«Сведкі стабільнасці прывыклі да генацыду беларускага народа, а не да актаў гуманізму»
«У глабальных ініцыятывах беларускіх уладаў галоўнае што? У глабальных ініцыятывах галоўнае — ініцыятыва. І глабальнасць».
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ацаніў апошнія дзеянні беларускага рэжыму — вызваленне часткі палітвязняў і ўступленне ў ШАС.
«Як я разумею,
сёй-той на гэтым тыдні залечваў душэўныя раны, нанесеныя яго душэўнай раўнавазе
актам прымусовага гуманізму, — піша
аўтар каналу. — Ну, таму што пасля акту прымусовага гуманізму самаацэнка сама
сябе не павысіць. І рэпутацыя сярод сведак стабільнасці сама сябе таксама не
абароніць. Таму што сведкі стабільнасці заняткаў гуманізмам не ўхваляюць. Ні па
ўзаемнай згодзе бакоў, ні па прымусе. Сведкі стабільнасці прывыклі да генацыду
беларускага народа, а да актаў гуманізму не вельмі.
У тым, што ён займаўся гуманізмам, сёй-той нават не адразу прызнаўся. Спачатку распавёў пра тысячы ўяўных добраахвотнікаў, якія яму «тэлефануюць у ваенкаматы і просяць даць зброю», каб абараніць рубяжы.
Ну і беларускія генералы адразу, вядома, падмітусіліся. Да пятніцы знайшлі яму пагрозу на паўднёвых рубяжах. Ну, як падмітусіліся? Як маглі, так і падмітусіліся. Так, каб лішні раз не напружваць фантазію. Таму што фантазія ў генералаў ўсё ж такі казённая. Таму там зноў УСУ рыхтуецца наступаць акопамі, манеўраваць міннымі палямі і узрывае масты перад нападам.
І галоўнае — робяць гэта выключна па прычыне агрэсіўнай сутнасці англасаксаў, якія нагнятаюць міжнародную абстаноўку. Таму што якія ва Украіны могуць быць падставы ўмацоўваць сваю беларускую мяжу? Ну, напалі на Украіну з Беларусі адзін раз, ну абстрэльвалі ўкраінскія гарады з беларускай тэрыторыі. Масты навошта пасля гэтага ламаць?
Але сутнасць жа не ў тым, хто куды і як рыхтуе напад. Галоўнае, што цяпер ўяўным добраахвотнікам ёсць чым заняцца. Уяўныя добраахвотнікі ў нечым уяўленні могуць адбіваць уяўную пагрозу. І сведкі стабільнасці, можа, адцягнуцца на віртуальныя вайны і не будуць лішні раз успамінаць пра акт прымусовага гуманізму.
Затое пасля таго як сёй-той заняўся гуманізмам, яго прынялі ў ШАС. Як я сабе разумею, без гуманізму з уступленнем у ШАС маглі ўзнікнуць некаторыя тэхнічныя праблемы. А так уступіў.
Хтосьці, вядома, пастаянна ў што-небудзь уступае. Але ён жа не проста ўступіў. Ён жа адразу раскрыў ШАС ўсе вочы на ўсё ўладкаванне сусветнай фінансавай сістэмы. Сказаў, што краінам ШАС трэба адмовіцца ад долара. Ну, каб усіх напалохаць.
Таму што ў кагосьці з доларам сапраўды ёсць некаторыя праблемы. У кагосьці апошнім часам яго валютны баланс не складваецца. За апошнія шэсць месяцаў попыт на валюту быў вышэйшы за прапанову на 200 мільёнаў долараў. Таму камусьці з доларамі трэба што-небудзь рабіць.
А ў адзіночку нічога зрабіць не атрымліваецца, нягледзячы на ўсё сваё выбітнае геапалітычнае значэнне. А калі палохаць долар разам з Кітаем, то хто-небудзь, можа, і спалохаецца. Незразумела, праўда, навошта гэта рабіць Кітаю. Кітай за мінулы год атрымаў ад экспарту ў ЗША больш, чым 500 мільярдаў долараў. І яшчэ 500 мільярдаў еўра Кітай атрымаў ад экспарту ў Еўрасаюз.
Але хто ім лічыць? У глабальных ініцыятывах беларускіх
уладаў галоўнае што? У глабальных ініцыятывах галоўнае — ініцыятыва. І
глабальнасць. І не трэба псаваць гэтыя глабальныя ініцыятывы грубай рэальнасцю».