Пытання «што ратаваць — людзей ці эканоміку?» насамрэч не існуе

Перамены сусветнага парадку пасля маштабных узрушэнняў–2020 павінны адбыцца. Але што гэта будзе — эпоха лічбавага Левіяфана з кантролем за перамяшчэннямі людзей або вяртанне да разважлівасці?

24_big.jpg

Уводзіць жорсткі каранцін або пусціць працэс на самацёк і чакаць выпрацоўкі калектыўнага імунітэту? Ці стане каронавірус апакаліпсісам сусветнай эканомікі і апошнім цвіком у вечка труны глабалізацыі? Што зменіцца ў дзейнасці ўрадаў, дый ці павінна нешта мяняцца? Чаго чакаць і ў што інвеставаць? Берагчы людзей або ратаваць эканоміку? Недахопу ў прароцтвах і прагнозах няма... Мне б хацелася акцэнтаваць увагу на іншым.

Кароткая канстатацыя: да чаго прывяла пандэмія?

Спыненне многіх вытворчасцяў спачатку ў Кітаі, а потым і па ўсім свеце. Каранцін паставіў на мяжу выжывання цэлыя галіны эканомікі. У Чэхіі чакаюць закрыцця львінай долі міні-бровараў, Іспанія заявіла пра адмову ад летняга турыстычнага сезону–2020, авіякампаніі на мяжы банкруцтва.

Паводле прагнозаў міжнародных эканамічных арганізацый, рэйтынгавых агенцтваў, прадстаўнікоў экспертнай супольнасці, у 2020 годзе самым аптымістычным выглядае сцэнар, згодна з якім рост сусветнай эканомікі складзе 1–1, 5%, большасць жа прадракаюць спад на ўзроўні як мінімум крызісу 2008–2009 гадоў, прычым для некаторых краін падзенне ВУП перавысіць 10%. Відавочна, што такое развіццё падзей будзе спалучана з ростам беспрацоўя і сур’ёзным нарастаннем сацыяльнай напружанасці.


Што робяць / збіраюцца рабіць урады?

Традыцыйна меры па падтрымцы эканомікі канцэнтруюцца вакол стымулявання попыту.

У ЗША агульны пакет мераў плануецца ў памеры 2 трыльёнаў долараў. Чвэрць яго складзе падтрымка кампаній і мясцовых бюджэтаў (у тым ліку 25 мільярдаў — авіякампаніям і 17 мільярдаў — стратэгічна важным прадпрыемствам). Яшчэ чвэрць будзе накіравана на выплату сем’ям з прыбыткам ніжэй за 75 тысяч долараў на год. На пашыранае страхаванне ад беспрацоўя пойдуць 250 мільярдаў долараў, 350 мільярдаў — на падтрымку малога бізнесу ў выглядзе падатковых канікул. Дадаткова Федэральная рэзервовая сістэма прадугледжвае ўліванні ліквіднасці ў эканоміку ў аб’ёме 4 трыльёнаў долараў, ужо знізіўшы мэтавы дыяпазон стаўкі па федэральных фондах да 0–0,25%, а дысконтную стаўку — да 0,25%.

Аналагічныя беспрэцэдэнтныя меры прымаюцца ў еўрапейскіх краінах, Еўрасаюз нават адмяніў ліміт бюджэтнага дэфіцыту ў 3% ВУП і дазволіў урадам пашырэнне запазычанняў ва ўмовах і без таго высокага дзяржаўнага доўгу. У Германіі аб’ём падтрымкі дасягне 750 мільярдаў еўра. Вялікабрытанія вызваляе ад падатку на камерцыйную дзейнасць малыя прадпрыемствы рознічнага гандлю, гасцінічнага і турыстычнага бізнесу. Італія канцэнтруецца на дапамозе хатнім гаспадаркам і сістэме аховы здароўя. У Іспаніі аб’ём падтрымкі плануецца ў памеры 20% ВУП. Польшча з фінансавым аб’ёмам каля 50 мільярдаў долараў робіць упор на дапамогу прадпрымальніцкаму сектару (адтэрміноўка сацыяльных выплат, пакрыццё 40% фонду аплаты працы, каб пазбегнуць скарачэнняў супрацоўнікаў). Меры ў іншых краінах у большай ці меншай ступені паўтараюць апісаныя.

Мне, аднак, думаецца, што сістэма кароткатэрміновага стымулявання павінна спалучацца са стварэннем умоваў і інстытутаў, якія могуць змякчыць наступствы аналагічных шокаў у будучыні.

51037012_303.jpg


Што выявіла пандэмія?

