Еўрадэпутаты падтрымалі візавае пагадненне з Беларуссю

Сябры камітэта Еўрапарламента па грамадзянскіх свабодах падчас дыстанцыйнага галасавання падтрымалі пагадненні з Беларуссю аб спрашчэнні выдачы візаў і аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу. 

Фота bdg.by

Фота bdg.by


Такая інфармацыя размешчана на сайце Еўрапарламента, паведамляе www.zviazda.by.

Падагульняючае галасаванне па пагадненнях запланавана на яго бліжэйшым пленарным пасяджэнні 13–14 траўня.

Пагадненні аб спрашчэнні выдачы візаў і аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу, Беларусь і Еўрапейскі саюз падпісалі 8 студзеня ў Бруселі. Бакі ўпэўнены, што гэта будзе садзейнічаць спрашчэнню паездак грамадзян, развіццю міжнародных, у тым ліку турыстычных, кантактаў, а таксама ўмацаванню атмасферы даверу і ўзаемаразумення паміж народамі.

Візавае пагадненне прадугледжвае ўзаемнае спрашчэнне працэдур для шырокай катэгорыі грамадзян і зніжэнне збору. Пры гэтым будзе забяспечана права грамадзян звяртацца за атрыманнем візаў як у пасольствы еўрапейскіх краін, так і ў візавыя цэнтры. Рашэнне аб выдачы візы будзе прымацца ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін можа павялічыцца да 30 дзён).

Беларуская віза для грамадзян ЕС таксама патаннее да 35 еўра. Акрамя таго, будзе павялічаны пералік падстаў для выдачы бясплатных віз у некамерцыйных мэтах. Тэрмін знаходжання замежных грамадзян у Беларусі павялічыцца ў два разы: з 90 дзён на год (цяпер) да 180.

Пагадненне аб рэадмісіі прадугледжвае, што з уступленнем яго ў сілу Беларусь і Еўрапейскі саюз павінны будуць ажыццяўляць прыём назад на сваю тэрыторыю ўласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць альбо перасталі адпавядаць крытэрыям легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго. У дакуменце замацавана прадастаўленне Беларусі двухгадовага пераходнага перыяду адносна рэадмісіі грамадзян трэціх краін. У сумеснай дэкларацыі да пагаднення змешчана абавязацельства Еўрасаюза аб аказанні краіне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў гэтай галіне.

Дакументы павінны быць ўхваленыя Еўрапейскім парламентам. Пачнуць яны дзейнічаць у першы дзень другога месяца пасля даты інфармавання бакамі адзін аднаго аб завяршэнні працэдур ратыфікацыі.