Дэкрэт №2: «Фількіна грамата» ці сігнал для пачатку змовы?

Персанальна мне незразумела, чаму ўсе так узрушыліся з-за падпісанага Лукашэнкам дэкрэта №2. Ці мала ён падпісваў такіх «лёсаносных» дакументаў? І што з таго?

_nadpis___partyzany___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg


Давайце ўзгадаем з ранейшых падобных паперак вось проста тое, што прыходзіць на памяць. Напрыклад, дэкрэт пра дрэваапрацоўку, па якім нават працоўным было забаронена звальняцца з мадэрнізаваных прадпрыемстваў. Таксама было багата енку. І што ў выніку? Мадэрнізаваныя прадпрыемствы аказаліся ў глыбокай даўгавой яміне, а забарона звальняцца прывяла да маштабнага скарачэння тых самых працоўных. Тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску» прыводзіць проста шакуючыя лічбы. Напрыклад, з 2010 па 2019 гады колькасць працоўных на Мінскдрэве скарацілася з 718 да 163 чалавек, на Барысаўдрэве — з 1146 да 728, на «Беларускіх шпалерах» — з 2788 да 994, на ФанДАК — з 2232 да 1256, на на Гомельдрэве — з 3296 да 2361. І гэтак — па ўсёй «мадэрнізацыі».
Самы нашумелы дэкрэт — гэта, канешне, аб дармаедах. Нагадаем, ён быў падпісаны ўжо больш за 6 гадоў таму: 2 красавіка 2015 года. Дагэтуль чыноўнікі ламаюць галаву, як увесці яго ў дзеянне і прымусіць працаваць — хаця б «для галачкі». Але нават «для галачкі» — не атрымліваецца.
Адзіны дакумент, які больш-менш спрацаваў — гэта дэкрэт аб лічбавых тэхналогіях, які даў ільготы Парку высокіх тэхналогій. Але і тое — не да канца. Па-першае, гэты дэкрэт няшмат чаго прынёс краіне па-за межамі гэтага ПВТ, па-другое — усе ільготы і прынцыпы «англійскага права», што прадастаўляліся айцішнікам гэтым дакументам, былі скасаваныя фразай «іншым часам не да законаў».
А разам з дэкрэтам пра ПВТ Лукашэнка падпісваў і дэкрэт пра лібералізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці. Думаю, не трэба казаць, што ён не спрацаваў зусім.
Паўстае лагічнае пытанне: калі дэкрэты не працуюць пры жывым Лукашэнку, ці будуць яны працаваць пры Лукашэнку мёртвым? Пытанне лагічнае, але рытарычнае, ці не праўда?

А дзе Канстытуцыя?

Апроч таго, узнікаюць вялікія праблемы з законнасцю. Дэкрэт, дэ-юрэ, з’яўляецца падзаконным актам. А па Канстытуцыі ў выпадку няздольнасці прэзідэнта выконваць свае абавязкі (а смерць — гэта тая ж няздольнасць) улада пераходзіць да прэм’ер-міністра.
У дэкрэце, канешне, прапісана, што менавіта прэм’ер узначальвае Раду Бяспекі. Аднак усё роўна «калектыўнае кіраўніцтва» краінай неяк не суадносіцца з Асноўным законам краіны. А ў выпадку страчанай легітымнасці, калі ўсе рашэнні Лукашэнкі — і гэты дэкрэт у тым ліку — могуць быць пастаўленыя пад сумнеў з пункту гледжання законнасці, вялікае пытанне, што спрацуе: дэкрэт альбо Канстытуцыя.
Гэта ў 2019 годзе так званыя «дэпутаты» проста па шчаўчку датэрмінова знялі з сябе паўнамоцтвы, даўшы старт абранню новага складу парламента. Але ў выпадку гібелі Лукашэнкі шчаўчка не прагучыць. І прэм’ер (сам з вайскоўцаў, дарэчы) можа вырашыць кіравацца Канстытуцыяй, а не нейкім нелегітымным і сумнеўным з пункту гледжання законнасці дакументам. У такім выпадку замест «абароны канстытуцыйнага ладу» (што заяўлена ў назве дэкрэту) мы можам атрымаць у краіне поўны раздрай ды грызню за ўладу. Асабліва небяспечна, што гэтая грызня будзе адбывацца сярод людзей, якія маюць у сваім распараджэнні ўзброеныя сілы і падраздзяленні. Верагоднасць «маленькай грамадзянскай вайны» сярод сілавых структур Сінявокай, пагадзіцеся, не нулявая.

Ненадзвычайнае становішча

Найбольш цікавы момант, канешне, што ў выпадку «гібелі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у выніку замаху на яго жыццё, здзяйснення акта тэрарызму, знешняй агрэсіі, з прычыны іншых дзеянняў гвалтоўнага характару» Рада Бяспекі «неадкладна» ўводзіць «ва ўстаноўленым парадку» на тэрыторыі краіны надзвычайнае або ваеннае становішча.
Па-першае, яшчэ пытанне, каго лічыць прэзідэнтам. Па другое: а што, у выпадку знешняй агрэсіі без гібелі прэзідэнта надзвычайнае або ваеннае становішча не ўводзіцца? Ці нам прадпісана сустракаць захопнікаў хлебам-соллю? І па-трэцяе, а чым нашае сённяшняе становішча адрозніваецца ад надзвычайнага? Поўны прававы дэфолт, сведкі ў балаклавах, асуджэнне людзей за «пікетаванне шкарпэткамі» ці аблокамі, катаванні ў месцах зняволення (што недапушчальна нават у час вайны), забойства сілавікамі мірных дэманстрантаў і выкарыстанне арміі супраць народа (што даказана ўжо ў судзе)… Чаго нам не хапае для «надзвычайнага ці ваеннага становішча»: танкаў на вуліцах ды каменданцкай гадзіны?
Канцэнтрацыйныя лагеры для іншадумцаў ужо былі, гета ў той жа «Новай Баравой» ужо створана… Хіба што гэта яшчэ не аформленае дакументам «надзвычайнае становішча». А дэкрэт — ён толькі прапісвае на паперы стварэнне таго, што ўжо, збольшага існуе, і існуе не адзін месяц. Гэта як нашыя «народныя абраннікі», прымаючы рэпрэсіўныя законы, падводзяць «бачнасць законнасці» пад фактычна існуючую сітуацыю».

