«Гэта юрыдычны прэцэдэнт»: упершыню закон могуць прыняць па-беларуску
Алена Анісім паведаміла, што праект Закону аб нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны на беларускай мове — гэта першы закон па-беларуску за доўгі час.
Пра гэта дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім паведаміла сёння, 8 верасня.
Цяпер законапраект рыхтуецца да другога чытання і, як мяркуецца, будзе прыняты на восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў.
«Сваю задачу бачу ў тым, каб пераканаць дэпутатаў, Савет міністраў, Цэнтр заканатворчасці прыняць гэты дакумент адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах. Гэты закон будзе першай ластаўкай, бо адсутнасць усіх законаў на беларускай мове — ёсць прамое парушэнне Канстытуцыі і немагчымасць грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку на падставе юрыдычна правамоцных законаў», — кажа Алена Анісім.
Па ейных словах, паколькі законаў на беларускай мове няма, пераклады іх не маюць юрыдычнай сілы:
«Наш першы крок — дамагчыся таго, каб законы прымаліся на дзяржаўнай беларускай мове і мелі юрыдычную моц».
Дэпутатка патлумачыла, што гаворка вядзецца пра базавы закон, які рэгулюе «ўсё заканадаўства, усе прававыя акты». Пасля прыняцця Закону аб нарматыўна-прававых актах можна будзе казаць, што механізм прыняцця законаў на дзвюх мовах гатовы да запуску.
«Наш падыход такі: мы не кажам, што ўсё заканадаўства трэба за адну ноч перакласці. Але тыя законы, якія рыхтуюцца да другога чытання, павінны быць адразу падрыхтаваныя і па-беларуску і, адпаведна, уносіцца на разгляд адразу на дзвюх мовах, — кажа Алена Анісім. — Ніякай вынаходкі тут няма, так працуюць усе краіны. Наша задача — вярнуць нашу краіну ў прававое поле ў справе прыняцця законаў».
Трусаў: «Гэта юрыдычны прэцэдэнт»
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў заўважыў,
што сам факт прыняцця закону на беларускай мове — гэта юрыдычны прэцэдэнт.
Паводле Трусава, ёсць дамоўленасць з Міністэрствам адукацыі, што Кодэкс аб
адукацыі будзе рыхтавацца адразу на дзвюх мовах.