Эксперт: Прыхільнікі інстытуалізацыі УНС рыхтуюцца пазбавіцца ад любімага лідара
Лукашэнка сур'ёзна кажа пра адзіны дзень галасавання, запланаваны на 2024 год. Але гэтыя выбары пройдуць ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій, бо рэжыму «часам не да законаў», і поўнай «зачысткі» партыйнага і інфармацыйнага палёў. Ці можна ў такой сітуацыі ўвогуле казаць пра «выбары»?
Палітычны аглядальнік і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ў інтэрв’ю «СНплюс» разважае пра асаблівасці будучага электаральнага цыкла і задаецца пытаннем, ці можна сур'ёзна казаць цяпер пра прэзідэнцкую кампанію 2025 года.
— Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Карпенкам разважаў наконт адзінага дня галасавання ў 2024 годзе, фарміравання УНС і прэзідэнцкай кампаніі 2025 года. Чым гэтыя электаральныя кампаніі будуць адрознівацца ад папярэдніх?
— Выбары ўпершыню пройдуць па новай схеме. Напярэдадні адзінага дня галасавання ідзе кампанія па перарэгістрацыі палітычных партый, і не факт, што хтосьці з апазіцыйных яе перажыве. Застануцца толькі праўладныя.
Калі браць фармальныя крытэры, то апазіцыйнай партыяй будзе лічыцца любая непраўладная. Не факт, што тыя, якія засталіся, створаць кааліцыю, хутчэй за ўсё атрымаецца наступная канфігурацыя: «Белая Русь» плюс апазіцыйныя ёй Камуністычная і Ліберальна-дэмакратычная партыя, якія ўжо прайшлі перарэгістрацыю.
КПБ і ЛДП будуць лічыцца апазіцыйнымі проста таму, што ім не дастанецца ўлады. Але галасаваць яны стануць сапраўды гэтак жа, як і кіруючая партыя. Калі, вядома, такая мадэль стане асноўнай.
Але тут пакуль усё фармальнасці, якія не надта звязаны з рэальным жыццём. Істотна іншае: гэта першая выбарчая кампанія ў Беларусі, якая пройдзе пры вельмі высокім узроўні рэпрэсій, ім ужо некалькі гадоў і яны ўсё роўна не спыняюцца. А блакіраванне любых аўтаномных дзеянняў знізу робіць вельмі высокай рызыку ўдзелу ў выбарчай кампаніі як з пункту гледжання вылучэння, так і падтрымкі кандыдатаў і вядзення назірання на выбарах. Не магу сказаць, што падобных спроб ніхто не распачне, яны будуць — дакладна ведаю. Але наколькі такія спробы здзяйсняльныя, цяпер сказаць складана.
З пункту гледжання канфігурацыі магчымых удзельнікаў выбарчай кампаніі тыя, каго мы цяпер лічым лідарамі адзіных дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай, верагодна, будуць байкатаваць выбары, а частка апазіцыі, якая не ўбудавана ў каманду Ціханоўскай і крытыкуе яе, будзе альбо ўдзельнічаць асабіста, альбо ініцыююць вылучэнне кагосьці са сваіх прыхільнікаў. Але ці можна ў такой сітуацыі арганізаваць хаця б мінімальнае назіранне за выбарамі? Я не ведаю.
— Лукашэнка ўпэўнена абвясціў, што блізу 80% беларусаў «адназначна» падтрымліваюць цяперашні палітычны курс, а за 20% тых, хто вагаецца, і праціўнікаў рэжыму «мы яшчэ змагаемся». Адкуль узяліся гэтыя лічбы, які пасыл грамадству змяшчаецца ў іх?
— Тут можна толькі варажыць: дастаткова доўга не праводзяцца электаральныя сацыялагічныя апытанні, не задаюцца пытанні: «Калі абвесцяць прэзідэнцкія выбары, то прагаласавалі б вы за Лукашэнку?». Цяпер самае блізкае да гэтага пытанне: каму з гэтых палітыкаў вы давяраеце. Дык вось, узровень даверу да «першага» і іншых прадстаўнікоў кіруючага рэжыму не перавышае цяпер 30-40% — у залежнасці ад фармулёўкі пытання, ад перыяду, калі яно задаецца. Ёсць некаторая тэндэнцыя росту даверу да дзяржаўных інстытутаў і дзяржСМІ, але да 80% ён відавочна не даходзіць.
Калі б мы на хвілінку перанесліся ў Турцыю, дзе перад прэзідэнцкімі выбарамі былі рэпрэсіі і абмежаваныя магчымасці агітацыі за альтэрнатыўнага кандыдата, але пры гэтым захавана канкурэнтнасць на выбарах і захаваны сумленны падлік галасоў, то ў гэтай сітуацыі наш Эрдаган у выніку не перамог бы.
Ёсць сацыяльна ўхвалены адказ на пытанне: ці рухаецца Беларусь у правільным кірунку? Вось ён набліжаецца да 80 адсоткаў у некаторых сацыёлагаў. Але адказ на яго складаецца з наступных параметраў: Беларусь не ўдзельнічае ў вайне, заробкі плацяцца, пенсіі плацяцца і страшна крытыкаваць улады. Гэта значыць, рух Беларусі ў правільным кірунку — дакладна не пра давер Лукашэнку і тым больш не пра намер галасаваць за яго на выбарах.
