«Часам не да законаў». Канстытуцыйны кантроль — усё?
Беларускія чыноўнікі нястомна «паляпшаюць» заканадаўства. Сёння прынялі чарговыя змены — і наўрад ці яны набліжаюць нас да вяртання права.
Дэпутаты Савета Рэспублікі сёння прынялі законапраекты «Аб змене Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь» і «Аб змене Закона Рэспублікі Беларусь «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».
Якія змены чакаюць дэпутатаў, расказаў дзяржаўнаму агенцтву «БелТА» адзін з членаў парламента Сяргей Сівец. Сярод шэрагу «касметычных» працэдур дэпутаты прынялі адну істотную папраўку: цяпер у Беларусі неабавязковы канстытуцыйны кантроль законаў.
«Адна з абавязковых стадый заканадаўчага працэсу — папярэдні канстытуцыйны кантроль законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў, адобраных Саветам Рэспублікі, да падпісання гэтых законаў прэзідэнтам — набывае факультатыўную ролю. Гэта значыць, цяпер не ўсе законы, прынятыя парламентам, будуць накіроўвацца на папярэдні канстытуцыйны кантроль, а толькі тыя, якія, на думку кіраўніка краіны, патрабуюць дадатковай праверкі на прадмет адпаведнасці палажэнням Асноўнага закона».
Што гэта азначае на практыцы? Канстытуцыйны кантроль — нагляд за захаваннем адпаведнасці прынятых законапраектаў і дзеянняў улад Асноўнаму закону. Законапраекты, якія не адпавядаюць нормам Канстытуцыі, прызнаюцца антыканстытуцыйнымі і не могуць быць прынятыя. Адсутнасць такога кантролю азначае, што ўлады нават фармальна перастаюць лічыцца з Канстытуцыяй і могуць прымаць якія заўгодна законы без асаблівых затрымак — у тым ліку і тыя, што парушаюць правы грамадзян, замацаваныя Асноўным законам.