Сяргей Навумчык: Трагічны для нацыі вынік быў прадвызначаны менавіта ўвядзеньнем прэзыдэнцтва

Лукашэнку можна было спыніць, — Валерый Карбалевіч пералічвае моманты, калі, на ягоную думку, гэта было магчыма. Праўда, ня ўзгадвае, што адзінай палітычнай сілай, якая выступала супраць Лукашэнкі, быў Беларускі Народны Фронт. Публіцыст, палітык, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык ў сваім тэлеграм-канале адказвае палітолагу.

Фота з vgr.by

Фота з vgr.by

Валерый Карбалевіч у дадатак не згадаў, што ў кастрычніку 1993 года дэпутаты Апазыцыі БНФ патрабавалі пазбавіць Лукашэнку дэпутацтва за здраду дзяржаве, заклікі ліквідаваць Незалежнасьць і аднавіць імпэрыю. Шушкевіч тады нават не паставіў гэтую нашую прапанову на галасаваньне.

Увогуле, кажучы пра адказнасьць палітыкаў, варта называць імёны. Абраць Лукашэнку старшынём антыкарупцыйнай камісіі прапанаваў Анатоль Лябедзька, паставіў на галасаваньне гэту прапанову (у парушэньне Рэглямэнту ВС спыніўшы вылучэньне іншых кандыдатураў) сьпікер парлямэнту Станіслаў Шушкевіч. А ўзроставую плянку для кандыдата ў прэзыдэнты з 40 да 35 гадоў панізілі па настойлівых патрабаваньнях Віктара Ганчара.

Але самае галоўнае, пра што ня кажа Валер Карбалевіч, палягала ў іншым.

Большая частка насельніцтва ў 1994 годзе не ўсьведамляла каштоўнасьці Незалежнасьці і імкнулася да Расеі (прыгадаем, што ключавая спрэчка паміж Кебічам і Лукашэнкам разгарнулася вакол пытаньня, хто хутчэй увядзе расейскі рубель). Большасьць насельніцтва магло абраць толькі прарасейскага кандыдата, і ніякага іншага.

І гарантавана пазьбегнуць катастрофы можна было толькі пакінуўшы Беларусь парлямэнцкай рэспублікай, ня ўводзячы пасаду прэзыдэнта, што і прапаноўваў БНФ.

Папярэднія гады, пачынаючы з траўня 1991, калі камуністы ўпершыню ўнесьлі ў ВС пытаньне пра прэзыдэнцтва (тое была рэакцыя на «красавіцкі» страйк), нам удавалася гэты зрываць, прапанова не набірала галасоў. Нас падтрымлівалі «нейтралы», а ў тым жа траўні 91 нават фракцыя Лукашэнкі «Камуністы за дэмакратыю» (я называў яе «Ваўкі за вегетарыянства», Лукашэнка крыўдзіўся — ня ведаю, ці за ваўкоў, ці за вегетарыянства).

Два гады праект Канстытуцыі не прадугледжаваў прэзыдэнцтва наогул.

Беларусі былі патрэбныя хаця б яшчэ 5-6 гадоў парлямэнцкай дэмакратыі — так, пакуль яшчэ не дасканалай, але якая гарантавала высьпяваньне грамадзтва, умацаваньне шматпартыйнасьці, усталяваньне грамадзянскіх інстытуцыяў, нарэшце, уступленьне ў жыцьцё з правам голасу новага пакаленьня, пазбаўленага настальгіі па імпэрыі і па камуністычных часах. І што важна — пры ўсіх сваіх хібах парлямэнцкая рэспубліка выключае магчымасьць аднаасобнай дыктатуры.

Гэта разумелі бадай што ўсе дэмакратычныя сілы і таму былі супраць прэзыдэнцтва — за выключэньнем АДПБ (пазьней АГП), якая выступала за прэзыдэнцтва (а таксама за дзяржаўнае двухмоўе).

У 1993 старшыня ВС і Канстытуцыйнай камісіі Шушкевіч раптоўна зьмяніў пазыцыі і падтрымаў прэзыдэнцтва, яно было ўнесенае ў праект Асноўнага закону. Хаця нават тады не зьбірала патрэбнай колькасьці (дзьве траціны) галасоў дэпутатаў.

Аднак у пачатку 1994 да падкантрольнай Кебічу парлямэнцкай большасьці далучылася партыя «Згода» на чале з Генадзем Карпенкам. Яна мела, калі не памыляюся, паўтара дзясятка дэпутатаў — адносна няшмат, але вельмі часта лёс прынцыповых пытаньняў вырашаўся некалькімі галасамі. А здаралася, што і адным голасам (як пры наданьні 19 верасьня 1991 Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу і «Пагоні» статусу дзяржаўных сымбаляў). І, канешне, за прэзыдэнцтва былі «маладыя ваўкі», якія прасоўвалі Лукашэнку.

На прапанову Ганчара і ў парушэньне Рэглямэнту ВС было ўведзенае галасаваньне за «прэзыдэнцкія» разьдзелы Канстытуцыі пайменнымі бюлетэнямі цягам трох дзён; у Доме ўраду зьявіліся дэпутаты, якіх мы ніколі ня бачылі за ўсе папярэднія чатыры гады: некаторых вэтэранаў прывезьлі на карэтах «хуткай дапамогі».

Дэпутаты БНФ спрабавалі сарваць увядзеньне прэзыдэнцтва і заблякаваць галасаваньне, адмаўляючыся браць пайменныя бюлетэні — але нашых галасоў было ўжо недастаткова. 

Да гэтага часу ідуць спрэчкі, хто і на чыю карысьць з кандыдатаў, якія называлі сабе дэмакратычнымі (Пазьняк, Шушкевіч, Карпенка) павінен быў зьняцца. Адносна Шушкевіча магу сказаць, што падтрымка яго актывістамі БНФ была цалкам выключаная, нават калі б за гэта, стаўшы на калені, папрасілі ўсе дэпутаты Апазыцыі БНФ на чале з Пазьняком: фронтаўцы не маглі дараваць экс-старшыні ВС «пахаваньня» ў 1992 рэфэрэндуму за датэрміновыя выбары парлямэнта, за які было сабрана больш як 440 тысяч подпісаў, а таксама паступовай здачы пазыцый на карысьць прарасейскіх сілаў аж да падпісаньня 31 сьнежня 1993 дамовы аб далучэньні Беларусі да АДКБ.

Але, паўтараю, гэта ўжо нюансы на фоне галоўнага: большасьць яшчэ не асэнсавала каштоўнасьці незалежнай дзяржавы.

Ніхто акрамя выразна прарасейскага кандыдата, шанцаў ня меў, якія б камбінацыі зь іншымі кандыдатамі не рабіліся. Калі чалавека сьпіхнулі з 30-га паверха, ня мае значэньня, як ён перагрупуецца ў паветры: будзе ляцець да зямлі правым бокам, левым бокам, уверх галавой ці ўніз: вынік будзе аднолькава трагічны.

І, на маё глыбокае перакананьне, трагічны для нацыі вынік быў прадвызначаны менавіта ўвядзеньнем прэзыдэнцтва.