Ігар Ільяш: Стаўленне Захаду да дыктатуры ў Беларусі можа пачаць змяняцца якасна
Спецаперацыя па захопе Рамана Пратасевіча — гэта, безумоўна, знакавая падзея, якая будзе мець доўгатэрміновыя наступствы для рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне, мяркуе журналіст Ігар Ільяш.
Палітыкі і дыпламаты Еўрасаюза фактычна ў адзін голас называюць тое, што адбылося, актам дзяржаўнага тэрарызму. У Вялікабрытаніі кажуць аб нападзе на дэмакратыю і свабоду ва ўсім свеце. Генеральны сакратар НАТА заяўляе аб неабходнасці міжнароднага расследавання інцыдэнту. Шчыра кажучы, я не ўзгадаю, каб Захад калі-небудзь выкарыстаў у дачыненні да афіцыйнага Мінска гэткую жорсткую рыторыку.
Зразумела, сённяшнія падзеі падштурхнуць ЕС да прыняцця больш радыкальнай версіі чацвёртага санкцыйнага пакета. Аднак у цяперашняй сітуацыі гэта зусім не галоўнае. Значна важней, што стаўленне Захаду да дыктатуры ў Беларусі можа пачаць змяняцца якасна. Раней Лукашэнка быў для Захаду праблемай выключна этычнай. Так, нядобра, калі на еўрапейскім кантыненце ёсць палітвязні, калі парушаюцца правы чалавека і фальсіфікуюцца выбары. Так, гэта супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям, але наўпрост інтарэсы еўрапейскіх грамадзян не закранае. Цяпер жа Лукашэнка пераходзіць у разрад праблем бяспекі. А гэта ўжо зусім іншы ўзровень прыярытэтнасці.
Пры гэтым трэба разумець, што акцыя супраць самалёта «Ryanair» — гэта не выпадковасць і не імправізацыя спецслужб. Гэта частка агульнай стратэгіі тэрору, на якую зрабіў стаўку Лукашэнка. Успомнім заяву кіраўніка КДБ Івана Церцеля, які абяцаў пераследаваць «здраднікаў», дзе б яны ні знаходзіліся. Успомнім абяцанні намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова «знайсці і зачысціць» іншадумцаў. Церцель пры гэтым прыводзіў у прыклад дзеянні сваіх «папярэднікаў» (г. зн. замежныя аперацыі ОГПУ-НКВД-МГБ), Карпянкоў — дзеянні амерыканскіх спецслужб у дачыненні да «Аль-Каіды». Калі Захад да гэтага часу не зразумеў гэтую дэкларацыю аб намерах, то вось ім першы сур'ёзны званочак. Беспрэцэдэнтнаму тэрору, які захліснуў краіну ў апошнія 9 месяцаў, ужо стала цесна ў межах Беларусі.
Усё гэта — цудоўны доказ той вялікай ісціны, што ва ўмовах беспакаранасці гвалт толькі расце і шырыцца, пераходзячы любыя мажлівыя рамкі. Калі адказ на цяперашні інцыдэнт акажацца недастаткова пераканаўчым, то далей Захаду трэба будзе рыхтавацца да забойстваў і выкраданняў апанентаў дыктатуры на вуліцах еўрапейскіх гарадоў. Тым больш, што прадстаўнікі рэжыму пра гэта кажуць фактычна адкрытым тэкстам. Мяркуючы па рэакцыі заходніх палітыкаў у першыя гадзіны гэтага скандалу, падобную заканамернасць яны ўсё-ткі пачынаюць улоўліваць.
І апошняе. Дзеянні рэжыму ў апошні час — гэта поўнае вар'яцтва. Прычым вар'яцтва нават не з пункту гледжання цывілізаванай дэмакратычнай дзяржавы (пра гэта ўжо даўно гаворкі няма), а з пункту гледжання інтарэсаў самой дыктатуры. Так, разгром TUT.by ці захоп Пратасевіча былі лагічным працягам курсу на неабмежаваны тэрор і застрашванне грамадства. Але правядзенне падобных аперацый менавіта цяпер, напярэдадні разгляду пытання аб чацвёртым пакеце санкцый, не было ніяк абгрунтавана. Калі б Лукашэнка ўзору 2020-2021 года быў палітыкам, то ён бы паставіў на паўзу рэпрэсіі, дачакаўся прыняцця палегчанага варыянту санкцыйнага пакета, а потым працягнуў бы зачыстку, выйграўшы пры гэтым час. Але Лукашэнка сёння — гэта не палітык, а кіраўнік баявой арганізацыі. І кіруецца ён цяпер не палітычнымі меркаваннямі, а выключна меркаваннямі ваеннай мэтазгоднасці. Калі можна нанесці ўдар — ён яго наносіць. А палітычныя наступствы яго не цікавяць.