Геапалітычныя арэлі. Ці атрымаецца зноў?

Беларускі рэжым, падаецца, зноў спрабуе распачаць гульню ў «геапалітычныя арэлі». З аднаго боку, невядома чым, але афіцыйны Мінск усё ж раздражніў Крэмль, ды так, што зазвычай стрыманы прэс-сакратар Пуціна вымушаны быў запатрабаваць тлумачэнняў. З іншага: дасылаецца пакуль што вельмі слабы, ледзь чутны, але сігнал на «нармалізацыю» Захаду.

animals_35972_1280.png


Дзіўная рэакцыя

Масква ў інтэрв’ю Пратасевіча знайшла тое, на што не звярнулі ўвагу беларускія каментатары. Прычым, знайшла адразу пасля таго, як на Пецярбургскім бізнес-форуме Пуцін неадназначна выказваўся пра Лукашэнку. Кажучы пра прымусовую пасадку самалёта Ryanair, Пуцін заўважыў: «Нас гэта не тычыцца. Ісціна дзесьці пасярэдзіне. Усё роўна, як бы ні было, што нейкі рэжым нешта душыць, змены ў грамадстве будуць адбывацца ў сувязі з аб’ектыўнымі прычынамі».
Большасць аналітыкаў лічаць гэтыя словы «дыстанцыяваннем» Пуціна ад Лукашэнкі напярэдадні сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Але амаль адначасова са словамі Пуціна зняты з таго самага рэйса Раман Пратасевіч у нашумелым інтэрв’ю АНТ распавёў пра расійскага алігарха, «прамога канкурэнта Гуцырыева», які, нібыта, спансаваў беларускую апазіцыю. Расійскія СМІ выказалі здагадку, што гэта мог быць кіраўнік канцэрну «Уралхім» Дзмітрый Мазепін.
Мазепін публічна і радыкальна аспрэчыў словы Пратасевіча. «Я магу адказаць прама і сумленна, ні я і ні мае кампаніі ніколі не фінансавалі вышэйзгаданы тэлеграм-канал, — сказаў Мазепін журналістам. — Мне непрыемна гаварыць пра фінансаванне гэтага тэлеграм-канала, таму што гэта супярэчыць маім поглядам».
А пасля афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што альбо сам Пратасевіч, альбо афіцыйны Мінск павінны патлумачыць заяву аб фінансаванні «бізнесменам з РФ» беларускай апазіцыі.
І гэта дзіўна: падавалася б, шараговая фраза, якая ў чарговы раз павінна давесці, што беларускі пратэст выкліканы «замежнымі лялькаводамі», стала падставай для даволі моцнага адлупу з боку Крамля. Бо ў мінулым той самы Крэмль прапускаў міма вушэй нават шалёную антырасійскую рыторыку, на якой грунтавалася ўся перадвыбарчая кампанія Лукашэнкі 2020 года. Тады таксама было багата заяваў пра тое, што на Сінявокую раззявілі раты расійскія алігархі. Напрыклад, у той час яшчэ кіраўнік КДК Іван Церцель абвінавачваў «лялькаводаў з Расіі» (а менавіта — «вялікіх кіраўнікоў у “Газпроме”, а можа быць, і вышэй») у фінансаванні прэзідэнцкай кампаніі Бабарыкі. А тут адна фраза Пратасевіча — і панеслася.
Палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць важным у гэтым моманце само інтэрв’ю Пратасевіча. Па яго словах, усе эксперты сходзяцца ў тым, што заявы Пратасевіча рабіліся пад ціскам, і адказы яму дыктаваў нейкі суфлёр. «Калі сыходзіць з таго, што гэта (словы пра расійскага алігарха. — Рэд.) не проста экспромт Пратасевіча, — а такое можа быць, — то Крамлю гэты месідж беларускага боку не падабаецца. Падтэкст можа быць такі: вы там, у Крамлі, не сочыце за тым, што ў вас пад носам нейкія таўстасумы плятуць інтрыгі супраць вашага апошняга хаўрусніка. То-бок, гэта выпад не толькі на адрас Мазепіна, але і каменьчык у агарод Крамля. Менавіта гэтым можна патлумачыць даволі строгі тон Пяскова, які звычайна ў такіх выпадках фармулюе ўсё абцякальна і дыпламатычна, каб нікога не зачапіць. А тут усё ж даволі строга прагучала», — адзначае палітолаг.
Паводле Класкоўскага, рэакцыя Пяскова — сведчанне незадаволенасці Крамля, што беларускі хаўруснік, які знаходзіцца ў цяжкім стане і просіць дапамогі, разам з тым дазваляе сабе і «пакусваць».

Верагодная амністыя?

