«Спачатку яны знішчаюць права, а потым спрабуюць з дапамогай права абараніцца. Не атрымаецца»
Расійскі палітолаг і былы спічрайтар Уладзіміра Пуціна Абас Галямаў заўважыў новы беларускі закон аб «гарантыях» Лукашэнку пасля адыходу ад улады. І ён вельмі сумняецца, што з гэтага закона што-небудзь атрымаецца. І статыстыка — на баку гэтых сумневаў.
Вядомая даследчыца аўтарытарных рэжымаў Барбара Гедэс падлічыла, што пасля падзення аўтарытарнага рэжыму і пачатку руху ў бок дэмакратыі шанцы пазбегнуць выгнання, турмы або гвалтоўнай смерці ў зрынутага кіраўніка складаюць:
- для лідараў партыйных аўтакратый — 80 працэнтаў;
- для кіраўнікоў ваенных хунт — 63 працэнты;
- для правадыроў персаналісцкіх рэжымаў — 36 працэнтаў.
Як бачым, найменшы шанец пазбегнуць сумнай долі маюць кіраўнікі, якія абралі ў якасці свайго палітычнага стылю персаналізм — гэта значыць, якраз такія, як Лукашэнка.
Прычына крыецца ў татальным знішчэнні ў перыяд іх праўлення ўсіх асноўных палітычных і дзяржаўных інстытутаў. У адсутнасць такіх зрынуты дыктатар ні на абарону закона спадзявацца не можа, ні гарантаў здзелкі з надыходзячай апазіцыяй знайсці. Усталёўваючы персаналізм і выпустошваючы інстытуты, кіраўнік спрыяе насаджэнню ў краіне самавольства, ахвярай якога ён сам урэшце і становіцца.
Напэўна, сярод маіх падпісчыкаў ёсць нямала жыхароў Беларусі. Вы не маглі б перадаць Лукашэнку томік Барбары Гедэс?
Салідарны з Галямавым тэлеграм-канал «Серпом По»:
дыктатар Лукашэнка прыняў закон аб гарантыях сабе і сваёй сям'і ў выпадку пакідання ім вышэйшай пасады.
Там пажыццёвая ахова, перадача дзяржуласнасці, пажыццёвае ператварэнне ў дэлегата нейкіх карыкатурных структур. І, зразумела, недатыкальнасць у сувязі з любымі злачынствамі, здзейсненымі ў ходзе праўлення.
Працаваць гэта не будзе. Прыклад, хай і не цалкам прыдатны, ёсць — Казахстан. Але Лукашэнка не Назарбаеў, у яго іншая гісторыя. Ён — злачынец, які збіваў народ і развязаў масавыя рэпрэсіі. І гарантаваць недатыкальнасць сабе ён можа толькі датуль, пакуль улада ў яго ў руках, а ў Расіі — Пуцін.
Як толькі ў Расіі прыйдуць перамены (а яны прыйдуць з часам), краіна вернецца да еўрапейскага вектара, прыйдзе канец і дыктатару Беларусі з яго гарантыямі.
Гэта зразумела. Але паказальны сам па сабе закон аб гарантыях — ён кажа пра страх Лукашэнкі, пра разуменне канца. Было б інакш — сядзеў бы роўна. Не прымалі дыктатары Сталін і Маа законаў аб гарантыях сваім сем'ям, верылі ў трываласць парадкаў.
Лукашэнка, атрымліваецца, не верыць. Тым больш наіўная спроба нешта там усталяваць для сябе «законам». Усе рассыплецца.