Час не падманеш. Ідэя сыходу Лукашэнкі можа аб’яднаць «бчбэшнікаў» і значную частку «ябацек»
Тыя, хто глядзеў навагодняе выступленне Аляксандра Лукашэнкі, звярнулі ўвагу на яго стомлены выгляд і нездаровы голас. І чарговы раз падумалі пра тое, што ён не вечны, і варта мець нейкае бачанне будучыні.
Менавіта старэнне дыктатара можа (і мусіць) змушаць яго прыхільнікаў да думкі аб змене ўлады. Чаму таго ж самага жадае пратэсная частка грамадства, наогул казаць не даводзіцца — тут і прага палітычных перамен, і імкненне да дэмакратыі, і спыненне рэпрэсій, і праблемы ў эканоміцы, і цалкам усвядомленае разуменне, што лукашэнкаўскі рэжым ні на што добрае не здатны. Але вось і частка «ябацек», гледзячы тэлевізар і ацэньваючы кандыцыю куміра, памалу ўпэўніваецца, што зграі, так бы мовіць, патрэбны новы важак.
Бо цяперашні — ужо стары, у яго ўзросце трэба задумвацца пра тэстамент. Чым раней гэта зробіш, тым менш праблем будзе ў будучыні.
Канешне, гэта не тычыцца зусім гранічных, клінічных выпадкаў — калектыўны Карпянкоў альбо Азаронак баяцца заглядваць у будучыню, дзе няма Лукашэнкі. Там ім будзе, мякка кажучы, няўтульна, нават калі новым кіраўніком стане пераемнік кшталту Качанавай. Непазбежна зменяцца сілавыя балансы, наменклатурныя дамоўленасці, пройдзе пэўнае абнаўленне ў першых шэрагах, а ахвяруе сістэма такімі вось фрыкамі старой эпохі. Таму фрыкам лепш да апошняга трымацца за цяпершняе статус-кво.
Для іншай часткі прыхільнікаў улады (менш публічных ці наогул непублічных, звычайных абывацеляў, дзяржслужачых, якія не ўчынялі злачынстваў) думка пра неабходнасць сыходу Лукашэнкі абсалютна натуральная.
Час не падманеш, разумеюць яны. 30 гадоў кіравання — гэта, вядома, цудоўна, дзякуй, Аляксандр Рыгоравіч. Але мы нашмат маладзейшыя за вас, у нас дзеці і ўнукі, мы хочам, каб яны жылі ў краіне з больш-менш вызначанай будучыняй. А якая яна, гэтая будучыня, сёння, пры вашым кіраванні, якое зацягнулася? Што вы, ледзьве ходзячы, можаце прапанаваць?
Нават сённяшняя прыстрашаная сацыялогія паказвае, што большасць беларусаў не падзяляе некаторых установак існага рэжыму.
Напрыклад, зусім нядаўна, наведваючы з візітам Санкт-Пецярбург, Лукашэнка хваліўся завезенай у Беларусь ядзернай зброяй. Маўляў, яна ўжо на месцы, у добрым стане, калі што — прыменім, і мала нікому не падасца. Пры гэтым праведзенае ў лістападзе Chatham House даследаванне паказала, што дзве траціны (67%) гарадскога насельніцтва супраць гэтай трасцы на беларускай зямлі. І гэты кансэнсус трывае ўжо паўтара года.
Адметна, што 45% карыстальнікаў дзяржаўных СМІ (а там шмат якраз «ябацек») таксама супраць гэтых узбраенняў.
Паказальна і тое, што насуперак уплыву расійскіх медыя і каласальным высілкам лукашэнкаўскай прапаганды беларусы захоўваюць лагоднае стаўленне да заходніх краін-суседзяў. 55% пазітыўна ўспрымаюць Польшчу, 53% — Літву, 53% — агулам ЕС. А ўжо як афіцыйныя СМІ дэманізуюць Украіну — спрэс там і нацысты, і бандэраўцы, а 54% беларусаў добра ставяцца да паўднёвых суседзяў. І ў хаўрусе з Расіяй будучыню Беларусі бачыць толькі 41% апытаных.
Варта ўдакладніць, што давер да незалежных сацыялагічных даследаванняў у сённяшняй Беларусі адчувальна зменшаны — бо шмат пратэсна настроеных людзей баяцца кантактаў з «экстрэмістамі-тэрарыстамі». Паводле ацэнак сацыёлагаў, скажэнне можа дасягаць 15 працэнтных пунктаў. Тым не менш нават у такой сітуацыі бачны адчувальныя разыходжанні меркаванняў рэжыму і жыхароў краіны — у тым ліку, відавочна, тых, хто ў цэлым Лукашэнку падтрымлівае.
Яшчэ раз: гэта не значыць, што той ці іншы «ябацька» хоча сапраўдных перамен — з дэмакратыяй, бел-чырвона-белымі сцягамі і арыентацыяй на Захад. Наадварот, ён цалкам за захаванне дзейнага курсу. За «па пяцьсот», чарку і скварку, хату з краю і канцэрт Кіркорава ў «Мінск-Арэне». Але праблема ў тым, што старэнькі Лукашэнка ўсё менш выглядае гарантам гэтага курсу.
