Сталі вядомыя дэталі пагаднення аб продажу "Белтрансгазу"
"Газпром" мае права патрабаваць ад улад Беларусі выкупіць за 5 мільярдаў долараў раней перададзеныя расійскай кампаніі акцыі ААТ "Белтрансгаз" у выпадку невыканання шэрагу палажэнняў пагаднення паміж урадамі дзвюх краін аб умовах куплі-продажу акцый і далейшай дзейнасці "Белтрансгаза". Вытрымкі з пагаднення, якое ААТ "Газпром" і Дзяржкамітэт па маёмасці Беларусі падпісалі 25 лістапада мінулага года ў Маскве, публікуе РИА Новости. Раней змест гэтага дакумента не выдаваўся.
"Газпром" мае права патрабаваць ад улад Беларусі выкупіць за 5 мільярдаў долараў раней перададзеныя расійскай кампаніі акцыі ААТ "Белтрансгаз" у выпадку невыканання шэрагу палажэнняў пагаднення паміж урадамі дзвюх краін аб умовах куплі-продажу акцый і далейшай дзейнасці "Белтрансгаза".
Вытрымкі з пагаднення, якое ААТ "Газпром" і Дзяржкамітэт па маёмасці Беларусі падпісалі 25 лістапада мінулага года ў Маскве, публікуе РИА Новости. Раней змест гэтага дакумента не выдаваўся.
"Беларускі бок абавязваецца па патрабаванні ААТ "Газпром" выкупіць усе раней перададзеныя ААТ "Газпром" акцыі ААТ "Белтрансгаз" за 5 мільярдаў долараў, а таксама кампенсаваць ААТ "Газпром" усе страты, якія могуць у яго ўзнікнуць у сувязі з гэтым "у выпадку невыканання любых са згаданых у дакуменце ўмоў", — паведамляе РИА Новости.
Да такіх умоў, у прыватнасці, адносяцца:
— спажыванне закупляемага ў ААТ "Газпром" газу выключна на тэрыторыі Беларусі;
— бесперашкодная і бесперабойная транспарціроўка па тэрыторыі Беларусі прыроднага газу, які падаецца з тэрыторыі Расіі;
— выключнае права "Белтрансгаза" на закупку прыроднага газу, што вывозіцца з тэрыторыі Расіі і прызначаецца для спажыўцоў Беларусі;
— невыкарыстанне спецыяльных правоў па кіраванні ААТ "Белтрансгаз", якія парушалі б або ўшчамлялі аб'ём правоў, дадзеных акцыянерам "Белтрансгаза" ў адпаведнасці з заканадаўствам аб гаспадарчых таварыствах, уключаючы ўвядзенне асаблівага права ("залатой акцыі") на ўдзел у кіраванні беларускім газатранспартным прадпрыемствам;
— адсутнасць не санкцыянаванага ўласнікам прыроднага газу адбору з патокаў газу, што транспартуюцца цераз тэрыторыю Беларусі;
— нязменнасць умоў карыстання зямельнымі ўчасткамі пад аб'ектамі нерухомай маёмасці беларускага ўчастка газаправода Ямал — Еўропа ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, якое дзейнічае на дату падпісання пагаднення.
Нагадаем, пасля падпісання гэтага пагаднення, якое прадугледжвала куплю "Газпромам" астатніх 50% акцый ААТ "Белтрансгаз", расійскі манапаліст стаў уладальнікам 100% акцый беларускай кампаніі. Першыя 50% акцый "Белтрансгаза" "Газпром" выкупіў долямі на працягу 2007-2010 гадоў, перадае БелаПАН.
"Газпром" ужо абнародаваў рашэнне перайменаваць "Белтрансгаз" у "Газпром трансгаз Беларусь".