У першым квартале бюджэт Беларусі недаатрымаў 350 мільёнаў рублёў
Беларускі ўрад вымушаны пераразмяркоўваць бюджэт. Гэта выклікана сур'ёзнай нагрузкай на медыцынскую сферу, паведамляе «Еўрарадыё».
Першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой заявіў, што ў першым квартале бюджэт быў выкананы з прафіцытам 200 мільёнаў рублёў, але і тут ёсць свае акалічнасці.
"Мы недаатрымалі каля 350 мільёнаў рублёў з-за праблем на нафтавым і калійным рынках. Тым не менш выканалі ўсе свае сацыяльныя абавязальніцтвы. Выплацілі 2,7 мільярда рублёў па вонкавым доўгу", — цытуе TUT.by словы першага віцэ-прэм'ера.
Нагадаем, што ў першым квартале буйныя расійскія нафтавыя кампаніі адмовіліся ад паставак у Беларусь, не дамовіўшыся пра велічыню прэміі. Афіцыйны Мінск купляў нафту ў невялікіх расійскіх кампаніяў, а таксама ў Азербайджане. Пастаўкі ад буйных расійскіх кампаніяў аднавіліся толькі з красавіка.
Крутой паведаміў, што цяпер урад "практычна ў штотыднёвым рэжыме выкройвае дадатковыя сродкі на медыцыну". Гаворка ідзе пра закупку абсталявання, тэст-сістэмаў, медыкаментаў ды інш. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы прызначыў даплаты медыкам. "Гэта ўсё каштуе плюс 800 мільёнаў рублёў. Мы паспрабуем частку гэтых рэсурсаў замясціць за кошт знешніх крыніц", — распавёў чыноўнік.
Нядаўна стала вядома, што Беларусь возьме ў Сусветнага банка 11-гадовы крэдыт на 90 мільёнаў еўра "для фінансавання мерапрыемстваў па экстраным рэагаванні на эпідэміялагічную сітуацыю".
Еўрасаюз абяцаў вылучыць нашай краіне больш за 60 мільёнаў еўра на барацьбу з наступствамі эпідэміі каранавіруса.