У Казахстане адменяць закон аб спецыяльным статусе Назарбаева
Мажыліс Казахстана разгледзіць пытанне аб пазбаўленні першага прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева прывілеяў.
![louribgcpo_a4_710x444.jpeg louribgcpo_a4_710x444.jpeg](/img/v1/images/louribgcpo_a4_710x444.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта 28 снежня паведаміла прэс-служба ніжняй палаты казахстанскага парламента. Тэарэтычна, гэта можа прывесці да пазбаўлення «лідара нацыі» асаблівага становішча і, верагодна, недатыкальнасці, піша thinktanks.by.
Закон «Аб першым прэзідэнце Рэспублікі Казахстан — Елбасы (бацьку нацыі)» быў прыняты яшчэ ў 2000 годзе. Згодна з ім, Нурсултан Назарбаеў, а таксама яго сямейнікі, што пражываюць сумесна з ім, а таксама іх маёмасць маюць недатыкальнасць. Назарбаеў і гэтыя яго сваякі не могуць быць арыштаваныя або затрыманыя. Акрамя таго, дзяржава бярэ на сябе выдаткі па ўтрыманні першага прэзідэнта і яго сям'і, а сам Назарбаеў захоўвае за сабой права звяртацца да народу і дзяржавы з ініцыятывамі па найважнейшых пытаннях дзяржаўнага будаўніцтва, унутранай і знешняй палітыкі і пытаннях бяспекі краіны.
![У Казахстане адменяць пажыццёвае старшынства Назарбаева ў Савеце бяспекі У Казахстане адменяць пажыццёвае старшынства Назарбаева ў Савеце бяспекі](/img/v1/images/2702514.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Раней Назарбаеў, нават не займаючы пасаду прэзідэнта, валодаў значнай палітычнай уладай як пажыццёвы старшыня Савета бяспекі Казахстана. У студзені 2022 года, пасля хвалі пратэстаў, якія перараслі ў беспарадкі, парламент зняў Назарбаева з гэтай пасады і перадаў яго паўнамоцтвы дзейнаму прэзідэнту краіны Касым-Жамарту Такаеву.
Тады ж Назарбаеў выступіў са зваротам да народа, у якім пацвердзіў пераход усёй паўнаты ўлады да Такаева, а сябе абвясціў пенсіянерам. Версію, што яго сыход з пасады старшыні Савета бяспекі стаў вынікам канфлікту элітаў, першы прэзідэнт адмаўляў.
Увосень 2022 г. парламент Казахстана прыняў рашэнне аб вяртанні сталіцы назвы Астана (у 2019 годзе Астана была перайменавана ў Нур-Султан у гонар першага прэзідэнта краіны, але новая назва не прыжылася).
![Назарбаеў звярнуўся да народа Казахстана: Я на пенсіі і нікуды не з'язджаў Назарбаеў звярнуўся да народа Казахстана: Я на пенсіі і нікуды не з'язджаў](/img/v1/images/18_01_2022.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У кулуарах Мажыліса журналісты diapazon.kz пацікавіліся ў дэпутата Айдаса Сарыма, ці змогуць у выпадку прыняцця законапраекта аб страце статуса судзіць Нурсултана Назарбаева, калі ён здзяйсніць злачынства.
"Калі ён здзяйсняе непасрэдна злачынства, умоўна, збіў кагосьці на машыне, то вядома. А яго сваякі — такія ж грамадзяне, як вы і я. Калі мы здзяйсняем злачынства, то нас, адпаведна прыцягваюць да адказнасці. Усе сваякі пазбаўляюцца недатыкальнасці. Яны такія ж грамадзяне, як мы з вамі", — сказаў Айдас Сарым.
Журналісты ўдакладнілі, ці змогуць судзіць першага прэзідэнта па фактах здзяйснення злачынстваў у перыяд яго знаходжання на пасадзе. "Калі такі факт даказваецца, то так".