«Днямі з боку кіраўнікоў некаторых дзяржаў...» Прэзідэнт Узбекістана адказаў Лукашэнку
Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў падчас пасяджэння узбекскага Савета Бяспекі адрэагаваў на выказванне Лукашэнкі, зробленае 10 студзеня на пасяджэнні Савета АДКБ.
![1628575505_shavkat_mirzieev_obsudil_hod_podgotovki_ko_vstreche_s_predprinimateljami.jpg 1628575505_shavkat_mirzieev_obsudil_hod_podgotovki_ko_vstreche_s_predprinimateljami.jpg](/img/v1/images/1628575505_shavkat_mirzieev_obsudil_hod_podgotovki_ko_vstreche_s_predprinimateljami.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Лукашэнка тады сказаў, гаворачы пра падзеі ў Казахстане і
абвінавачваючы ў іх міжнародных экстрэмістаў:
«Калі гэтыя ўрокі не будуць засвоеныя, па нашай інфармацыі,
… іх погляды ў тым ліку кінутыя і на Узбекістан».
Паводле прэс-сакратара ўзбекскага прэзідэнта Шэрзада
Асадава, Мірзіёеў сёння сказаў:
«Днямі з боку кіраўнікоў некаторых дзяржаў былі зробленыя
неабгрунтаваныя заявы аб тым, што Узбекістан павінен атрымаць урокі з падзей,
якія адбыліся ў Казахстане».
Па словах Мірзіёева, улады Узбекістана і так уважліва сочаць
за сітуацыяй у рэгіёне, а краіна мае ўсё неабходнае для адэкватнага рэагавання
на любую пагрозу.
Відаць, такім чынам Шаўкат Мірзіёеў адказаў на намёк, што
варта было б Узбекістану таксама аднавіць сяброўства ў АДКБ. Узбекістан
уваходзіў у склад арганізацыі ў 1992-1999 і 2006-2010 гадах, але тагачасны
прэзідэнт Іслам Карымаў двойчы прымаў рашэнне аб выхадзе з яе.
Паводле «Нашай Нівы».