
Пасля «эканаміста, банкіра, рыначніка» Сяргея Румаса ўрад узначаліў старшыня (ужо былы) Дзяржкамваенпраму Беларусі Раман Галоўчанка. У прынцыпе, такое прызначэнне апраўданае. Усё роўна беларускі ўрад нічога не вырашае, і, паводле трапнага выказвання палітолага Аляксандра Класкоўскага, на яго чале «хоць Бальцаровіча ў квадраце пастаў — ён вышэй за пояс не скокне». Эканоміка ў нас кіраваная ў «ручным рэжыме», а ля стырна — самі-ведаеце-хто.
Раней Раман Галоўчанка працаваў у Савеце бяспекі, пракуратуры і нават паспеў пабыць паслом у Арабскіх Эміратах. Прызначэнне прэм’ерам чалавека ваеннага выглядае нават у нечым лагічна: ён умее выконваць загады і па яго працоўнай біяграфіі бачна, што працуе там, куды накіруюць. А значыць, на пасадзе прэм’ера будзе выконваць загады. Скажа яму Лукашэнка сеяць — будзе сеяць, скажа саджаць — будзе саджаць. Больш ад яго, у прынцыпе, нічога і не патрабуецца.
Тым больш, што яго намеснікам прызначаны Мікалай Снапкоў, былы міністр эканомікі ў 2009-2014 гадах. Памятаеце крызісы 2009, 2011 і 2014 гадоў? Усе яны здарыліся пры Снапкове.
Былы першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой сыходзіць на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, на тое месца, адкуль, уласна, і з’явіўся Снапкоў.
Кіраўніком Дзяржкантролю Беларусі прызначаны «ляснік», экс-кіраўнік Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Юрый Церцель. То-бок, раней ён пільнаваў жывёлаў, а цяпер будзе — людзей. Ці то для Лукашэнкі наш народ больш не «народзец», а наўпрост дзікія жывёлы, ці то ён лічыць, што беларусы — усе партызаны, а партызанам якраз патрэбны лясны кантроль.
Юрый Селіверстаў з намесніка міністра фінансаў стаў міністрам. На міністра прамысловасці прыйшоў экс-гендырэктар БелАЗу Пётр Пархомчык. Што цікава, зрэшты, як і фінансавыя паказчыкі БелАЗу за мінулы год. Выручка кампаніі скарацілася на 22,6%, прыбытак ад рэалізацыі — на 25,2%, чысты прыбытак — на 19,1%. За 2019 год у БелАЗа рэзка вырасла доўгатэрміновая дэбіторка — з 61 да 141,4 мільёна рублёў, запасы гатовай прадукцыі — з 196,3 да 319,9 мільёна рублёў, даўгі па кароткатэрміновых крэдытах і пазыках — з 374,4 да 780,3 мільёна рублёў.
А гендырэктара за такое кіраванне — на міністра! Падаецца, проста «харошага чалавека» вызвалілі ад адказнасці.
Міністрам інфармацыі стаў Ігар Слуцкі, экс-гендырэктар тэлеканала «СТВ». У прынцыпе, слушна: тэлебачанне ўжо амаль ніхто не глядзіць, асабліва беларускае.
Андрэй Хмель стаў міністрам ЖКГ, Дзмітрый Матусевіч цяпер — кіраўнік Дзяржкамітэта па маёмасці, Дзмітрый Пантус — старшыня Дзяржкамваенпрама. Наўрад ці гэтыя імёны нешта камусьці скажуць, і ўвогуле, заcтануцца ў памяці.
Карацей, новапрызначаныя людзі ва ўрадзе — асобы, пра якіх мала хто нешта ведае, якія не былі на слыху, і якія нічым, падаецца, у мінулым не адзначыліся. Фактычна гэта азначае, што ўсіх больш-менш заўважных і адметных Лукашэнка ўжо перабраў. І ў яго проста няма каго прызначаць на адказныя пасады. Як кажуць пра такую сітуацыю — «кароткая лава запасных».
Дык, падаецца, гэтых «запасных» не засталося ўвогуле. Ніхто з дзейсным кіраўніком працаваць не жадае.
Ці, можа, урад канчаткова ператварыўся ў тое самае, чым яшчэ раней стала верхняя палата беларускага парламента — Савет Рэспублікі. Урад нічога не вырашае, ні на што не ўплывае і нічым не займаецца. Дык чаму б і яго не зрабіць сінекурай для рознага кшталту пенсіянераў — калі не па ўзросце, дык маральна? Усё роўна ж (у трэці раз паўтаруся) усе рашэнні ў краіне прымае адзін чалавек.
А Румас… Румас падаўся ў бізнес. Далей ад улады.