У той жа час дзіўныя рэчы расказваюць родзічы палітзняволеных. Па не пацверджаных афіцыйна звестках, у калоніі «Віцьба-3» палітвязняў прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Для гэтага, нібыта, напрыканцы траўня ў калонію прыязджаў нейкі пракурор і прасіў падпісаць прашэнне да 3 ліпеня. Большасць палітвязняў, кажуць, адмовіліся, але некаторыя пагадзіліся.
Чаму да 3 ліпеня? Зазвычай, да Дня Перамогі, альбо Дня вызвалення Беларусі ад фашыстаў (якраз 3 ліпеня) рыхтавалася амністыя. Прашэнне аб памілаванні дае, па ідэі, магчымасць не толькі быць памілаваным, але і атрымаць права на амністыю — калі не цалкам на выхад з турмы, то хаця б на частковае скасаванне тэрміну зняволення.
Праўда, сёлета амністыя, нібыта, не прадугледжвалася. Але…
І амністыя, і памілаванне, як правіла, не выключаюць пэўных умоў. Па-першае, каб падпасці пад гэтыя рэчы, трэба як мінімум прызнаць сваю віну, напісаць, што ты «раскайваешся ў здзейсненым злачынстве», мець узорныя паводзіны. Па-другое, ані памілаванне, ані амністыя судзімасці не пагашаюць. Па-трэцяе, з-за таго, што амністыя альбо памілаванне судзімасці не пагашаюць, іх можна лёгка «адкаціць назад»: то-бок, вызвалены павінен устаць на ўлік міліцыі па месцы жыхарства, не дапускаць адміністрацыйных парушэнняў, хадзіць на прафілактычныя гутаркі, і гэтак далей. Інакш — амністыя здымаецца, і ён зноў едзе за краты.
Але пасля такіх навінаў узнікае адчуванне «дэжа вю». Менавіта на падставе памілавання вызвалілі з турмаў большасць асуджаных за «Плошчу–2010»: напрыклад, Андрэя Саннікава, які напісаў прашэнне аб памілаванні. Прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў такога прашэння не пісаў — але ўсё роўна ўказам Лукашэнкі быў памілаваны. Таксама па памілаванні выйшаў і Мікалай Статкевіч — хаця толькі ў 2015-м, але па памілаванні. І менавіта непагашаная судзімасць пазбавіла Статкевіч права асабіста ўдзельнічаць у выбарах–2020 у якасці кандыдата ў прэзідэнты.
Тым не менш, нават такое «вызваленне» палітвязняў прывяло да «памякчэння» адносінаў Беларусі з ЕС, а ў 2016-м санкцыі былі знятыя амаль поўнасцю. Нягледзячы на тое, што ўмовай іх адмены было не толькі «неадкладнае і безумоўнае» вызваленне палітвязняў, а яшчэ і шэраг пунктаў — ад свабодных выбараў да свабоды СМІ.
Верагодна, укід у інфармацыйную прастору размоў пра «памілаванне» — гэта сігнал Захаду, што ўлады гатовыя да «гандлю». І, улічваючы дзіўныя словы Пратасевіча, якія выклікалі абвастрэнне з Расіяй, можа быць, да чарговага «развароту на Захад». Праўда, у мінулым прарыву міжнароднай ізаляцыі паспрыяла вайна ва Украіне і перамоўная пляцоўка па гэтым пытанні ў Мінску. Сёння такога фактару няма, а рэжым стаў больш таксічны, чым у той час.
Аляксандр Класкоўскі падкрэслівае — звесткі пра просьбы напісаць прашэнні на памілаванне пакуль не пацверджаныя. Але, калі такія факты ўсё ж мелі месца — гэта сапраўды сімптом, што беларускія ўлады шукаюць магчымасці разгрэсці тыя завалы, якія яны нарабілі ва ўнутранай і знешняй палітыцы. «Але, у адрозненне ад тых часоў, цяпер сітуацыя значна цяжэйшая для абодвух бакоў: і для беларускіх уладаў, і для Захаду. Раней не было такога, каб па выніках выбараў Брусель і Вашынгтон абвясцілі Лукашэнку нелегітымным. Беларускі бок пакуль ідзе на эскалацыю канфлікту — ад нашумелай пасадкі самалёта Ryanair да рэзкіх крокаў на польскім кірунку і высылкі латвійскага пасольства аж цалкам. Шэраг палітзняволеных з гучнымі імёнамі — Бабарыка, Ціханоўскі, Статкевіч і гэтак далей — яшчэ не асуджаныя, і цяпер не тая фаза, каб абвяшчаць амністыю. Іх жа не могуць выпусціць да выраку суда», — кажа Класкоўскі.
І яшчэ — цяпер занадта вялікі градус незадаволенасці ў грамадстве, і ўлада гэта адчувае. «Такое ўражанне, што беларуская ўлада баіцца саскочыць з гэтага шалёнага каня рэпрэсій. Можа, там і думаюць, што час спыніцца, але з іншага боку баяцца: як толькі яны спыняць рэпрэсіі, пачнуць падаваць сігналы, што хочуць пэўнай разрадкі, то гэта натхніць іх праціўнікаў. І можа пайсці новая хваля пратэстаў, такая, што яе не стрымаеш», — адзначае палітолаг.

Місія невыканальная?

Мажліва, улада зноў хацела б сесці на звыклыя «геапалітычныя арэлі»: прадаваць Захаду «дэмакратызацыю і лібералізацыю», а Расіі — «адыход ад Захаду». Лукашэнка ў аналагічных умовах неаднаразова гойдаўся на гэтых «арэлях». Ці спрацуе гэта цяпер?
Па меркаванні Класкоўскага, цяпер гэта амаль што немагчыма, хаця беларускае кіраўніцтва будзе спрабаваць гэта зрабіць. «Сапраўднай дэмакратызацыі чакаць, канешне, не выпадае, але такі выпрабаваны прыём, як торг палітвязнямі, можа зноў быць запатрабаваны. Тут варта глядзець за развіццём падзей. З аднаго боку, Захаду на такі гандаль ісці не камільфо, аднак рэжым разлічвае, што там, на Захадзе, — «гнілыя гуманісты», ім жа шкада людзей, з якіх тут здзекуюцца. На гэтых струнах Мінск паспрабуе згуляць», — лічыць Класкоўскі.