Рост у два разы. У Магілёве яшчэ адна першакласніца пачала вучыцца па-беларуску
У беларускамоўным першым класе магілёўскай школы №1 папаўненне. Да першакласніка Валянціна Асіпчыка далучылася Дар’я Койда.
![Дар’я Койда — вучаніца беларускага класа Дар’я Койда — вучаніца беларускага класа](/img/v1/images/7cc99bb7_20fb_4021_af8b_00e8df314b51_cx0_cy9_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дар’я Койда — вучаніца беларускага класа
Цяпер Валянцін не будзе вучыцца адзін, як Ялінка Салаўёва з 8 класа ў той жа першай школе Магілёва. Усяго ў Магілёве цяпер па-беларуску вучацца шасцёра школьнікаў.
Спачатку бацькі Дар’ю Койду аддалі ў клас з рускай мовай навучання, а праз чатыры дні вырашылі, што дачцэ лепей вучыцца па-беларуску. Валянцін і Дар’я сваёй невялікай кампаніяй задаволеныя і не адчуваюць дыскамфорту.
Мы хочам для дзіцяці найлепшага. Няхай вучыцца па-беларуску
Маці першакласніцы Марына кажа, што на рашэнне аддаць дачку вучыцца па-беларуску паўплываў аўтарытэт настаўніцы Наталлі Аржанавай, у якой Дар’я рыхтавалася да вучобы.
«Над пытаннем, ці пераводзіцца, асабліва не разважалі, калі даведаліся, хто ўзяў беларускі клас, — казала яна. — Вырашылі, няхай дачка вучыцца на роднай мове, і мы з ёю таксама будзем вучыць нашу мову. На наш сорам, мы яе разумеем, але гаварыць не можам».
![Дар’я з мамай Марынай Дар’я з мамай Марынай](/img/v1/images/1f1603f1_a3d0_4189_9f18_f48070902864_w650_r0_s__1_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дар’я з мамай Марынай
Марына спадзяецца, што вучняў у беларускім класе стане болей. Ёсць бацькі, запэўнівала яна, гатовыя аддаць сваіх дзяцей вучыцца па-беларуску, але яны пакуль у роздумах.
«Вядома ж, у клас не прыйдзе 25 чалавек, але спадзеў на тое, што набярэцца да дзесяці вучняў, ёсць, — кажа Марына Аляксандраўна. — Тое, што дачка вучыцца ў малакамплектным класе, мяне не бянтэжыць. Гэта, наадварот, вялікі плюс. Будзе індывідуальнае навучанне, і дачка лепей засвоіць урокі. У класе з дваццаццю пяццю вучнямі ўвагі на кожнага па паўтары хвіліны, а ў дзяцей жа свае здольнасці да навучання, таму індывідуальны падыход паспрыяе паспяховасці. Бацькі жадаюць сваім дзецям найлепшага, і мы лічым, што беларускае навучанне будзе развіваць Дар’ю».
Дачцэ не пагражае ізаляцыя
Маці перакананая, што вучоба ў класе з малой колькасцю вучняў не будзе пагражаць дачцэ сацыяльнай ізаляцыяй, што турбуе шмат якіх бацькоў, што апынуліся перад выбарам, ці аддаваць дзяцей у такія класы.
«Днямі бабуля ў Дар’і выпытвала, ці добра ёй у малым класе. На гэта дачка адказала, што з ёй вучыцца адзін хлопчык і больш ёй нікога не трэба», — прыгадала Марына Аляксандраўна і запэўніла, што стасункаў з іншымі дзецьмі ў Дар’і хапае.
«У „прадлёнцы“ і на перапынках яна сябруе з іншымі дзяўчаткамі, і праблемаў няма. Дарʼя — таварыскае дзіця. Што да ўрокаў, дык яны ж не гульня. На іх трэба вучыцца. Таму мяне не турбуе пытанне, што дачка праз вучобу ў малакамплектным класе будзе ізаляваная ад свайго сацыяльнага асяроддзя».
![Дзядуля Аляксандр з Дар’яй і яе братам Дзядуля Аляксандр з Дар’яй і яе братам](/img/v1/images/1be3cbde_a8f1_4264_a0ce_4edf83853b88_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзядуля Аляксандр з Дар’яй і яе братам
У беларускім класе здаровая канкурэнцыя
Пра тое, што беларускі клас папоўніўся дзяўчынкай, бацькі Валянціна Асіпчыка, які вучыцца па-беларуску пайшоў з першага верасня, даведаліся ад сына.
