«Чаму Байдэн — стары, а Лукашэнка — малады?» Як беларусам будуць прадаваць 70-гадовага кіраўніка

Значная частка беларускіх мужчын не дажывае да свайго 70-годдзя. Што збіраецца Лукашэнка ў свае семдзесят рабіць з асабістай уладай, «страціўшы» вечную маладосць? Лукашэнка пачаў новы год з прэзідэнцкіх напеваў, але ці значыць гэта, што пойдзе ў «прэзідэнты» ў 2025-м?

Лукашэнка на парадзе ў Маскве 9.05.2023. Фота АР

Лукашэнка на парадзе ў Маскве 9.05.2023. Фота АР

«Будзе цяжка, асабліва сёлета. Не таму, што цяперашні прэзідэнт хоча быць і далей прэзідэнтам. Не таму, што хтосьці чагосьці хоча. Мы проста людзям павінны яшчэ раз даказаць, што мы сумленна, шчыра працавалі гэтыя гады. А калі атрымаецца — пераканаць людзей у тым, што лепш за нас не будзе. Кажу адкрытым тэкстам у пачатку года», — заявіў беларускі кіраўнік 4 студзеня.

«Напружанне будзе неймавернае: да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі рыхтуюцца ўсе — і на ўсходзе, і на Захадзе. Мэты розныя», — паўтарыў Лукашэнка, абвяшчаючы 2024 год Годам якасці.

Пра што сведчаць прэзідэнцкія матывы ў паслянавагодняй рыторыцы Лукашэнкі? Пра гэта BGmedia пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Балатавацца ці не балатавацца? Рашэння яшчэ няма

— Лукашэнка дагэтуль не прыняў канчатковага рашэння. Парламенцкая кампанія, фарміраванне Усебеларускага народнага сходу — прахадныя мерапрыемствы з яго пункту гледжання, праблем яны не павінны выклікаць: палітычнай актыўнасці насельніцтва не назіраецца, усё даволі ціха і стабільна. Таму паводзіны Лукашэнкі выглядаюць даволі дзіўна.

Але і сваю логіку тут можна знайсці.

Самі «выбары» 2024 года не такія важныя, важна тое, што Лукашэнку давядзецца прымаць рашэнне. І на гэтым фоне ён развівае кіпучую дзейнасць, якая выклікана неабходнасцю вызначацца. На працягу года яму трэба будзе вырашыць, што будзе рабіць: ці то сам будзе вылучацца, ці то не будзе, ці то знойдзе сабе замену…

А яго рэмарка пра прэзідэнцкія «выбары»... Навошта яму рыхтавацца загадзя, калі ўсё пройдзе так, як заўсёды: намаляваў «выбары», напісаў сабе 85-90 адсоткаў — і чарговая «элегантная перамога» ў кішэні? Чаму ён загаварыў пра прэзідэнцкія «выбары» цяпер?

На мой погляд, Лукашэнка не выключае варыянт, што ўсё ж такі не ён будзе балатавацца. У яго сітуацыя нестабільная: голас па-ранейшаму барахліць.

Раптам ні з таго ні з гэтага зрабілі відэаўстаўку: паказалі маладога Лукашэнку на МАЗе ў 1994 годзе. Гэта недвухсэнсоўная адсылка да 30-годдзя кіравання Лукашэнкі. Ён сам сказаў, маўляў, глядзіце, чаго мы дасягнулі за гэтыя гады. Але пакуль Лукашэнка і прапаганда дзейнічаюць вельмі асцярожна.

Увогуле, пакуль асабіста я не бачу старту прэзідэнцкай кампаніі. Калі Лукашэнка ўсё ж такі не будзе балатавацца сам, то наладзіць агляд кандыдатаў — з рашэннем будзе цягнуць да апошняга моманту. Не выключаны наступны варыянт ракіроўкі: старшынёй УНС стане Лукашэнка, але гэта не значыць, што ён сыходзіць. (калі цяпер ён аддасць пасаду старшыні УНС, стане відавочным, што ён ідзе на прэзідэнцкія «выбары», а ён не з тых, хто адразу раскрывае ўсе карты). А далей рашэнні будуць прымацца па сітуацыі.

