Фаварыт, але не лаўрэат: чаму Святлане Ціханоўскай не далі Нобелеўскую прэмію міру
Такім чынам, надзеі беларускай дэмакратычнай супольнасці не спраўдзіліся. Гэтым разам Нобелеўская прэмія абмінула Беларусь, піша палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч
Нобелеўская прэмія міру — гэта даўно ўжо не толькі пра змаганне за мір. Яна часцяком уручаецца за важкі ўнёсак у абарону правоў чалавека, увогуле гуманітарных каштоўнасцяў. Прэміяй былі ўганараваныя абаронца абяздоленых Маці Тэрэза, палітычныя дысідэнты (акадэмік Андрэй Сахараў, кітайскія дысідэнты, уключаючы Далай-ламу), апазіцыйныя палітыкі (Лех Валенса, Аун Сан Су Чжы), нават цэлыя арганізацыі («Дактары без межаў» і чамусьці МАГАТЭ).
Шмат хто ў свеце, асабліва прадстаўнікі недэмакратычных дзяржаваў, здаўна абвінавачвае Нобелеўскі камітэт, які абвяшчае лаўрэатаў прэміі міру, у палітызаванасці, палітычнай ангажаванасці. Той увесь час адбіваецца ад гэтых абвінавачанняў. Таму перад Нобелеўскім камітэтам увесь час паўстае дылема: як падтрымаць мір, правы чалавека, гуманітарныя каштоўнасці — і пры гэтым не ўцягнуцца ў чыста палітычныя канфлікты.
Сёлетняе рашэнне Нобелеўскага камітэту нясе на сабе выразны адбітак гэтай дылемы. Быў варыянт падтрымаць нейкія медычныя арганізацыі, якія змагаюцца з COVID-19. Але, па-першае, вялікіх поспехаў у гэтай сферы пакуль няма. Па-другое, гэта выглядала б зусім дэпалітызаваным рашэннем, што таксама не вельмі добра.
Другі варыянт, наадварот, нёс на сабе выразны адбітак умяшання ва ўнутрыпалітычны канфлікт. Маю на ўвазе магчымасць прысуджэння прэміі Святлане Ціханоўскай ці Аляксею Навальнаму. Абое не столькі дысідэнты, колькі апазіцыйныя палітыкі. Уганараванне аднаго з іх (ці абодвух) было б успрынята ў Расіі, Беларусі і шэрагу іншых краін як спроба Захаду ўмяшацца ва ўнутраныя справы гэтых дзяржаў, увогуле ў геапалітычны канфлікт паміж РФ і афіцыйным Мінскам, з аднаго боку, і ЗША і ЕС — з другога.
Нобелеўскі камітэт знайшоў іншае, больш тонкае рашэнне. Ён падтрымаў дэмакратычныя памкненні значнай часткі расейскага грамадства, уганараваўшы адкрыта апазіцыйную «Новую газету» і яе рэдактара Дзмітрыя Муратава. А таксама філіпіна-амерыканскую журналістку Марыю Рэса, якая зазнала крымінальны пераслед за журналісцкую працу. Каб не падумалі, што гэта ўкол Пуціну. Свабода СМІ — гэта неад’емная частка правоў чалавека.
Сёлетняе рашэнне Нобелеўскага камітэту ювелірнае, філіграннае. Ён прайшоў паміж Сцылай і Харыбдай. Прайшоў так, што цяжка прычапіцца. Таму нават прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў павіншаваў Дзмітрыя Муратава з узнагародай. Хапіла здаровага сэнсу.
Ну, а беларускай дэмакратычнай супольнасці, напэўна, варта паспачуваць, што не здзейсніліся яе надзеі.