З’явіўся сервіс бясплатнага перакладу на беларускую мову для бізнэсу

Грамадскі рух «Дзея» запусціў сервіс бясплатнага перакладу на беларускую мову для прадстаўнікоў айчыннага і замежнага бізнэсу. На сайце nabyvaj.by дзелавыя людзі могуць пакідаць свае заяўкі з матэрыяламі, якія неабходна перакласці на беларускую мову.

bel_mova_3.jpg

Акрамя гэтага, на сайце можна азнаёміцца з прыкладамі таго, як вытворцы тавараў і пастаўшчыкі паслуг ужо выкарыстоўваюць беларускую мову для прасоўвання сваёй прадукцыі. У гэтым спісе, у прыватнасці, Жабінкаўскі цукровы завод, Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат, кампанія «Вінакурня Нарач» ды іншыя.
Задума аказваць бізнэсу бясплатныя паслугі па перакладзе матэрыялаў на беларускую мову ўзнікла разам з ідэяй перакладаць на мову тытульнай нацыі заканадаўства. Пра гэта 8 верасня паведаміў журналістам лідар руху «Дзея» Алесь Лагвінец. Паводле яго словаў, ужо сёння ёсць добрыя прыклады выкарыстання беларускай мовы на спажывецкім рынку.
Ён паведаміў, што рух плануе рассылаць айчынным і замежным кампаніям персанальныя лісты з прапановай скарыстацца гэтай бясплатнай паслугай. Лісты будуць падпісаныя партнёрамі праекту — Асацыяцыяй еўрапейскага бізнэсу, Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва, грамадскім аб’яднаннем «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», Беларускім таварыствам абароны правоў спажыўцоў.
Паводле euroradio.fm