Дэмакратыя ў нацыянальнай упакоўцы

Дэмакратычны транзіт паводле заходніх лякалаў спараджае крызісы нацыянальных ідэнтычнасцяў. Але якія альтэрнатывы?

pryjarytet_1_logo.gif


Калі верыць сакавіцкаму апытанню НІСЭПД, 88% беларусаў лічаць, што эканоміка знаходзіцца ў крызісе. Такое адзінства меркаванняў у рэспубліцы-партызанцы фіксуецца вельмі рэдка. Нават ЦВК пад кіраўніцтвам Лідзіі Ярмошынай на яго не прэтэндуе.
Прычына адзінства палягае на паверхні і патрэбы ў каментарах не мае. Калі нешта і варта пракаментаваць, дык гэта фенаменальную здольнасць «дзяржавы для народа» неадэкватна ацэньваць тое, што адбываецца.
У красавіку беларускі парламент аднавіў сваю працу. Натуральна, не абышлося без натхняльных прамоваў старшыняў палат. Тэксты выступаў Уладзіміра Андрэйчанкі і Міхаіла Мясніковіча былі апублікаваныя. Я іх уважліва прачытаў, аднак ні ў адным з тэкстаў не сустрэў слова «крызіс». Такім чынам, няма сэнсу спадзявацца на тое, што народныя абраннікі накіруюць свае намаганні на яго пераадоленне.
Пра ўзровень адэкватнасці можна меркаваць ужо па загалоўках выступленняў: «Галоўны прыярытэт — развіццё і стабільнасць» (Андрэйчанка), «Палітычная воля, эфектыўнае заканадаўства і адказная праца кадраў — аснова паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны» (Мясніковіч).
Ключавое слова ў загалоўках — «развіццё», а тое, што па факце Белстат другі год запар фіксуе падзенне ВУП, старшыні палат браць пад увагу не жадаюць.
Але з пункту гледжання фармальнай логікі гэта можна патлумачыць па-іншаму. Слабым месцам «беларускай эканамічнай мадэлі развіцця» (такая яе поўная назва) з’яўляецца... развіццё. Пра гэта Адміністрацыі прэзідэнта, ураду, выбаршчыкам і хочуць нагадаць старшыні палат. У такім кантэксце любая згадка «палітычнай волі і адказнай працы кадраў» таксама выглядае гарманічна. Менавіта гэтых якасцяў і не хапае сёння на вяршыні ўладнай «вертыкалі».


Праблема канстытуцыйнага маштабу


На пытанне пра тое, што адбываецца ў Беларусі, я, як правіла, кажу: калі абмежавацца адным словам, — дэградацыя. Што дэградуе? Усё — культура, дзяржава, грамадства, эканоміка... Спіс можна працягнуць...
Прасцей за ўсё казаць пра дэградацыю эканомікі. Крытэрыі канкрэтныя. Недахопу ў статыстычных дадзеных няма. За мінулую пяцігодку фактычныя тэмпы росту па большасці найважнейшых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця апынуліся ніжэй за планаваныя на парадак. Пачатак новай пяцігодкі адзначаны ўжо адмоўнымі тэмпамі росту. Але выключна эканамічных праблем у прыродзе не бывае.
Асабіста я ў эканоміцы разбіраюся на ўзроўні шараговага чытача газет. Мне бліжэй паліталагічны і сацыялагічны погляд на беларускую мадэль. Таму я з цікавасцю чытаю аналітычныя артыкулы калегаў па цэху, прычым і тых, якія выказваюць афіцыйны (дзяржаўны) пункт гледжання. Напрыклад, з апошнім дазваляе азнаёміцца, што называецца, з першых рук артыкул «Самабытныя каштоўнасці», апублікаваны ў часопісе «Беларуская думка» (№ 2 за 2016 г.). Яго аўтары — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юрый Бондар і доктар філасофскіх навук Леў Крыштаповіч.
Калі меркаваць па загалоўку, артыкул прысвечаны каштоўнасцям. Словазлучэнні «сістэма каштоўнасцяў», «гістарычныя каштоўнасці беларускага народа», «каштоўнасныя арыентацыі ў адносінах да нацыянальнай палітычнай сістэмы» і падобныя да іх прысутнічаюць амаль у кожным абзацы. Аднак ні адной канкрэтнай каштоўнасці аўтары так і не назвалі, затое пераканаўча, са спасылкамі на міжнародныя аўтарытэты, растлумачылі, чым нашы каштоўнасці, наша культура, наша ідэалогія і наша дэмакратыя адрозніваюцца ад нянашых.
Падмацую сказанае цытатай: «Дэмакратыя ў заходняй упакоўцы абмяжоўваецца толькі заходнімі краінамі, і яе немагчыма экстрапаляваць на іншую частку сусветнай супольнасці менавіта па прычыне адсутнасці крытэрыяў, якія абумовілі станаўленне інстытутаў заходняга грамадства».
Рашучае сцвярджэнне. І я з ім згодзен. Але мая згода спара­джае праблему канстытуцыйнага маштабу. Адкрываем асноўны закон. Чытаем артыкул першы, другі і чацвёрты: «Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава»; «Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы»; «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў».
Хто скажа, што згаданыя прыклады супярэчаць духу і літары «дэмакратыі ў заходняй упакоўцы», хай першым кіне ў мяне камень.


Куды пераходзім?