— Спроба намаляваць узятыя са столі 80% падтрымкі выбаршчыкаў абярнулася выбухам 2020 года…
— Не зусім згодны. Мне здаецца, у 2020 годзе спрацаваў комплекс фактараў. Паўстала адчуванне, што магчымы перамены, што Расія не супраць змяніць Лукашэнку на кагосьці іншага. Акрамя таго, упершыню ў кампаніі ўдзельнічалі тыя, каго можна назваць моцнымі фігурамі: Віктар Бабарыка, збольшага — Цапкала. Людзі ведалі, як прагаласавалі, а абвясцілі іншы вынік – гэта выклікала пратэсты. Але, лічу, апошняй кропляй стала беспрэцэдэнтнае прымяненне сілы. Менавіта гэта выклікала выбух.
— Старшыня БСДГ Сяргей Чэрачэнь гатовы ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. І зноў перад дэмакратычнымі сіламі паўстае традыцыйнае пытанне: ісці ці не ісці? Ці трэба ўдзельнічаць у «выбарах», калі палітычныя партыі ліквідуюцца, а краіна ўжо тры гады існуе ў рэжыме «часам не да законаў»?
— Як я ўжо сказаў, гэта стане асаблівасцю выбарчай кампаніі, у якой сістэмныя гульцы ад дэмакратычных сіл, хутчэй за ўсё, выберуць варыянт байкоту. А менш сістэмныя могуць паспрабаваць знайсці рашэнне для сябе, каб нават не перамагчы, а ўключыцца ў дыялог з выбаршчыкам, у якога павінна быць магчымасць нейкім чынам сябе рэалізаваць.
Але хутчэй за ўсё ўлады не дадуць магчымасці для дыялогу, і вядзенне назірання на гэтых выбарах будзе альбо вельмі цяжкім, альбо немагчымым. Усё разам прывядзе да таго, што такога кшталту ўдзел у кампаніі не будзе значным. Роўна як неэфектыўным атэстуюць і байкот. Гэта значыць, што апазіцыя не зможа выкарыстаць гэтыя выбары ні з адной, ні з другой мэтай.
Байкот павінна падтрымаць большасць грамадства, а яно цяпер дэмабілізавана і не гатова падтрымліваць ні крытыку кіруючага рэжыму, ні ўласна кіруючы рэжым.
— Сам Лукашэнка пойдзе на прэзідэнцкую кампанію?
— Да яе спачатку трэба дажыць. Спачатку пройдуць мясцовыя і парламенцкія выбары, прэзідэнцкія толькі праз год. Як складзецца кан'юнктура да 2025 года, я не гатовы казаць, таму што занадта многае мяняецца прама цяпер: у Беларусі з'яўляецца расійская ядзерная зброя…
Калі паглядзець рэзкае змяненне ацэнак заходніх аналітыкаў, што ўяўляе сабой Беларусь пасля з'яўлення ядзернай зброі, то яны не выкарыстоўваюць тэрмін «акупацыя», як Павел Латушка, але кажуць пра тое, што Беларусь аказваецца ў васальнай залежнасці ад Расіі, губляе суверэнітэт. Гэта сітуацыя, калі многія замежныя сябры дэмакратыі ў Беларусі гатовы паставіць на нашай краіне крыж.
Сітуацыя развіваецца непрадказальна па многіх напрамках, і я дапускаю, што магчымая сітуацыя, калі ў 2025 годзе для Лукашэнкі будзе немэтазгодна ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі.
— Беларускі рэжым паспрабуе ў выніку кампаній 2024-2025 гадоў «удасканаліць» піраміду ўлады. Што павінна атрымацца ў выніку?
— Ёсць тэарэтычныя і ёсць практычныя рамкі, з якімі яны працуюць. Тэарэтычныя вельмі эклектычныя і супярэчлівыя.
З'яўленне Усебеларускага народнага сходу — ускладненне сістэмы, неабходнасць якой невідавочная. Але пры гэтым УНС аддаецца частка паўнамоцтваў, напрыклад, прызнаваць выбары ці яшчэ нешта, якія па вялікім рахунку і не з'яўляюцца паўнамоцтвамі. І без пятага кола ў возе абыходзіліся раней. Акрамя ўсяго іншага, прызнанне або непрызнанне выбараў у Беларусі асабліва не ўплывае на рэпутацыю краіны, таму што ў міжнародным парадку дня няма пытання аб прызнанні або непрызнанні выбараў у Беларусі.
Адносна ўскладнення бюракратычнай сістэмы для прыняцця рашэнняў: большасць іх з пункту гледжання аператыўнага кіравання знаходзіцца на іншых узроўнях і ніяк не залежыць ні ад дэпутатаў мясцовых саветаў, ні ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ні тым больш ад Усебеларускага народнага сходу. Хутчэй за ўсё, гэта будзе важна для прапаганды, але не вельмі для жыцця.
Іншая сітуацыя: многія прыхільнікі інстытуалізацыі УНС выступалі за «калектыўнага Лукашэнку», які застанецца, калі Лукашэнкі ўжо не стане. Вось і сцелюць саломку — рыхтуюцца пазбавіцца ад свайго любімага лідара.