«Гэтая навіна Валянціна ўзрадавала. Хоць мы лічым, што ён даволі самастойны для свайго веку і адзінота ў класе яго не турбавала. Аднак для навучальнага працэсу наяўнасць маленькага калектыву добра. Настаўніца Наталля Аляксандраўна лічыць, што яшчэ лепей было б, каб вучняў стала чацвёра. Мы ж ёй жартам кажам:
„Глядзіце, каб не набралася дваццаць чатыры“. Жарты жартамі, але ўжо пачалі цікавіцца клясам», — адзначыў тата Валянціна Ігар Георгіевіч.
![Настаўніца Дар’і Наталля Аржанава і аднакласнік Валянцін Асіпчык Настаўніца Дар’і Наталля Аржанава і аднакласнік Валянцін Асіпчык](/img/v1/images/59550d15_2523_4136_97e8_5777cfe9f06e_w650_r0_s__1_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Настаўніца Дар’і Наталля Аржанава і аднакласнік Валянцін Асіпчык
Па-беларуску ў Магілёве, акрамя
першакласнікаў Валянціна Асіпчыка ды Дар’і Койды, вучацца ў 8-й класе школы № 1
Яліна Салаўёва, у другім класе школы № 34 Таццяна Турандзіна, Эвэліна
Самойленка ды Улада Грыцанава.
Для ТБМ з’яўленне беларускага класа стала неспадзяванкай
Тым часам для актывістаў мясцовай суполкі ТБМ, якія займаюцца пошукам ахвотнікаў вучыцца па-беларуску, з’яўленне сёлета беларускага класа стала нечаканасцю.
«Наўрад ці ў з’яўленні беларускага класа ёсць наша заслуга, — пракаментаваў сітуацыю кіраўнік суполкі Алег Дзьячкоў. — Гэта прыемная неспадзяванка. Зразумела, пасябруем з бацькамі дзяцей гэтага класа і будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб у ёй стала больш вучняў».
![Сем гадоў адвучылася ў 1-й школе па-беларуску Ялінка Салаўёва Сем гадоў адвучылася ў 1-й школе па-беларуску Ялінка Салаўёва](/img/v1/images/60fdb695_fc09_40b5_97d5_811982d6547e_w650_r0_s__1_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сем гадоў адвучылася ў 1-й школе па-беларуску Ялінка Салаўёва
ТБМаўцы неўзабаве збіраюцца выступіць
перад бацькамі вучняў другіх класаў 34-й школы, у якой па-беларуску вучацца тры
дзяўчынкі. Актывісты спадзяюцца, што некаторыя бацькі ўсё ж наважацца перавесці
сваіх дзяцей з рускамоўных класаў у беларускі.
Чыноўнікі запэўнівалі: сёлета беларускага класу не будзе
Паводле чыноўнікаў, стварэнне новых класаў з беларускай мовай навучання ў Магілёве маруднае, бо бацькі не хочуць аддаваць дзяцей вучыцца па-беларуску. Рупліўцы ж беларушчыны трымаюцца пазіцыі, што чыноўнікі і адміністрацыі школаў не ўдзяляюць належнай увагі развіццю ў горадзе беларускага школьніцтва.
![Другі беларускі клас 34-й школы: (злева направа) Эвеліна Самойленка, Таццяна Турандзіна, Улада Грыцанава з настаўніцай Лідзіяй Ціханоўскай Другі беларускі клас 34-й школы: (злева направа) Эвеліна Самойленка, Таццяна Турандзіна, Улада Грыцанава з настаўніцай Лідзіяй Ціханоўскай](/img/v1/images/78be431f_6062_4bff_92f3_ecd868e68342_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Другі беларускі клас 34-й школы: (злева направа) Эвеліна Самойленка, Таццяна Турандзіна, Улада Грыцанава з настаўніцай Лідзіяй Ціханоўскай
На адной з апошніх дыскусіяў на тэму
беларускамоўнага навучання прагучалі запэўніванні, што да наступнага навучальнага
году на базе 45-й школы будзе сфармаваны паўнавартасны клас з беларускай мовай
навучання.