Між іншым, дзеючы варыянт Канстытуцыі прыняты «найбольш дэмакратычным, цывілізаваным шляхам — шляхам рэферэндуму». Гэта не маё меркаванне. Яго я запазычыў з выступу адзінага палітыка (АП) на першым Усебеларускім народным сходзе. Але нешта я не ўзгадаю, з якіх глыбінь нацыянальнай культуры быў выняты прынцып змены асноўнага закона з дапамогай рэферэндуму.
Дарэчы, цяперашняя двухпалатная структура парламента паўстала толькі таму, што так арганізаваны прадстаўнічы орган улады «ў большасці дэмакратычных краінаў свету».
Аўтары артыкула адпрэчваюць універсальнасць заходняй мадэлі, бо яна «не адпавядае ўмовам Беларусі, як і іншых пераходных грамадстваў на еўразійскім, азіяцкім, афрыканскім, лацінаамерыканскім прасторах».
Выдатнае прызнанне. Вось з гэтага месца хацелася б падрабязней. Знаходжанне ў пераходным стане азначае, што беларускае грамадства кудысьці пераходзіць, што яго цяперашні стан з’яўляецца часовым. Статус часовай мае і беларуская мадэль эканамічнага развіцця. Нездарма ж АП на другім Усебеларускім народным сходзе аднёс Беларусь да ліку «іншых краін з пераходнай эканомікай».
Дык куды мы пераходзім ужо трэці дзясятак гадоў пад кіраўніцтвам дамарослага Майсея? Дзе тая Зямля Абяцаная, ці мы яе ўжо дасягнулі, так і не пераключыўшыся з каманды «На месцы, крокам руш!» на каманду «Бягом!»?
Ёсць такі раздзел у сучаснай паліталогіі — транзіталогія, які вывучае пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі. Ад сябе дадам, да дэмакратыі «ў заходняй упакоўцы», бо іншыя тыпы дэмакратыі ў транзіталогіі не разглядаюцца. Зразумела, гэта не адмяняе магчымасцяў асобным прасунутым мыслярам распрацоўваць канцэпцыі дэмакратый у нацыянальных упакоўках.
Асноўнае адрозненне беларускай дэмакратыі ад заходняй, на думку вышэйзгаданых аўтараў, палягае ў тым, што беларуская дэмакратыя з’яўляецца «сапраўднай», г. зн. выказвае і абараняе інтарэсы большасці, у той час «у канстытуцыйным праве ЗША пад прынцыпам дэмакратыі разумеецца «ахова правоў меншасці».


Дэмакратыя «падступных рабоў»


Якая з дэмакратый з’яўляецца сапраўднай — пытанне асобнае, але сутнасць адрознення адлюстравана правільна. У сувязі з гэтым нагадаю чытачам, што ў аснову функцыянавання КПСС і савецкай дзяржавы быў пакладзены прынцып дэмакратычнага цэнтралізму, адным з базавых элементаў якога з’яўлялася абавязковае падпарадкаванне меншасці большасці. Выдатны прынцып, вось толькі чамусьці ён не змог перашкодзіць ні фарміраванню культу асобы Сталіна, ні валюнтарызму Хрушчова...
Для разумення парадоксу, прывяду выказванне, якое прыпісваецца Вальтэру: «Я не падзяляю вашых перакананняў, але гатовы памерці за ваша права іх выказваць». Такое вось уяўленне пра дэмакратыю. Глыбока чужое нам уяўленне. Яно, між іншым, не адкідае неабходнасці абавязковага падпарадкавання меншасці рашэнням, прынятым большасцю, але захоўвае пры гэтым за меншасцю права працягваць адстойваць свае перакананні.
Пры Сталіне тых, хто адмаўляўся публічна дэклараваць сваю згоду з большасцю (з лініяй партыі і ўраду), — расстрэльвалі, пры Хрушчове — адпраўлялі ў дамы вар’ятаў. У сучаснай Беларусі да такіх крайнасцяў справа не даходзіць, але доступ да сацыяльных ліфтаў прадстаўнікам меншасці надзейна перакрыты. Апошняе наглядна пацвярджаецца прафесійным складам апазіцыі. Знаходжанне пры пасадах у дзяржаўных або прыватных структурах несумяшчальнае сёння з сяброўствам у апазіцыйных партыях. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што, калі пакінуць за дужкамі 90-я гады, статуснымі фігурамі апазіцыя не папаўняецца.
Дэмакратыя ў нацыянальнай упакоўцы абапіраецца на сацыякультурны тып чалавека, які ў сацыялогіі прынята называць «чалавекам савецкім». Перш за ўсё, гэта чалавек, які адаптаваўся да рэпрэсіўнай дзяржавы, чалавек з падвойнай свядомасцю («падступны раб» у трактоўцы Лермантава).
Дэмакратыя ў нацыянальнай упакоўцы і з’яўляецца адным з інструментаў рэпрэсій. З яе дапамогай нават выбары, якія адпавядаюць усім заходнім стандартам, могуць адкрыць дарогу персаналісцкай дыктатуры. Як гэта адбываецца на практыцы, мы мелі магчымасць назіраць у 1994 годзе. І ўсё таму, што пры такім тыпе дэмакратыі пераможца атрымлівае ўсё, а лёс тых, хто прайграў, залежыць ад гістарычнага кантэксту (ад фізічнага знішчэння пры Сталіне да поўнай маргіналізацыі пры АП).
* * *
На думку аўтараў артыкула, «Дэмакратычны транзіт паводле лякалаў гэтай (заходняй. — С.Н.) мадэлі спараджае, як пацвярджае практыка, крызісы нацыянальнай ідэнтычнасці, размывае культурную разнастайнасць народаў, краін і рэгіёнаў».
У чарговы раз згодзен. Але якая альтэрнатыва? Як, застаючыся ў межах нацыянальнай ідэнтычнасці, угнацца за народамі, якія далі старт чацвёртай прамысловай рэвалюцыі? Пра наяўнасць такой праблемы аўтары, відаць, не падазраюць.