Дэлегацыя Дзярждэпартамента ЗША сустрэлася з прадстаўнікамі ўлад і апазіцыі
З 27 па 29 студзеня ў Мінску знаходзілася дэлегацыя Дзярждэпартамента ЗША на чале з каардынатарам праграмы дапамогі ЗША краінам Еўропы і Еўразіі Дэніэлам Розэнблюмам. У ходзе візіту адбыліся сустрэчы ў міністэрствах замежных спраў, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны.У апошні дзень Розэнблюм сустрэўся з 7-ю кіраўнікамі апазіцыйных грамадска-палітычных структур.
А менавіта: Ірынай Вештард (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)), Сяргеем Калякіным (Беларуская партыя левых "Справядлівы свет"), Анатолем Лябедзькам
(Аб'яднаная грамадзянская партыя), Аляксандрам Мілінкевічам (рух "За Свабоду"), Уладзімірам Някляевым (грамадзянская кампанія "Гавары праўду!"),
Віталем Рымашэўскім (аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя") і Аляксеем Янукевічам (Партыя БНФ).
"Сустрэча доўжылася дзве з паловай гадзіны. Яна, як сказаў Розэнблюм, была на дэсерт", — паведаміў БелаПАН Анатоль Лябедзька. Паводле слоў палітыка,
абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі і перспектывы яе развіцця. Сярод канкрэтных тэм — палітзняволеныя, гучныя знікненні, свабодныя выбары, дыялог з уладамі.
Як заявіў Лябедзька, першым пунктам парадку дня на беларускім напрамку для ЗША застаецца вызваленне палітзняволеных, за якім непарыўна ідуць выкананнем Мінскам правоў чалавека і правядзенне свабодных
выбараў. "Я і Рымашэўскі зрабілі акцэнт на важнасці правядзення свабодных выбараў. Калі мы гэтага не даб'ёмся, то пасля чарговай выбарчай кампаніі зноў памяняюцца толькі
прозвішчы тых, хто сядзіць у СІЗА, і ўсё пачнецца спачатку", — сказаў палітык. Акрамя таго, паводле яго слоў, нельга "здаваць у архіў" тэму выкрадзеных.
"Прадстаўнік Дзярждэпартамента памеціў гэта ў сваім блакноце", — паведаміў Лябедзька.
Старшыня АГП, паводле яго слоў, задаў Розэнблюму тры пытанні: "Якія знакі прыпынку будуць расстаўленыя новым дзяржсакратаром ЗША Джонам Керы ў пасланні да Беларусі?",
"Ці маюць рацыю амерыканскія аналітыкі, якія заяўляюць, што трэба чакаць дамоўленасці паміж Абамам і Пуціным аб пераходзе постсавецкай прасторы ў кіраванне Крамля?" і
"Ці кантактаваў урад або пасольства ЗША з групай амерыканскіх аналітыкаў напярэдадні іх нядаўняй паездкі да Лукашэнкі?".
"На першае пытанне Розэнблюм заявіў, што шмат будзе залежаць ад каманды, якая прыйдзе разам з Керы, аднак не трэба чакаць рэзкіх рухаў, палітыка ЗША адносна Беларусі будзе пераемнай і
паслядоўнай. Адказ на другі пункт: ёсць шэраг пытанняў, у якіх ЗША і Расія супрацоўнічаюць і маюць узгодненую пазіцыю, у прыватнасці, барацьба з тэрарызмам, стрымліванне Ірана і Паўночнай
Карэі. Але ёсць дыскусійныя пытанні, у пералік якіх уваходзіць і будзе ўваходзіць постсавецкая прастора, так што ніякіх пагадненняў паміж Абамам і Пуціным чакаць не трэба. Трэці адказ: аналітыкі
прыязджалі самі па сабе, ніякага задання не мелі, нікім не курыраваліся", — паведаміў Лябедзька.
"Візіт Розэнблюма сведчыць аб цікавасці ЗША да Беларусі. Гэта добра, калі сітуацыяй у нас цікавіцца чыноўнік такога ўзроўню. Ёсць магчымасць наўпрост задаваць пытанні і выкладаць сваю
пазіцыю", — адзначыў лідар АГП.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН