў апублікаваны 21 лютага, гэта значыць «да таго». Што ж тычыцца «пасля таго», то, на думку большасці аўтарытэтных расійскіх і замежных аналітыкаў, падзенне ВУП па выніках года складзе ад 10% да 15%.

Не стану грашыць супраць ісціны і сцвярджаць, што ў эканоміцы з двухзначным падзеннем ВУП «нас яшчэ не было». У 1994 годзе беларускі ВУП скараціўся на 11,7%, а ў 1995 годзе — на 10,4%. Лёсавызначальныя былі гады, «ліхія» — і запомніліся яны не толькі рэкордным падзеннем галоўнага эканамічнага паказчыка.

Выспятак Перабудовы спарадзіў працэсы, што кардынальна змянілі 1/6 частку сушы. Да якіх наступстваў прывядзе выспятак «спецыяльнай ваеннай аперацыі», сёння можна толькі здагадвацца. Тым не менш аўтар гэтага опуса цалкам падзяляе меркаванне галоўнага публічнага чалавека рэспублікі-партызанкі наконт таго, што «з пачаткам расійскай аперацыі ва Украіне завяршылася цэлая гістарычная эпоха».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: