Дзмітрый Арэшкін: Што Расія можа прапанаваць Захаду? Санкцыі супраць Байдэна?

Расійскі палітолаг — пра тое, чаму дыялог з Захадам з пазіцыі сілы не працуе ні ў Пуціна, ні ў Лукашэнкі.

6do.jpg

Расійскі незалежны палітолаг Дзмітрый Арэшкін прааналізаваў, як можа развівацца ўзаемная эскалацыя пагроз, санкцый і контрсанкцый паміж Захадам і Расіяй. Паралелі з Беларуссю і рыторыкай «асіметрычных мер» ад Лукашэнкі вельмі празрыстыя, адзначае «Салідарнасць».

Нагадаем, у дачыненні да беларускага рэжыму да вясны можа быць прыняты ўжо шосты пакет санкцый. Новыя санкцыі, аж да персанальных, паабяцалі сенатары ЗША і Уладзіміру Пуціну. Такі крок прэс-сакратар Крамля назваў «фактычным разрывам стасункаў».

— У іх уяўленні Пуцін персаніфікуе Расію, і персанальныя санкцыі супраць першай асобы — катастрофа свету, бо калі ўжо Пуціна не баяцца, то што казаць пра авуары, пра дзяцей, пра ўклады ўсіх тых, хто «пры Пуціне», — растлумачыў незалежны палітолаг Дзмітрый Арэшкін у эфіры «Эха Москвы». — Думаю, гэта апошні рубеж, за якім ужо ідзе вайна, і Захад не будзе спяшацца, разумеючы сувораўскі прынцып: трымай кулю ў дуле.

Пагроза артыкуляваная нездарма, але ўводзіць іх, думаю, будуць толькі ў самым крайнім выпадку. Напрыклад, калі палавецкія скокі з танкамі ля ўкраінскай мяжы пяройдуць у нейкія ваенныя дзеянні.

Ніякіх аргументаў, акрамя сілавых, у пуцінскай Расіі няма. А ў Еўропы ёсць, таму цягнуцца да яе і Грузія, і Малдова, і краіны Балтыі, і Украіна, кажа палітолаг.

— Што, акрамя пагроз, «вайскова-тэхнічнага адказу», як выказаўся Пуцін, Расія можа прапанаваць? Санкцыі супраць Байдэна, Столтэнберга? Дык, і яны не будуць ездзіць на адпачынак на Калыму, не будуць укладваць грошы ў інвестыцыі і ўсё астатняе — гэта для Амерыкі вельмі страшная пагроза, — іранізуе эксперт. — Энергетычныя пагрозы ў дачыненні да Еўропы ўжо рэалізуюцца: газаправод ўжо тры тыдні як працуе ў рэверсным рэжыме, і «Газпрам», насуперак логіцы бізнесу, не павялічвае пастаўкі газу па высокай цане, а прытрымлівае, каб паказаць, што гэта можа дрэнна скончыцца.

Але ў доўгатэрміновай перспектыве карцінка контрпрадуктыўная. У Еўропе разумеюць, што расійскія газавыя пастаўкі не з'яўляюцца элементам бізнэсу, а з'яўляюцца рычагом геапалітычнага ўздзеяння.

І таму ўсе гульні з газавым кранам толькі падрываюць шанцы «Паўночнага патоку — 2» на ўкараненне, а Расія ўжо выдаткавала каля 10 мільярдаў долараў для таго, каб пракласці гэтую трубу на дно, і ўжо 2,5 года труба магла б працаваць і прыносіць грошы. Але не працуе.

І чым агрэсіўней будзе сябе паводзіць спадар Лаўроў, тым менш шанцаў, што Еўропа пагодзіцца прыняць гэтую новую газавую нітку, пераканаўшыся на сваім асабістым вопыце, што гэта жалезная пятля, якую спрабуюць накінуць на шыю Еўрасаюзу, раскалоць яго паміж інтарэсамі Германіі і Францыі, Галандыі, Брытаніі.

Запалохванне Еўрасаюза вайсковымі пагрозамі, адзначае палітолаг, даволі доўга працавала — пачынаючы з 2006 года і знакамітага выступу Пуціна ў Мюнхене:

— Але ў любога інструмента ёсць тэрмін дзеяздольнасці. Зашрубоўваць і зашрубоўваць страшылку аж да зрыву разьбы было справай нявыгадным, і мне здаецца, што цяпер гэты зрыў адбыўся. Захад шукае альтэрнатыўныя шляхі забеспячэння сябе газам — напрыклад, звадкаваным газам з ЗША. Цэны паднімуцца, але не настолькі, каб ЕС зламаўся.

Пуцін разлічваў, што шкурныя інтарэсы асобных краін прывядуць да распаду заходняга адзінства, а атрымалася наадварот, Захад сапраўды стаў кансалідаваным. І гэта заслуга Пуціна, менавіта ён арганізаваў такую сітуацыю і загнаў Расію ў міжнародную ізаляцыю. Цяпер у яго адзіны вектар далейшага руху — на ўсход, цяпер Расія выступае ў якасці «жандара Азіі».

Навошта тады наогул весці перамовы з Захадам? На думку аналітыка, гэта адзіны варыянт для Пуціна прадставіць сябе абаронцам Айчыны:

— Яму патрэбная ілюзія таго, што ён моцны лідар, патрэбная кансалідуючая ідэя, якая дазволіць захаваць уладу на неабмежаваны адрэзак будучыні. Для гэтага ёсць толькі адна рацыя: я, маўляў, любімую радзіму абараняю ад натаўскай агрэсіі.

Хоць NATO не пагодзіцца на ўмовы Пуціна, але дзякуючы намаганням расійскіх прапагандыстаў, спадарыні Сіманьян або спадара Салаўёва, ён будзе прадстаўлены як пераможца. Нам растлумачаць, што дзякуючы яго жорсткай і непрымірымай пазіцыі, свет удалося адсунуць ад пагрозы ядзернага канфлікту.

А чаму Захад вядзе гэтыя перамовы? Гэта абсалютна правільна. Як казаў стары паліцэйскі ў кнізе Эдгара Дактароу «Рэгтайм», «любое талковішча, сэр, супакойвае маньяка, таму перамовы трэба весці». Як Чарнамырдзін вёў перамовы з Басаевым, ці як спадарыня Меркель вяла перамовы з Лукашэнкам, не называючы яго прэзідэнтам.

Дарэчы, досвед Лукашэнкі, які бяжыць наперадзе Пуціна на два корпусы, паказвае тэхналогію разумення такіх людзей стасункаў з Захадам: мы вам створым праблему, вы спалохаецеся — і пагадзіцеся з тым, што Лукашэнка абраны народам прэзідэнт.

Але цяпер ён адкрыта ў дурнях: Захад нечакана праявіў калянасць, не прагнуўся, санкцыі ён на сваю краіну атрымаў, і што цяпер з гэтымі самымі мігрантамі рабіць? Ён паволі «вытурвае» іх з багаспасальнай Беларусі назад і, звярніце ўвагу, пра гэта нічога на тэлеэкране не распавядаюць, забыліся гэтую тэму.

А Захад не забыўся, ён зразумеў, што менавіта так з гэтымі хлопцамі трэба сябе паводзіць: вось, калі ласка, шконка, займайце месца пад ёй.