Першае — гэта тое, што ў людзей няма зберажэнняў! Пры каранціне больш за месяц не проста няма на што жыць — патрэбна яшчэ і ўвядзенне вакацый па выплаце спажывецкіх крэдытаў! Відавочна, што практыка нястрымнага спажывецкага крэдытавання стала адной з прычын нізкага ўзроўню нормы зберажэнняў, а як следства — і інвеставання ў сучасных эканоміках. У фірмаў па гэтай жа прычыне — закрэдытаванасць і высокія выдаткі.

Другое — рэзерваў, назапашаных на экстраны выпадак, няма і ва ўрадаў. Няма! Ёсць толькі назапашаныя даўгі, па якіх пагражаюць абвясціць дэфолт…

Калі практычна ва ўсіх краінах сістэмы аховы здароўя аказаліся не гатовымі да пандэміі ні якасна, ні колькасна, спатрэбілася вылучэнне дадатковых бюджэтных сродкаў. Відавочна, што гэта павінна весці да радыкальнага перагляду структуры бягучых бюджэтных выдаткаў з адмовай ад найменш значных (да прыкладу, забаўляльнага кшталту). Адкрыццё дабрачынных рахункаў бальніц пры тым, што парады не адмененыя, — злачынная крывадушнасць!

Трэцяе — у будучыні даўгі бягучага года давядзецца пагашаць, але ва ўрадаў няма іншых крыніц, акрамя падаткаў! За ўсе бягучыя выдаткі расплачвацца будуць усё роўна бізнес і людзі. Неабходны сістэмны перагляд і аб’ёму, і напрамкаў выдаткоўвання бюджэту. Патрэбныя адказы на два пытанні: што нам сапраўды трэба ад урада? І што з гэтага важнейшае? Не атрымаем адказаў — пачнуць уводзіцца новыя падаткі, пра што ўжо цяпер загаварылі палітыкі.

Чацвёртае — мяккая манетарная палітыка з нулявымі ці нават адмоўнымі працэнтнымі стаўкамі і павелічэннем колькасці грошай не стварае рэсурсы! І не спрыяе росту зберажэнняў.

Перамены сусветнага парадку пасля маштабных узрушэнняў–2020 павінны адбыцца. Але што гэта будзе — эпоха лічбавага Левіяфана з кантролем за перамяшчэннямі людзей або вяртанне да разважлівасці? Вядома, дзяржава як інстытут паспрабуе скарыстацца сітуацыяй для яшчэ большай канцэнтрацыі ў сваіх руках эканамічнай улады, тым больш, што гэтаму спрыяе тое, што ўзніклі ўмовы для «ўсеагульнага кантролю і загаду». Але маштабная самаарганізацыя грамадства паказала альтэрнатыву гэтаму.

У рамане Камю «Чума» ёсць цікавае назіранне: «Нам давялося тэрмінова пераглядаць свае ўяўленні пра свет. Калі б справа гэтым і абмежавалася, звычка ўзяла б верх. Але ... [па прычыне мноства памерлых] ... паўстаў страх, а яму спадарожнічалі разважанні».

170bb0acc073bb6d1ab39bd897176c3c.jpg


Эканоміка — гэта ўзаемадзеянне людзей

Надышоў час разважанняў і ў нас. Неабходнасць карэкціроўкі каштоўнасцяў стала відавочнай. Фэйкавая навіна пра папрокі іспанскаму прэм’еру ў неадэкватнасці суадносінаў заробкаў спартовых зорак і прафесараў біялогіі (маўляў, цяпер і пытайцеся ў футбалістаў пра вакцыну і лекі ад каронавіруса) набыла папулярнасць менавіта праз тыповасць пытання, якое наспела ва ўмовах непадрыхтаванасці (дый, зрэшты, і нежадання быць падрыхтаваным) грамадства да нейкіх катаклізмаў.

Перманентнае падвышэнне ўзроўню і якасці жыцця прывяло да прытуплення пільнасці адносна нявызначанасці будучыні. Лепей пагуляцца ў рызыку. Не, безумоўна, цяперашнія суадносіны заробкаў — гэта адлюстраванне рынкавай ацэнкі значнасці для грамадства розных рэчаў і ўладальнікаў рэсурсаў для іх «вытворчасці». Аднак наколькі такая ацэнка спрыяе выжыванню цывілізацыі як доўгатэрміновай мэце? Якія яшчэ ўзрушэнні павінны здарыцца, каб змяніліся погляды людзей, што і фармуюць гэтую ацэнку?

Вельмі не хацелася б, каб стандартная макраэканамічная палітыка «залівання попытам і ліквіднасцю» схавала ад разважанняў пра сутнасныя і фундаментальныя рэчы ды каштоўнасці і дазволіла ўзяць верх звычцы. Звычцы жыць не па сродках. Звычцы марнаваць на непатрэбнае. Непатрэбнай звычцы…

І вось яшчэ што: пытання «што ратаваць — людзей ці эканоміку?» насамрэч не існуе. Эканоміка — гэта ўзаемадзеянне людзей…