Фрыдман: Лукашэнкаў лозунг «любімую не аддаюць» набывае іншае гучанне — «любімага не адпускаюць»
Сістэма, якая пражыве столькі ж, як і Лукашэнка, будзе поспехам. Калі ж Лукашэнка на ўласныя вочы пабачыць, як усё ляснулася, то наўрад ці ён будзе шчаслівы. Пра тое, якімі сталіся 30 гадоў лукашэнкавага праўлення для беларускага народа і што будзе пасля, паразмаўлялі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
На Купалле Лукашэнка прызнаўся, што стаміўся фізічна. Не псіхалагічна, не маральна, а фізічна – такое прызнанне прагучала ўпершыню за 30 гадоў ягонага праўлення. «Я стаміўся, я сыходжу» – такога лагічнага працягу чакаеце вы? Не дачакаецеся.
За апошнія дзесяцігоддзі Лукашэнка бажыўся здароўем самых блізкіх людзей, што не трымаецца ссінелымі пальцамі за ўладу, а насамрэч толькі мацней учапіўся за яе. А 11 ліпеня споўнілася 30 гадоў, як Лукашэнка перамог на першых і апошніх прэзідэнцкіх выбарах. Беларусь больш не бачыла справядлівых і дэмакратычных выбараў — ні прэзідэнцкіх, ні парламенцкіх, ні мясцовых.
Рэпрэсіі апошніх гадоў сталі апагеем «мудрага праўлення» Лукашэнкі, які палічыў за лепшае стаць прыдаткам Расіі, але не аддаць уладу.
Якімі сталіся 30 гадоў лукашэнкавага праўлення для беларускага народа? Яго ўжо пры жыцці праклінаюць, пра што ён і сам добра ведае, а што будзе пасля?
Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Лукашэнка не пойдзе брэжнеўскім шляхам і будзе чапляцца за ўладу да канца
— Мы не ведаем, у якім фізічным стане Лукашэнка знаходзіцца, што можа сабе дазволіць, а што не. Публічная дыскусія, якую Лукашэнка вядзе сам з сабою, працягваецца: сёння ён можа дазволіць сабе такія разважанні. Усё-такі 30 гадоў ва ўладзе.
У 2020 годзе падобныя заявы зводзіліся да фразы «любімую не аддаюць», у 2024 годзе прапаганда перайначыла легендарную фразу ў «любімага не аддаюць»: Лукашэнка столькі добрага зрабіў для краіны, лепшага лідара ў свеце немагчыма знайсці, мы не павінны яго страціць. Мы павінны прыйсці да яго і ўпрошваць балатавацца ў прэзідэнцкай кампаніі 2025 года, як казала Эйсмант. Рыторыка змянілася: кланяемся цару, каб ён застаўся. У такім кантэксце Лукашэнка можа дазволіць сабе паразважаць: 30 гадоў я ўжо торкаюся з вамі, ужо стаміўся фізічна, але куды ж вы без мяне? Застануся і надалей...
Адзінае, што можа перашкодзіць Лукашэнку вылучацца ў 2025 годзе, — гэта ягоны стан здароўя. Калі ён проста фізічна ўжо не зможа займаць гэтую пасаду, і будзе адчуваць гэта, тады будуць рабіцца нейкія крокі.
З аднаго боку, механізмы для транзіту ўлады прысутнічаюць: падстрахоўка ў выглядзе Усебеларускага народнага схода створаная, уся намеклатура нібыта цалкам лаяльная, унутранага супраціву як бы не існуе. Але ўсё гэта — у тэорыі. Ці спрацуе гэтая задумка на практыцы, — вялікае пытанне. І калі Лукашэнка фізічна сапраўды будзе не ўстане кіраваць, то тады можа пачацца турбулентнасць, і можа пасыпацца сістэма.
— Які фізічны стан можна лічыць незадавальняючым і недзеяздольным? Калі Лукашэнку, як Брэжнева, будуць выводзіць на сцэну пад ручкі?
— Вядомы гістарычны факт: Брэжнеў хацеў сысці, бо быў не ў стане кіраваць, і адчуваў гэта. Хаця Брэжнеў і анекдатычная фігура, яго вельмі часта паказваюць як недалёкага і недарэчнага персанажа з анекдотаў, але гэта вельмі павярхоўны погляд. Брэжнеў вельмі дакладна адчуваў свой стан здароўя, адчуваў, што ўжо не цягне, і хацеў сысці. Але яму проста не давалі гэтага зрабіць, бо бачылі, што без яго можна ўзнікнуць турбулентнасць.
Апроч таго, з такой пасады не сыходзяць па сваёй волі: або адхіляюць, а затым забіваюць ці кідаюць за краты (як з Хрушчовым: за краты не патрапіў, але існаваў ва ўмовах, блізкіх да хатняга арышту), або ты паміраеш, як адбылося са Сталіным. Калі паглядзець на расійскую традыцыю, то падчас дзяржаўных змоў кіраўнікоў забівалі. Кацярына ІІ менавіта так прыйшла да ўлады, ачолеўшы змову супраць свайго мужа, якога забілі.