Наратыў пра тое, што ён не вечны і трэба нешта думаць, з’явіўся ў «гасударавых людзей» летась у траўні, калі правадыр моцна занядужаў і быў не ў стане прайсці 100 метраў і зрабіць прамову на Дзень Перамогі. Так і казалі асобныя спікеры рэжыму: маўляў, варта б спланаваць далейшую будучыню, без Лукашэнкі, каб да ўлады не прыйшлі «бчбэшнікі». Дык гэта набліжаныя, зацятыя прыхільнікі ўлады. Шараговыя, памяркоўныя «ябацькі» тым больш разумеюць, што пара неяк вызначыцца з заўтрашнім днём, а не жыць толькі сённяшнім.
Для аперацыі «Пераемнік» у Беларусі ўсё, дарэчы, падрыхтавана. Вынікамі так званага «реферэндуму» 2022 года зноў абмежаваны (да двух кадэнцый) тэрмін прэзідэнцтва, для Лукашэнкі прыдумана ўтульнае месца на чале Усебеларускага народнага сходу, яму і яго сваякам дадзены канстытуцыйныя гарантыі недатыкальнасці. Нельга сказаць, што рэжым не плануе сыход кіраўніка — якраз наадварот. Незразумела толькі, калі будзе запушчаны працэс замены «Першага» на «Другога» або «Другую». У 2025-м? 2030-м? 2035-ты — апошні дэдлайн, але ці варта да яго даводзіць?
Ужо зараз незалежныя эксперты кажуць, што здароўе Лукашэнкі стала фактарам палітыкі. Цягам гэтых бліжэйшых гадоў вага гэтага фактару будзе толькі павялічвацца. Аўтаматычна будзе ўзрастаць непакой за будучыню для стрыманай часткі прыхільнікаў дзеючай улады. З адначасовым, можа, падсвядомым жаданнем, каб хутчэй ужо яны там наверсе вырашылі пытанне пераемнасці. Бо і так жа клопатаў хапае — і вайна па суседстве працягваецца, і санкцыі, і ў эканоміцы праблем становіцца болей, і моладзь па-ранейшаму з’язджае. А тут яшчэ і гэты дзед не жадае сыходзіць, усё змагаецца з прывідамі 2020 года.
Зразумела, што наменклатурная ракіроўка на галоўнай дзяржаўнай пасадзе — гэта не тое, аб чым мараць сапраўдныя прыхільнікі дэмакратычных перамен у Беларусі. Але пры сённяшніх рэпрэсіях і залежнасці ад Расіі выбіраць не даводзіцца.
Прыход умоўнай Качанавай пры мяккай пасадцы Лукашэнкі ў фатэль старшыні УНС у любым выпадку абернецца пэўнай разрадкай напружанасці ў грамадстве. Таму што, з аднаго боку, частку ўлады дыктатар пераемніцы ўсё ж дэлегуе, а яна будзе зацікаўленая калі не ў перазагрузцы, то ў элементарным наладжванні адносін з грамадствам. Прынамсі, з той большасцю, якая хоча жыць не ў аточанай крэпасці, а як у 2019-м.
Якія формы прыме такая «адліга», сказаць цяжка. Напэўна, яна будзе працяглай у часе, а не аднамомантнай. Не выключана, будзе чымсьці нагадваць казахстанскую.
У Казахстане ў сакавіку 2019-га Такаеў на змену Назарбаеву прыйшоў самым вялікім яго прыхільнікам. Ён не саромеўся хваліць папярэдніка ў лепшых традыцыях культу асобы. Гэта па ініцыятыве Такаева сталіцу дзяржавы перайменавалі з Астаны ў Нур-Султан, таксама новы прэзідэнт прапанаваў паставіць у горадзе помнік Вялікаму Елбасы, а яшчэ назваць яго імем цэнтральныя вуліцы ў абласных цэнтрах.
Але пры ўсім гэтым ён правёў у Казахстане і палітычную лібералізацыю. А потым сітуацыя наогул выкруцілася так, што сталіцу перайменавалі «як было», а помнікі Назарбаеву разбурылі і без прывілей яго пакінулі.
Так ці інакш, прыход да ўлады ў Беларусі новага чалавека будзе азначаць змякчэнне дыктатуры, таму што, паводле меркаванняў аналітыкаў, лукашызм без Лукашэнкі існаваць не зможа. А гэта можа быць і збліжэнне з Захадам, і вызваленне палітвязняў і г.д.
Пры Лукашэнку чакаць гэтага наіўна. Але ён старэе, і нават яго прыхільнікі гэта бачаць усё больш яскрава. Найбольш сталыя з іх добра памятаюць, што анекдоты пра «дарагога Леаніда Ільіча» на пачатку 80-х расказвалі не толькі дысідэнты, а і члены партыі.