Чым Лукашэнка заплаціць Расіі за свой чарговы прэзідэнцкі цыкл?

З якой бы ступенню ўпэўненасці ў сваім будучым трыумфе Лукашэнка не падыходзіў да чарговых прэзідэнцкіх выбараў, перад новым цыклам ён заўсёды быў абавязаны ехаць на Усход. За ярлыком на «княжанне». І везці з сабой ясак. Такую традыцыю са сваёй амаль 250-гадовай мангола-татарскай даўнасці расійскія ўлады ў 1990-я спраецыравалі на самога пакорлівага хаўрусніка.

lukashenko_putin_1024x576.jpg

Як паказвае гісторыя, чым больш няўважлівы і скупы да сюзерэну быў давальнік, тым больш праблемна развівалася яго ўнутраная гісторыя. Тым больш намаганняў яму патрабавалася, каб утрымацца на запаветным крэсле, піша Іван Карповіч у Plan B.

А надыходзячы прэзідэнцкі цыкл — асаблівы. У яго рамках ярлык павінен дапамагчы Лукашэнку ўкараніць мадэль, пры якой у будучыні ён і яго сям'я паспрабуе не згубіць уладу без цэтліка. Таму яму кроў з носу трэба расстарацца ў выразе вернападданніцкіх пачуццяў на чарговым амажы. І, вядома ж, не скупіцца на змесціва ясака.

Што ўжо было ў ясаках?

Папярэднія прэзідэнцкія цыклы Лукашэнка аплачваў эканамічнай інтэграцыяй і дзяржмаёмасцю. 

У складаным для яго перыядзе супрацьстаяння з парламентам у 1994-1996-х платай стаў Мытны саюз і Мазырскі НПЗ, перададзены ў склад «Слаўнафты». Былі саступкі ўсёмагутнай тады ельцынскай «сямібанкіршчыне» — накшталт «Нафтану», аддадзенага Хадаркоўскаму і Алекпераву.

У выніку, нягледзячы на каласальную запазычанасць за энерганосьбіты, якую сфармавалі лукашэнкаўскія кіраўнікі, Расія не спыніла пастаўкі паліва. І яшчэ абараніла перад Захадам, прызнаўшы легітымнасць і Лукашэнкі, і яго першага кішэннага парламента.

Да наступных выбараў Лукашэнка панёс ясак загадзя. У самым канцы 1999-га ў рамках саюзнай дамовы аддаў Маскве пошліны з экспарту паліва, валютны, энергетычны і транспартны рынкі. «Белтрансгаз» — «Газпрому».

Ельцын да таго часу быў ужо вельмі слабы. І Лукашэнка падстрахаваўся. Паабяцаў тым, хто выглядаў мацней — алігархам — «фамільнае срэбра»: практычна ўсе найважнейшыя для эканомікі краіны заводы і фабрыкі. Некалькі дзясяткаў іх увайшло ў так званы «спіс Селязнёва». Тагачасны спікер Дзярждумы выступаў пасярэднікам у пагадненні Лукашэнкі і расійскіх алігархаў.

Тыя ў выніку і дапамаглі яму выйграць выбары 2001-га. Але Лукашэнка тонка ўлавіў ўнутраныя змены, якія намеціліся пасля прыходу да ўлады Пуціна. Алігархі стаялі на шляху ўзвышэння Пуціна, і Лукашэнка проста адмовіўся выконваць дамоўленасці з імі. Прасцей кажучы — кінуў. На пацеху таго ж Пуціна.

Цікава, калі б алігархі не даравалі гэты кідок, дэманструючы тым самым сваю слабасць, пачаў бы Пуцін вайну з Хадаркоўскім і іншымі алігархамі, якія перашкаджалі яму? І быў бы наогул Пуцін сёння ў Расіі?

Пуцін у выніку перамог алігархаў. Перамог у Чачні. І давялося, пакінуўшы прымерку шапкі Манамаха, аддаваць усё, што абяцаў Ельцыну ў 1999-м. Перад выбарамі 2006-га надышла чарга «Белтрансгаза».

Газатранспартныя магістралі выпускаліся з рук настолькі павольна, што іх хапіла на частку ясака перад выбарамі 2011-га. Лукашэнка паспрабаваў дабраць добразычлівасць Масквы саступкай добрай траціны банкаўскага рынку. Але той аб'ём даніны падаўся недастатковым.

І ўпершыню ў прэзідэнцкіх выбарчых кампаніях у Беларусі загаварылі пра прарасійскіх кандыдатаў на замену Лукашэнку. Пра «руку Крамля». Аднак дасягнутая да таго часу канцэнтрацыя сілавых рэсурсаў і малаколькаснасць, раз'яднанасць і слабасць апазіцыі, дазволіла яму пачаць новы прэзідэнцкі цыкл.

Глядзіце таксама

Кошт апошніх перамог

У параўнанні з усімі папярэднімі кампанія 2015-га стала самай простай, а перамога ў ёй, можна сказаць, «элегантнай» па беларускіх мерках. Здабытая ў статусе «міратворца», бацькі «Мінскіх пагадненняў». Таму традыцыйны ясак для ўсходу на фоне пацяплення адносін з Захадам Лукашэнка скінуў да ўдзелу ў пабудове ЕАЭС.

А дарма! Масква настойвала на працягу ўніфікацыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Прасіла прадаць шэраг машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Намякала на прызнанне Крыма. Адкрыта абуралася, што васал зладзіў бізнес на антырасійскіх санкцыях. І пры гэтым не хоча дзяліцца барышамі.

Назапашаныя прэтэнзіі выявіліся ў 2020-м. Частка мітынгоўцаў нават верыла, што толькі Пуцін можа ўтаймаваць Лукашэнку, які пралівае кроў. Магчыма — замяніць. Напрыклад, на Мазепіна — гэткага беларускага Медведчука.

А Пуцін па-візантыйску вычакаўшы, даслаў Лукашэнку сваіх паліттэхнолагаў, журналістаў, паабяцаў Расгвардыю. І праз некаторы час спаўна вярнуў недаатрыманы ясак. Не папярэдзіўшы гаспадара, выкарыстаў сумесныя вучэнні для адкрыцця другога фронту супраць Украіны.

Глядзіце таксама

Чаго яшчэ не было ў ясаках?

Лукашэнка перад кампаніяй 2024-25 у такім становішчы, што аддасць усё, што ад яго запатрабуюць. Асабліва — калі настойліва.

Што гэта можа быць?

У вайсковай сферы — новыя расійскія вайсковыя базы і нават удзел УС РБ у цяперашняй вайне ва Украіне і, магчыма, з NATO.

Расійскі кантроль над перыметрам мяжы Беларусі з заходнімі і паўднёвым суседзямі — у эканоміцы.

У рэальным сектары — валаўтваральныя прадпрыемствы. Гэта да 2022-га Расію ўжо не цікавілі МАЗ, МТЗ і «Інтэграл». Таму што замест іх былі Volvo, John Deer і TSMC. Цяпер апошніх няма — попыт на беларускія актывы зноў з'явіўся.

Можа пры недастатковасці ўсяго гэтага ясакам стаць сам «лен» — незалежнасць? Цалкам магчыма. Папраўка ў закон аб прэзідэнце здымае з Лукашэнкі адказнасць за прынятыя рашэнні і дзеянні. Прынамсі, ён на гэта спадзяецца.