Брэжнеў хацеў сысці, але яму не далі. З Лукашэнкам можа ўзнікнуць аналагічная сітуацыя: у пэўны момант ён можа сказаць: «Я выходжу з гульні». Але яму не дадуць. Паглядзіце на танальнасць афіцыйнай прапаганды: без Лукашэнкі ніяк, навошта нам іншы, нам патрэбны вечны правадыр. Бо прапаганда цудоўна разумее: без Лукашэнкі можа пачацца турбулентнасць, нестабільнасць, шэраг вышэйшых чыноўнікаў страцяць свае пасады. Але нішто не пакавае, што Лукашэнка здольны пайсці брэжнеўскім шляхам: я стаміўся, я сыходжу. Не, гэты будзе чапляцца за ўладу да апошняга.
Іншае пытанне: ці будзе ён у стане працягваць руліць Беларуссю? З дапамогай якіх тэхналогій яго могуць паказваць народу? Брэжневу маглі накласці грым пры тагачасных тэхналогіях, пра Чарненку ўвесь час расказвалі, што ён актыўна працуе, у той час як генсек амаль увесь час знаходзіўся ў маскоўскай Цэнтральнай клінічнай бальніцы. Цяпер тэхналогіі выйшлі на новы ўзровень, і з дапамогай дыпфэйкаў, архіўных відэаматэрыялаў, фэйкавых канферэнцыяў можна ствараць уражанне актыўнай працы Лукашэнкі.
Але праблема ў тым, што беларусы прывыклі да зусім іншага палітычнага стылю Лукашэнкі: ён ездзіць па краіне, робіць прамовы, гуляе ў хакей. Дык ці дазволяць сённяшнія тэхналогіі ажывіць Лукашэнку, калі яго не стане?
Лукашэнка ўжо чалавек ва ўзросце, і ўсе параўнанні яго з Байдэнам ці Трампам выглядаюць недарэчнымі. Байдэн і Трамп — гэта асаблівасць сённяшняй амерыканскай палітыкі, але ж яны ў хакей не гуляюць, ад іх і не чакаюць гульні ў хакей, і па краіне яны актыўна так не ездзяць.
Канешне, фізічны стан Лукашэнкі можна параўноўваць з амерыканцамі, а можна і з еўрапейскімі палітыкамі: Шольцам, Макронам, Санчасам у Іспаніі, але фізічнае параўнанне відавочна не на карысць Лукашэнкі.
— То-бок, нават цяперашнія параўнанні з Байдэнам выглядаюць недарэчнымі?
— Трэба ўлічваць, што Лукашэнка і Байдэн знаходзяцца ў зусім розных вагавых катэгорыях: Байдэну ўжо за 80, ніхто не ведае, як Лукашэнка будзе выглядаць у гэтым узросце.
Лукашэнка пакуль паспяховы дыктатар, бо дыктатура яшчэ не рухнула
— Не буду пытацца, чым Лукашэнка можа ганарыцца за 30-гадовую кар’еру кіраўніка краіны. Што за 30 гадоў, асабліва за апошнія 4-5 Лукашэнка не паспеў яшчэ разбурыць?
— Не паспеў разбурыць уласную сістэму, якую стварыў. Выбудоўваўся дыктатарскі рэжым, і з гэтай задачай ён паспяхова справіўся. Давайце паглядзім, якія рэальныя крызісы ўзнікалі за 30 гадоў праўлення? Напэўна, тут варта згадаць 1996-ты з няскончаным імпічментам, калі яго ратавала расійская дэлегацыя. А потым здарыўся 2020-ты — паміж гэтымі падезямі не здарылася нічога, што можна было б назваць экзістэнцыйнай пагрозай для рэжыму Лукашэнкі. Ён стварыў стабільную дыктатуру, якая да 2020 года карысталася пэўнай падтрымкай, ці да якой прызвычаіліся.
У гэтым сэнсе Лукашэнка, канешне, паспяховы дыктатар. На гэты момант паспяховы дыктатар, бо ніхто не ведае, што чакае ягоную сістэму. Калі Лукашэнка перадасць уладу пераемніку або дасядзіць да ўласнай смерці на сваёй пасадзе, тады ўсе будуць казаць: глядзіце, паспяховы дыктатар. А калі ўсё скончыцца тым, што ўсё ляснецца, а Лукашэнку яшчэ давядзецца адказваць за ўсё, што ён натварыў, тады ўжо цяжка будзе назваць гэты дыктатарскі рэжым паспяховым.
Да 2020 году рэжым Лукашэнкі насіў выразны аўтарытарны характар, з перыядычнымі паслабленнямі: другая палова 2010-х была адносна лагоднымі часамі. А пасля 2020 года рэжым з аўтарытарнага ператвараецца ў таталітарны.