Захоча — пойдзе старшынём УНС, не захоча — адправіць Качанаву або Мясніковіча. Хоць наконт Мясніковіча я сумняваюся. Мясніковіч трыццаць гадоў служыў яму верай і праўдай, але ён прыйшоў з іншага асяроддзя, гэта служака, які служыць любой уладзе. Паставіць такога на чале УНС занадта рызыкоўна. Мабыць, адзін з лічаных паплечнікаў, якім Лукашэнка яшчэ мог бы давяраць, хто з ім з самага пачатку, — гэта Шэйман. Але Шэйман, падобна, не ў тым фізічным стане, ды і не тая фігура, якога можна паставіць кіраўніком УНС. Так што хутчэй за ўсё Лукашэнка зойме пасаду старшыні УНС сам, а далей будзе прымаць рашэнні па сітуацыі.

Глядзіце таксама

Казахстанскі досвед не добры для Лукашэнкі

— Ёсць яшчэ адзін псіхалагічны момант, які таксама варта ўлічваць. Сённяшняя пасада прэзідэнта, як яго прапісалі ў новых «законах», з усімі абмежаваннямі, уяўляе сабой больш нізкі статус, чым заўсёды меў Лукашэнка. Лукашэнка быў і застаецца прэзідэнтам-самадзержцам, а вось новая Канстытуцыя накладае на пасаду прэзідэнта пэўныя абмежаванні, напрыклад, адзін і той жа чалавек можа займаць гэтую пасаду не больш за два тэрміны. Магчыма, у 2025 годзе Лукашэнка сумяшчае пасады старшыні УНС і прэзідэнта, а потым можна прэзідэнцтва і пакінуць.

Дарэчы, перад нашай размовай мне трапілася інтэрв'ю Аркадзя Дубнова, расійскага журналіста, які пару гадоў жыве ў Ізраілі — спецыяліст па Сярэдняй Азіі. Ён прааналізаваў казахстанскае двоеўладдзе. Аналітык прыйшоў да высновы, што мадэль двоеўладдзя, якую прыдумаў Назарбаеў, не функцыянуе. Але з Назарбаевым рэальна не расправіліся толькі таму, што Такаеў, мудры палітык, дыпламат, аддае належнае Назарбаеву як стваральніку дзяржавы Казахстан — ён вынес яго за дужкі. І ў гэты момант мне падумалася пра лёс Лукашэнкі. Прамахнецца, перадасць прэзідэнцкую пасаду ўмоўна маладому (у параўнанні з самім Лукашэнкам) Галоўчанку, а той вынесе яго за дужкі — як Такаеў паступіў з Назарбаевым: маўляў, заслугі ёсць, ідзі, дзядзька, адпачывай.

Думаю, у Мінску ўзмоцнена вывучаюць Казахстанскі досвед, але ён не добры для Лукашэнкі. Але для падстрахоўкі ствараецца механізм для перадачы пасады прэзідэнта.

Глядзіце таксама

Пуцін не адпусціць Лукашэнку?

— Рашэнне балатавацца ці не балатавацца ў прэзідэнты шмат у чым можа стаць рашэннем не Лукашэнкі, а рашэннем Пуціна. Маю тэорыю падмацоўвае фраза Лукашэнкі, сказаная на нарадзе 5 студзеня: «Да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі рыхтуюцца ўсе — і на Усходзе, і на Захадзе. Мэты розныя».

Магчыма, Лукашэнку проста не дадуць сысці. Выглядае непадобна на такога ўладалюбнага таварыша, як Лукашэнка, але я б не выключаў, што Лукашэнка хацеў бы пасядзець наверсе ўладнай піраміды з прадстаўніцкімі функцыямі, у якасці кіраўніка УНС, пажыць у сваё задавальненне на старасці гадоў, не займацца селектарнымі нарадамі.

Прынята казаць, што ў Расіі спрабуюць зрынуць Лукашэнку. А можа быць, усё выглядае зусім наадварот: у Крамлі робяць усё, каб Лукашэнка не сышоў? Тым больш што сам Пуцін працягне сядзець і далей. Ён мае нядобры досвед з пераемнікамі на постсавецкай прасторы: стасункі з Назарбаевым былі значна лепшымі, чым з Такаевым, пра Арменію на чале з Пашынянам я наогул не кажу. Змена ўлады на постсавецкай прасторы дрэнна ўспрымаецца ў Расіі, для іх змена прэзідэнта — гэта нешта жудаснае. Сыходзіць Лукашэнка — складаны, вёрткі, беспрынцыповы, якога тым не менш у Крамлі ведаюць, а як размаўляць з пераемнікам? А раптам ён апынецца беларускім Пашынянам?