Memento mori

У гэтым дакуменце праглядаецца вельмі цікавая роля беларускай прапаганды, якая, у сутнасці сваёй, ператварылася, як слушна заўважалі, у «сектанцкі» інструмент. Спачатку ўлады ствараюць «змову інтэлігентаў», нібыта скіраваную на знішчэнне Лукашэнкі. Потым усяляк раскручваюць гэты сюжэт па ўсіх сваіх прапагандысцкіх каналах. А потым ахоплены паранойяй кіраўнік і сам пачынае верыць у тое, што да яго «ухмыляясь, приближаются с ножами».
Насамрэч, калі да яго нехта і набліжаецца «з нажом», то гэта зусім не Фядута з Кастусёвым. І тут вельмі цікавы і паказальны факт, што беларускі пратэст, які ўзнік і працягваецца дагэтуль, нягледзячы на ўвесь гвалт і бязмежжа з боку сілавікоў, насіў і носіць абсалютна мірны і негвалтоўны характар. Бо, у адрозненне ад нашых «судоў», маральна нельга прызнаць гвалтам сарваную з міліцыянта маску альбо пару драпінаў на скуры.Гэта ўлада выстаўляе, як «гвалт», выносіць адпаведныя прысуды, і — зноў жа, — у чарговы раз запужвае сама сябе і пакуль што кіраўніка дзяржавы ў прыватнасці. Эскалацыя гвалту ў дачыненні да грамадзян краіны ператварылася ў эскалацыю страху для ўлады. Плюс — уздзеянне сваёй жа прапаганды, і ўлада пачынае баяцца ўласнага ценю.
Моцная ўлада, пагадзіцеся, так сябе не паводзіць.
Таму і з’явіліся думкі, напрыклад, у палітолага Валерыя Карбалевіча, што дэкрэт, падпісаны Лукашэнкам — гэта яго палітычны тэстамент, завяшчанне. «Дэкрэт № 2 — гэта наканаванасць, адчуванне асуджанасці лёсу, адсутнасці перспектывы… Падпісваючы згаданы дэкрэт, Лукашэнка ставіць на парадак дня грамадскіх абмеркаванняў пытанне пра тое, што будзе пасля Лукашэнкі, міжволі правакуючы штучны крызіс яго легітымнасці. У падсвядомасць беларускага грамадства закладваецца думка, што аказваецца, і без Лукашэнкі Беларусь можа жыць», — напісаў ён у сваім блогу на Радыё Свабода.
Сапраўды, гэта чарговы сігнал, што кіраўнік Беларусі думае пра свой сыход. Прычым, гэтыя думкі даволі не радасныя. На яго меркаванне, гэты сыход абавязкова скончыцца яго смерцю — і неабавязкова палітычнай.
Але падобнае палітычнае завяшчанне — гэта не толькі сігнал грамадству. Гэта яшчэ і «сігнал для сваіх» — і сігнал не вельмі аптымістычны. Для іх гэта — знак таго, што «Акела састарэў, стаў слабейшым». Наш Акела задумаўся пра сыход — а значыць, трэба думаць, як жыць, у выпадку чаго, без яго. І думаць пра гэта будуць не толькі сілавікі, але і чыноўнікі ўсіх рангаў і ўзроўняў. Што не дадасць «правадыру» ані каліва лаяльнасці.
Ну і, канешне, сакральна была абраная дата падпісання гэтага дэкрэту. Напэўна, Лукашэнка думаў, што прыняццё такога рашэння ў Дзень Перамогі будзе сведчыць пра яго моц і ўпэўненасць у той самай перамозе. Аднак, як звычайна, усё атрымалася нягегла.
І па інтэрнэтах ужо ходзіць заўвага: мы ўсе ведаем, які дакумент быў падпісаны ў Берліне ў ноч з 8 на 9 траўня 1945 года.

Хто ў выйгрышы?

Адзіна, для каго карысны гэты дакумент, — для тых самых сілавікоў, што засядаюць у Радзе Бяспекі. Менавіта яны зразумелі цяпер, як усё прыкладна будзе працаваць у выпадку, калі нехта з іх груповак адважыцца на дзяржаўны пераварот. Менавіта яны, зыходзячы з гэтага дакумента, могуць планаваць свае дзеянні: з кім дамаўляцца, як атрымаць вырашальную большасць у дзве траціны ў Радзе Бяспекі, каго варта арыштаваць, а каго, можа быць, «пусціць у расход».
Дэкрэт, падпісаны Лукашэнкам, вельмі небяспечны для яго самога — бо ён паказвае няўпэўненасць кіраўніка ва ўласнай будучыні, і адкрывае дарогу хаця б для разважанняў пра да магчымую «змову». І да гэтай змовы Фядута з Кастусёвым дачынення ўжо не маюць.
Здраджваюць заўсёды свае, праўда?