Увесь час ва ўладзе Лукашэнка змагаецца з грамадскімі тэндэнцыямі, якія яму не падабаюцца, увесь час падмінае пад сябе грамадства. Лукашэнка выбудаваў сістэму, якая сапраўды апошнія 30 гадоў больш-менш працуе.
— То-бок, паспяховасць рэжыму Лукашэнка будзе ацэньвацца ад таго, дзе ён памрэ: на сваім троне ці на лаве падсудных?
— Гэта адзін з крытэрыяў. Цяпер Лукашэнка знаходзіцца ў досыць цяжкім становішчы. Як можна працягнуць існаванне рэжыму? Канешне, можна працягнуць: мы бачым, што адбываецца ў Паўночнай Карэі ўжо на чале з трэцім Кімам, мы бачым, што адбываецца ў Азербайджане, дзе Ільхам Аліеў працягвае лінію свайго бацькі.
Але ж еўрапейскія дыктатуры звычайна заканчваліся з сыходам дыктатара: дыктатар сыходзіў — заканчвалася і дыктатура. Так адбывалася ў Іспаніі, напрыклад. Для Лукашэнкі, калі падчас яго жыцця нічога не здарыцца і сістэма будзе існаваць столькі, колькі пражыве і Лукашэнка, гэта будзе поспех. Калі ж Лукашэнка на ўласныя вочы пабачыць, як ўсё ляснулася, то наўрад ці ён будзе шчаслівы.
Лукашэнку ёсць за што праклінаць
— Ці можна лічыць, што палітычны крызіс 2020 года завяршыўся?
— Пакуль сказаць гэта цяжка. Крызіс не вырашыўся: ніякага дыялогу не адбылося, на гэты момант перамог адзін бок і навязаў свой погляд грамадству. То-бок, Лукашэнка падмяў пад сябе грамадства, і з гэтага пункту гледжання ён лічыць сябе пераможцам. Але звонку вельмі цяжка ацаніць: ці застаўся 2020 год у галовах людзей, якія жывуць у Беларусі?
Выглядае так, што беларускае грамадства расколатае, частка людзей яшчэ жыве 2020-м, яна не забылася і не забудзецца пра яго. Частка падтрымлівала Лукашэнку ў 2020 годзе і падтрымлівае цяпер. І ёсць тая частка грамадства, якая спрабуе жыць уласным жыццём, якая імкнецца жыць па-за палітыкай.
Гэта механізм выжывання: ты знаходзішся ўнутры, жывеш па існуючых правілах і імкнешся выжыць. І такіх людзей у Беларусі хапае.
— А за што ж Лукашэнку беларусы праклінаюць?
— Ёсць людзі, якія яго праклінаюць за 2020 год, ёсць людзі, якія яго праклінаюць за абраны вектар развіцця, за страчаныя магчымасці, за тое, што Беларусь не стала еўрапейскай дзяржавай, а стала фактычным прыдаткам Расіі; за дыктатарскі рэжым; за тое, што іх маладосць і сталыя гады праходзяць ва ўмовах дыктатуры.
Калі вярнуцца ў 1994 год (а я добра памятаю той час, мне якраз было 14 гадоў), я памятаю настроі. Я паходжу з асяродка, дзе Лукашэнку ніколі не прымалі. Я бачыў, як маё асяроддзе рэагавала на Лукашэнку. У другой палове 90-х моладзь лічыла: Лукашэнка — надзвычайная гісторыя, якая не павінна была адбыцца, а калі адбылася, то хутка закончыцца. Потым, напрыканцы 1990-х - пачатку 2000-х стала зразумела, што гэта надоўга. Тыя людзі, якія засталіся і жылі ў Беларусі (я кажу пра тых, каго я ведаў), амаль усе імкнуліся прызвычаіцца: нехта сышоў ва ўнутраную апазіцыю, нехта нават працаваў у дзяржструктурах. Яны прынялі гэты рэжым. А што заставалася рабіць людзям? З’ехаць? А чаму яны павінны былі з’язджаць? Яны імкнуліся адаптавацца, і сталі часткай гэтай сістэмы, і да 2020 года так ці інакш суіснавалі з сістэмай. А ў 2020 годзе адбыўся выбух.
Значная частка людзей і далей існуе ў сістэме. Несур’ёзна гучаць размовы пра ўнутраную эміграцыю. Канешне, можна імкнуцца да таго, каб звесці любыя кантакты з уладай да мінімуму, але ўсё роўна ты жывеш у грамадстве, якое пабудавана па прынцыпах Лукашэнкі. Цяжка жыць у дыктатуры і пачуваць сябе вольным чалавекам.
Лукашэнка перафарматаваў беларускае грамадства. Ягоныя праціўнікі засталіся, але адбітак гэтай сістэмы застаўся і на іх.