Глядзіце таксама

Як сказаць народу, што Лукашэнка ўжо стары?

— Навошта было ладзіць увесь гэты цырк з абвяшчэннем года якасці?

— У 2024 годзе спаўняецца 30 гадоў, як Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, і абвяшчэнне гэтага года Годам якасці, магчыма, павінна выклікаць асацыяцыі? А магчыма, тут няма глыбокага сэнсу, проста краіна адкочваецца да савецкіх традыцый?

Я б не надаваў асаблівага значэння гэтым рытуалам. Мінулы год быў годам гістарычнай памяці: у пачатку года абвясцілі, на працягу года тэма сыходзіць з парадку дня як студзеньскі снег, а ў канцы года зноў усплывае на паверхню. Так і тэма якасці ўсплыве пару разоў у годзе: падчас абвяшчэння і падчас падвядзення вынікаў.

Мне здаецца, у Мінску дагэтуль не вырашылі, як абыгрываць дзве юбілейныя тэмы: 30-годдзе Лукашэнкі ва ўладзе і 70-годдзе Лукашэнкі з дня нараджэння? Тры дзесяцігоддзі ва ўладзе — вельмі доўга, гэта найвелізарны тэрмін, які можна было б і адзначыць. Нібыта як ужо і пачалі падрыхтоўку: якімі мы былі, якімі мы сталі.

Але мне куды цікавей, як збіраюцца адзначаць 70-годдзе Лукашэнкі. Проста канстатаваць, што Лукашэнка ўжо 70 гадоў, — значыць, прызнаць, што ён ужо стары, ён пенсіянер, большасць беларусаў у 70 гадоў ужо на пенсіі…

— Значная частка беларускіх мужчын не дажывае да гэтага ўзросту: сярэдняя працягласць жыцця мужчын складае 68,4 года (у кастрычніку 2023 года гэтыя лічбы агучыла галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч).

— Пагатоў. Тады як далей прадаваць беларусам 70-гадовага хакеіста?

Лукашэнка турбуе ягоны ўзрост, ён хоча быць маладым і здаровым. Такое імкненне прасочвалася з самага пачатку палітычнай кар'еры, яшчэ ў 90-ыя гады. А цяпер Лукашэнку ўжо 70 гадоў. Думаю, іх абодвух — і Лукашэнку, і Пуціна — даймаюць мянушкі «дзяды». У пуцінскім выпадку «бункерны дзед» гучыць яшчэ больш крыўдна. Фармальна абодва яны ўжо дзяды: ёсць унукі, значыць, дзяды.

Думаю, у Мінску не будуць афішаваць 70-годдзе Лукашэнкі. Вядома, Лукашэнку будуць віншаваць з 70-ім калегі з «дружалюбных» краін, але ж пакрыўдзяць. Расія, Казахстан, Азербайджан відавочна дадуць Лукашэнку па ордэне з фармулёўкай «да 70-годдзя». Яму не падабаецца, не хоча ён пераступаць у 70-годдзе, не хоча ён рабіць чарговы крок да старасці. Па-чалавечы жаданне не старэць зразумела.

Але старэнне супярэчыць усім ранейшым трэндам, запушчаным афіцыйнай прапагандай. Думаю, у Беларусі вельмі многія людзі проста не ўсведамляюць, што краінай кіруе пажылы чалавек. А стаўленне да пажылых людзей ва ўладзе зусім іншае, чым да маладых.

Чаму так насміхаюцца з Байдэна ці спрабуюць гэта рабіць? Непавага да старасці, непавага да мудрасці, якая прыходзіць з гадамі, маўляў, у такім узросце чалавек ужо ўяўляе сабой развалюху — такое ўяўленне пра пажылога чалавека ўкаранілася ў беларускім грамадстве, і прапаганда на гэтым з задавальненнем грае. Але паміж 70-гадовым і 80-гадовым чалавекам глабальнай розніцы няма, тады чаму Байдэн — стары, А Лукашэнка — малады?